Разам з бацькамі, а не замест іх

11.11.2016
- Даволі часта выхаваўчы ўплыў школы і сям’і на дзіця рознанакіраваны. Гэта сацыяльна дэзадаптуе яго, абвастрае адносіны паміж бацькамі і педагогамі, прыводзіць да ўзаемнага непаразумення паміж настаўнікамі, бацькамі і дзіцем, зніжае эфектыўнасць выхаваўчага ўздзеяння ў цэлым, - гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна Святлана Мікалаеўна Брыль. – У сваёй адукацыйнай практыцы мы сутыкнуліся з шэрагам супярэчнасцей. Па-першае, у педагогаў і сям’і ёсць патрэба ў цесным узаемадзеянні, але абодва бакі праяўляюць інертнасць у яго наладжванні. Па-другое, сёння павялічваюцца патрабаванні да бацькоў па выхаванні дзяцей, але ўзровень бацькоўскай адказнасці за гэта няўхільна зніжаецца. Па-трэцяе, неабходна павышаць выхаваўчы ўплыў сям’і, але ў яе адсутнічаюць педагагічныя веды і ўменні для гэтага.

Вырашыць названыя супярэчнасці ў гімназіі пастараліся праз стварэнне адзінай сістэмы комплекснага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі і сям’і, выкарыстанне розных форм і метадаў арганізацыі сумеснай дзейнасці педагогаў, вучняў і бацькоў, накіраваных на павышэнне іх выхаваўчага патэнцыялу. Адна з асноўных мэт педкалектыву – удасканаленне сістэмы работы з бацькамі на аснове цеснага супрацоўніцтва і карпаратыўнасці ў вырашэнні агульных праблем выхавання, развіцця і станаўлення асобы дзіцяці.

- Сістэма работы ўключае вывучэнне ўмоў пражывання вучняў, стылю сямейнага выхавання і псіхалагічнага клімату, інфармаванне бацькоў пра змест адукацыйнай дзейнасці гімназіі, псіхолага-педагагічную асвету мам і татаў, прыцягненне бацькоўскай грамадскасці да кіравання ўстановай праз савет гімназіі, бацькоўскія камітэты і папячыцельскі савет, арганізацыю сумеснай культурнай дзейнасці педагогаў, вучняў і бацькоў у вольны час, - расказвае С.М.Брыль. – Асаблівая ўвага ўдзяляецца метадычнай рабоце з педагогамі па павышэнні іх псіхолага-педагагічных ведаў, прафесійных уменняў і навыкаў ва ўзаемадзеянні з сем’ямі вучняў. На гэта накіравана дзейнасць гімназічнага вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў і выхавальнікаў груп прадоўжанага дня. У практыцы аб’яднання – актыўныя формы работы: семінары-практыкумы, майстар-класы, прэзентацыі эфектыўнага педагагічнага вопыту і інш.

Работа па далучэнні бацькоў да адукацыйнага працэсу пачынаецца з псіхолага-педагагічнай дыягностыкі і вывучэння сем’яў праз іх анкетаванне і наведванне, індывідуальныя сустрэчы і гутаркі. На аснове сабраных даных аналізуюцца асаблівасці роднасных сувязей вучняў, спецыфіка сям’і і сямейнага выхавання, выпрацоўваецца тактыка зносін з бацькамі. Гэта дапамагае лепш арыентавацца ў педагагічных патрэбах кожнай сям’і, улічваць яе індывідуальныя асаблівасці і ажыццяўляць ва ўзаемадзеянні дыферэнцыраваны падыход. Трэба адзначыць, што падчас такога вывучэння аналізуюцца не толькі колькасныя (прысутнасць бацькоў на класных мерапрыемствах, наведванне бацькоўскіх сходаў, удзел у падрыхтоўцы экскурсій, паходаў, выстаў і конкурсаў), але і якасныя (ініцыятыўнасць, адказнасць, адносіны бацькоў да вынікаў сумеснай дзейнасці дзяцей і дарослых) паказчыкі.

- Важным напрамкам узаемадзеяння з’яўляецца інфармаванне бацькоў пра змест адукацыйнага працэсу ў гімназіі, - адзначае С.М.Брыль. – Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы і метады работы: бацькоўскія сходы, кансультацыі і лекторыі, дні добрых спраў і адкрытых дзвярэй, удзел бацькоў у падрыхтоўцы і правядзенні свят і сустрэч, афармленне фотавыставы “Падзеі нашага жыцця”, дзейнасць гімназічнага сайта і выпуск газеты “МиГ”. У кожнай установе адукацыі ёсць бацькоўскія куткі, але для таго, каб інфармацыя, размешчаная там, была запатрабаванай і чытэльнай, класныя кіраўнікі выкарыстоўваюць рубрыкі з практычным матэрыялам – інфармацыяй пра справы і поспехі дзяцей, парадамі бацькам, практычнымі заданнямі і віншаваннямі. Такая наглядная работа дазваляе данесці да бацькоў актуальную інфармацыю ў даступнай форме, тактоўна нагадаць пра бацькоўскія абавязкі і адказнасць.

