У цэнтры ўвагі – здароўе і бяспека дзяцей

09.11.2016
Вытворчы і дзіцячы траўматызм, арганізацыя здаровага харчавання і бяспечнай работы харчаблокаў ва ўстановах адукацыі, якасць выкладання вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” і факультатыўных заняткаў “Гадзіна здароўя і спорту”, навукова-метадычнае забеспячэнне дашкольных устаноў сучаснымі сродкамі навучання і вучэбнымі дапаможнікамі – гэтыя пытанні разглядаліся на чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Галоўны спецыяліст аддзела тэхнічнага нагляду пры абласным упраўленні адукацыі В.П.Хутко расказаў, што ва ўстановах адукацыі Брэстчыны праводзіцца работа па стварэнні бяспечных умоў працы і вучобы, прафілактыцы вытворчага і дзіцячага траўматызму. Тым не менш праверкі выяўляюць розныя недахопы ў гэтай дзейнасці. Так, адзначаюцца выпадкі, калі да работ з павышанай небяспекай дапускаюцца людзі без праверкі ведаў па пытаннях аховы працы і афармлення допуску. Па-ранейшаму работнікі не ў поўным аб’ёме забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай абароны ў адпаведнасці з зацверджанымі нормамі. Амаль паўсюль не выдаецца абутак работнікам харчаблокаў і зімовае адзенне. Сёлета ва ўстановах адукацыі вобласці здарыліся 2 няшчасныя выпадкі з работнікамі.

У дзіцячых садах і школах арганізаваны прапускны рэжым. Педагогі рэгулярна нагадваюць дзецям правілы бяспечных паводзін на вуліцы і дарозе, у грамадскім транспарце, на вадаёме, у лесе, пры маланцы, а таксама правілы пажарнай і электрабяспекі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Так, 587 устаноў адукацыі вобласці абсталяваны пляцоўкамі па практычным вывучэнні правіл дарожнага руху. Ва ўсіх школах працуюць атрады юіраўцаў. Дзеці рэгулярна сустракаюцца з супрацоўнікамі ДАІ падчас прафілактычных мерапрыемстваў. Нягледзячы на работу па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў, сёлета ў вобласці былі зарэгістраваны 42 ДТЗ з удзелам непаўналетніх.

Павышанай увагі патрабуе работа па арганізацыі бяспечных паводзін дзяцей на вадзе (сёлета патанулі 7 непаўналетніх). У рамках школьнай праграмы павялічана колькасць гадзін для навучання плаванню.

Сёлета падчас адукацыйнага працэсу адбыліся 66 няшчасных выпадкаў з дзецьмі, прычым амаль ва ўсіх раёнах вобласці. Па-ранейшаму шмат траўм рэгіструецца на перапынках і ўроках фізкультуры.

- Чаму ва ўстановах адукацыі не забяспечаны належны парадак па захаванні здароўя дзяцей? Што неабходна зрабіць, каб адчувальна палепшыць сітуацыю з траўматызмам і выкананнем правіл тэхнікі бяспекі? Рэцэпт просты: павысіць уласную адказнасць. Бо адна з галоўных прычын сумнай статыстыкі заключаецца ў аслабленым кантролі за дзецьмі з боку педагогаў, а за педагогамі – з боку кіраўнікоў, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі.

- Харчаванне ў агульнаадукацыйных установах, дзе дзеці праводзяць большую частку часу, займае важнае месца ў сістэме захавання і ўмацавання здароўя, а таксама эфектыўнасці навучання, - расказала галоўны спецыяліст аддзела тэхнічнага нагляду пры абласным упраўленні адукацыі А.А.Белаш. – 96% гарадскіх і 100% сельскіх школьнікаў ахоплены гарачым харчаваннем. У Брэсце, Брэсцкім і Бярозаўскім раёнах гэты паказчык не перавышае 88%. Рэгулярна ацэньваецца стан тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання ў харчаблоках, карэкціруюцца прыкладныя рацыёны харчавання ў адпаведнасці з вытворчымі магчымасцямі. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў. Усе ўстановы адукацыі ўкамплектаваны кухарамі. Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню ўзроўню санітарна-гігіенічнай культуры работнікаў харчаблокаў.

Фарміраванне культуры здаровага харчавання ў дзяцей – адзін з важных напрамкаў работы ўстаноў адукацыі. З гэтай мэтай праводзяцца тэматычныя класныя гадзіны, канферэнцыі, дыскусіі і дыспуты, бацькоўскія сходы з удзелам работнікаў камбінатаў школьнага харчавання. Для павелічэння ахопу харчаваннем прымяняюцца прагрэсіўныя формы абслугоўвання.

Нягледзячы на работу па арганізацыі здаровага харчавання і бяспечнага функцыянавання харчаблокаў, вынікі нядаўніх праверак дзяржсаннагляду паказалі, што вытворчы кантроль за якасцю і бяспекай прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў ва ўстановах адукацыі знаходзіцца не на належным узроўні. У 90% правераных устаноў выяўлены парушэнні патрабаванняў санітарных норм на харчаблоках. Больш за ўсё іх у Брэсце, Кобрынскім, Ляхавіцкім, Лунінецкім, Брэсцкім і Пружанскім раёнах. Менш за ўсё – у Бярозаўскім раёне.

- Патрабуецца сур’ёзная работа па паляпшэнні санітарнага і тэхнічнага стану харчаблокаў устаноў адукацыі, павышэнні кваліфікацыі і вытворчай культуры іх работнікаў. Арганізацыя бяспечнага харчавання павінна быць у цэнтры павышанай увагі кіраўнікоў, бо за гэтым стаіць здароўе дзяцей, - заўважыў Ю.М.Прасмыцкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.