У цеснаце, ды не ў крыўдзе

30.11.2016
Забеспячэнне крокавай даступнасці дашкольных устаноў у мікрараёнах-новабудоўлях – праблема, актуальная для многіх рэгіёнаў Беларусі. У Баранавічах вядзецца сістэмная і паслядоўная работа па яе вырашэнні.

- Найбольш складаная сітуацыя назіраецца ў мікрараёне-новабудоўлі Бараўкі, - расказвае загадчыца ясляў-сада № 8 Баранавіч Наталля Аляксандраўна Бужынская. – У мікрараёне пражывае каля 14 тысяч чалавек, з якіх амаль 2,1 тысячы – дзеці дашкольнага ўзросту. Наша ўстанова адкрыта 3 гады назад і разлічана на 234 месцаў. Па шматлікіх запытах бацькоў гарвыканкам вырашыў ушчыльніць дзетсадаўскія групы, правёўшы эксперымент. У выніку аптымізацыі плошчаў на базе існуючых груп былі адкрыты яшчэ 3, якія размясціліся ў спальных памяшканнях. Цяпер гэта паўнацэнныя памяшканні для заняткаў, гульняў і харчавання. Паколькі спальня ўсё роўна выкарыстоўваецца каля 2 гадзін у дзень, такая аптымізацыя не стварыла нейкіх нязручнасцей. Колькасць месцаў ва ўстанове павялічылася да 320.

Для арганізацыі дзённага сну дзяцей устаноўлены двух’ярусныя ложкі, якія лёгка трансфармуюцца ў шафы. Такія канструкцыі былі спецыяльна выраблены на мясцовым прадпрыемстве “Мэблясэрвіс”. Перад масавай вытворчасцю ложкі-трансформеры прайшлі сертыфікацыю. У групавым і спальным памяшканнях адной групы ўстаноўлены па 10 шафаў, кожная з якіх ператвараецца на час сну ў два двух’ярусныя ложкі. Акрамя таго, для распранання дзяцей дадатковай групы перад уваходам у гульнявыя памяшканні ўстаноўлены індывідуальныя шафы.

Зразумела, што аптымізацыя плошчы патрабавала перагляду арганізацыі працы калектыву і педагагічнага працэсу. Для гэтага былі праведзены кампенсаторныя мерапрыемствы: рэканструкцыя штучнага асвятлення спальных памяшканняў, якія выкарыстоўваюцца як групавыя; закуплены дадатковы інвентар; распрацаваны аптымальны парадак дня з улікам выканання вучэбнай праграмы і патрабаванняў санітарных норм і правіл; для найменшага кантакту дзяцей з розных груп былі аб’яднаны малодшая і сярэдняя групы, паколькі іх распарадак дня адрозніваецца часам правядзення прагулак, заняткаў і сну, рэжымам харчавання; прыём ежы праводзіцца з інтэрвалам 20 хвілін, што дазваляе памочнікам выхавальнікаў прыбраць сталы і вымыць посуд; выхад на прагулку ажыццяўляецца з інтэрвалам 20 хвілін, што забяспечвае доступ дзяцей да туалета; з мэтай скарачэння часу знаходжання дзяцей у групавых памяшканнях заняткі праводзяцца ў музычнай і фізкультурнай залах, плавальным басейне, кабінетах дзіцячай творчасці, педагога-псіхолага і настаўніка-дэфектолага.

- Адкрыццё адной дадатковай групы абышлося ў 20 тысяч рублёў, - заўважае Н.А.Бужынская. – Дзякуючы ўшчыльненню, горад эканоміць 230 тысяч рублёў у год на выплату заробкаў дадатковаму абслуговаму персаналу, камунальныя і бягучыя расходы.

Вельмі важна, што ўмовамі знаходжання дзяцей у дашкольнай установе задаволены ўсе. Ад бацькоў не паступіла ніводнай скаргі. Наадварот – толькі падзякі за камфортныя ўмовы і магчымасць аддаць дзяцей ва ўстанову крокавай даступнасці ад дома. Ва ўшчыльненых групах захоўваецца добры псіхалагічны клімат. Канфліктных сітуацый няма ні сярод дзяцей, ні сярод супрацоўнікаў, ні сярод бацькоў. Захваральнасць у эксперыментальных групах не адрозніваецца ад захваральнасці ў звычайных групах. Тым не менш знаходжанне дзяцей ва ўшчыльненых групах з’яўляецца мэтазгодным на працягу аднаго навучальнага года і толькі з 1 і 2 групамі здароўя.

- Відавочна, што з улікам існуючай дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі такі спосаб вырашэння праблемы дэфіцыту месцаў у дашкольных установах – часовая мера, - гаворыць Н.А.Бужынская. – Ды і не кожны сад можа арганізаваць знаходжанне дзяцей ва ўшчыльненых групах з-за тэхнічных асаблівасцей. Таму неабходна працягваць работу па пашырэнні новых, эканамічна мэтазгодных і сацыяльна запатрабаваных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі. Дзіцячы сад павінен знаходзіцца побач з домам. Галоўнае, каб у ім было бяспечна і камфортна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.