Псіхолага-педагагічная асвета бацькоў арганізавана з улікам іх запытаў. Для падтрымкі бацькоў у выпадку выяўлення сур’ёзных псіхалагічных праблем у дзіцяці, выкліканых эмацыянальнымі перажываннямі і непрыемнымі падзеямі ў сям’і, педагог-псіхолаг праводзіць індывідуальныя і групавыя кансультацыі. Неабходная інфармацыя па пытаннях выхавання дзяцей размяшчаецца на тэматычных стэндах “Сацыяльна-псіхалагічны веснік” і “Наш абаронца: закон і права”. Наладжана дзейнасць кансультацыйнага пункта, дзе працуе пошта даверу, арганізоўваюцца сустрэчы кшталту “Псіхолаг раіць” і дні зносін. На гімназічным сайце можна знайсці інфармацыю не толькі пра адукацыйны працэс, але і пра яго нарматыўнае, кадравае і матэрыяльнае забеспячэнне. Акрамя таго, сайт дапамагае бацькам вывучыць матэрыялы па праблемах выхавання дзяцей, задаць пытанні і атрымаць прафесійныя адказы па хвалюючых тэмах.

Па словах С.М.Брыль, добра зарэкамендавала сябе такая форма работы, як псіхолага-педагагічны кансіліум, які праводзіцца ў 5 і 11 класах з абавязковым удзелам бацькоў. Гэта дазваляе забяспечыць пераемнасць пры пераходзе вучняў на ІІ ступень адукацыі і своечасовую прапедэўтыку праблем адаптацыйнага перыяду ў 5 класах, а ў 11 класах – аказаць дзейсную дапамогу бацькам і выпускнікам у прафесійным самавызначэнні і іх гатоўнасці да працягу адукацыі.

- Важную ролю адыгрываюць органы самакіравання: савет гімназіі, бацькоўскі камітэт і папячыцельскі савет, - гаворыць С.М.Брыль. – На пасяджэннях гімназічнага савета абмяркоўваюцца пытанні функцыянавання і развіцця ўстановы. Бацькоўскі камітэт з’яўляецца ініцыятарам распаўсюджвання лепшага вопыту сямейнага выхавання, дапамагае ў правядзенні фізкультурна-аздараўленчых, культурна-масавых і іншых мерапрыемстваў, арганізацыі экскурсій і паходаў па памятных мясцінах краіны. Па ініцыятыве папячыцельскага савета штогод гімназістам уручаецца прэмія імя У.І.Нядзведскага за творчыя поспехі ў паэзіі і прозе, высокія дасягненні ў алімпіядах, канферэнцыях і конкурсах. Педагогі высока ацэньваюць ролю бацькоў у рабоце органаў самакіравання і ўсяляк падтрымліваюць наладжаныя дзелавыя адносіны.

Арганізацыя сумеснай культурнай дзейнасці педагогаў, вучняў і бацькоў у вольны час з’яўляецца карыснай і запатрабаванай справай, хаця і няпростай. Падчас сумесных мерапрыемстваў мамы і таты могуць убачыць праблемы сваіх дзяцей (напрыклад, ва ўзаемаадносінах), апрабаваць розныя падыходы да зносін, набыць вопыт узаемадзеяння з іншымі бацькамі, пераасэнсаваць уласную ролю ў развіцці і станаўленні асобы дзіцяці. Традыцыйнымі сталі конкурсныя праграмы “На сямейным рынгу” і “Давайце, бабулі”, святочныя праграмы “Дарэмна спрачацца не стану, але думаю я, што лепшая мама на свеце мая” і “Заставацца душой маладым”, спартыўныя святы “Таты могуць усё”, “Супермама” і “Тата, мама, я – алімпійская сям’я”, агульнагімназічныя турыстычныя злёты, спаборніцтвы па плаванні сярод вучняў, бацькоў і педагогаў, кулінарныя конкурсы “Агародніна і фрукты на любы густ”, “Гаючы фітабар” і “Кірмаш салідарнасці” ў дапамогу дзецям-інвалідам, працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні тэрыторыі гімназіі і горада.

- Работа кожнага чалавека патрабуе абавязковай ацэнкі, - упэўнена С.М.Брыль. – Пры любым зручным выпадку мы выказваем вусную ці пісьмовую падзяку бацькам за актыўны ўдзел у справах класа і гімназіі, дасылаем падзячныя пісьмы на прадпрыемствы і ў арганізацыі, дзе працуюць мамы і таты, уручаем граматы за перамогі ў розных мерапрыемствах, дзякуем за поспехі дзяцей у алімпіядах, канферэнцыях і конкурсах. Такая ацэнка дазваляе бацькам усвядоміць уласную значнасць, каштоўнасць іх унёску ў агульную справу выхавання дзяцей, павысіць давер да асобных настаўнікаў і педкалектыву ў цэлым.

Комплекснае выкарыстанне розных форм работы ва ўзаемадзеянні з сям’ёй дае станоўчыя вынікі. Так, большасць бацькоў перасталі быць “гледачамі” і “назіральнікамі”. Сёння яны – актыўныя памочнікі педагогаў. У гімназіі пануе атмасфера ўзаемапавагі.

- Педагогі не знімаюць з сябе адказнасці за выхаванне дзяцей, але хацелася б несці гэтую адказнасць разам з бацькамі, а не замест іх, - падагульняе С.М.Брыль.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.