З акцэнтам на руху

28.11.2016
- Сучасныя дзеці большую частку дня (і ў школе, і дома) праводзяць у маларухомым становішчы: за партай, каля тэлевізара, за камп’ютарам. Гэта выклікае стомленасць мышцаў розных груп. Вырашыць актуальную праблему маларухомасці школьнікаў можна праз павышэнне эфектыўнасці фізічнага выхавання на аснове прадуманага выкарыстання спартыўных і рухавых гульняў з улікам узросту вучняў, - гаворыць настаўнік фізічнай культуры Гарадзішчанскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Юрый Пятровіч Ашуркевіч.

Педагог назапасіў цікавы вопыт работы па павышэнні рухальнай актыўнасці дзяцей шляхам спартыўных і рухавых гульняў. А пачыналася ўсё з вывучэння спецыяльнай літаратуры і эфектыўнай практыкі іншых настаўнікаў, дыягностыкі стану фізічнай падрыхтоўкі вучняў. Пастаўленая мэта рэалізоўвалася на ўроках, спаборніцтвах і спартыўных святах, падчас якіх падбіралася і выкарыстоўвалася нестандартнае і дапаможнае абсталяванне, адсочваўся працэс развіцця ў дзяцей фізічных якасцей. Сабраныя даныя апрацоўваліся, аналізаваліся і апрабоўваліся ў далейшай рабоце.

Значнасць напрацовак Ю.П.Ашуркевіча заключаецца ў вылучэнні адукацыйнага патэнцыялу спартыўных і рухавых гульняў, абгрунтаванні асаблівасцей іх выкарыстання ва ўмовах сярэдняй школы, мэтазгоднасці прымянення гэтых гульняў у павышэнні якасці фізічнага выхавання дзяцей, пашырэнні дзіцячага і юнацкага рухальнага вопыту і межаў рухальнай актыўнасці. У большасці гульняў, якія настаўнік прапаноўвае вучням, праяўляюцца даволі складаныя і эмацыянальна афарбаваныя міжчалавечыя адносіны: супрацоўніцтва, узаемадапамога, вытрымка, спаборнасць, проціборства і інш.

На сваіх уроках Юрый Пятровіч звяртаецца да гульнявога (дазваляе цалкам задаволіць рухальную патрэбу) і спаборніцкага (дапамагае фарміраваць і развіваць матывацыю за заняткаў фізкультурай) метадаў навучання. Вялікай папулярнасцю ў выхаванцаў педагога карыстаюцца гульні “Чатыры агні”, “Паляўнічыя і качкі”, “Снайперы”, “Трэці лішні”, “Вуда”, “Лаўцы і бегуны” і “Трапна ў цэль”. Пазаўрочная дзейнасць уключае рэгулярныя турніры па футболе, баскетболе, валейболе і піянерболе.

Вучні Ю.П.Ашуркевіча – пастаянныя ўдзельнікі і прызёры раённых і абласных спартыўных спаборніцтваў. Ёсць сярод выхаванцаў педагога і пераможцы больш высокага ўзроўню. Так, летась Таццяна Дамашына стала чэмпіёнкай Еўропы па класічным паўэрліфтынгу.

- Здаровы лад жыцця – гэта не толькі збалансаванае харчаванне, адмаўленне ад шкодных звычак, правільны рэжым дня і адпачынку, а найперш пастаянная фізічная актыўнасць. Толькі ў руху чалавечы арганізм умацоўваецца, развіваецца і загартоўваецца, - упэўнены Юрый Пятровіч.