Эфектыўнае бацькоўства як умова сацыяльнага дабрабыту дашкольнікаў

04.11.2016
- Праблема эфектыўнага ўзаемадзеяння педагогаў і бацькоў з’яўляецца надзвычай актуальнай, - гаворыць загадчыца ясляў-сада № 5 Пінска Жанна Георгіеўна Зялінская. – Павелічэнне колькасці няпоўных і нядобранадзейных сем’яў негатыўна ўплывае на сацыялізацыю, духоўнае і маральнае развіццё дзяцей. Таму павышаецца роля ўстаноў адукацыі ў дапамозе сем’ям па іх выхаванні. Дзіцячы сад з’яўляецца першым сацыяльным інстытутам у адкрытым партнёрскім узаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў. Даволі часта менавіта педагог становіцца для малышоў аўтарытэтным і сацыяльна значным дарослым.

Удасканаленне дашкольнай адукацыі дзеля сацыяльнага дабрабыту выхаванцаў прад’яўляе новыя патрабаванні да яе арганізацыі і кіравання. Інавацыі дазваляюць перайсці на больш якасны ўзровень пры стварэнні, асваенні, выкарыстанні і распаўсюджванні новых метадаў, тэхналогій і праграм работы з сем’ямі.

З 2013 года ў яслях-садзе рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання эфектыўнага бацькоўства як умова сацыяльнага дабрабыту выхаванцаў дашкольнай установы”. Тэма праекта адлюстроўвае сённяшнія прыярытэты развіцця адукацыйнай галіны. Сярод іх – інтэграцыя сучасных навуковых ведаў і канструктыўнага прыкладнога інавацыйнага вопыту фарміравання бацькоўства, стварэнне больш эфектыўнай сістэмы мэтанакіраванай падтрымкі сем’яў.

- Мэта праекта – укараненне мадэлі фарміравання эфектыўнага бацькоўства шляхам партнёрскага ўзаемадзеяння дашкольнай установы з сем’ямі, накіраванай на прафілактыку сацыяльнай нядобранадзейнасці выхаванцаў, - расказвае Ж.Г.Зялінская. – Выхаванцамі ясляў-сада з’яўляюцца як дзеці з добранадзейных сем’яў, так і з сем’яў, якія адчуваюць пэўныя праблемы, у тым ліку даволі сур’ёзныя. Паколькі сямейная нядобранадзейнасць уяўляе небяспеку для жыцця і здароўя дзяцей, асаблівая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню педагогаў з праблемнымі сем’ямі. Важную ролю ў паспяховай рэалізацыі ўзаемадзеяння ў сістэме “педагог – бацькі – дзіця” адыгрываюць аптымальныя ўмовы, створаныя для ўдалай сацыялізацыі выхаванцаў з розных сем’яў: няпоўных, мнагадзетных, маладых, нядобранадзейных і інш.

Айчыннае заканадаўства прадугледжвае адказнасць бацькоў за выхаванне непаўналетніх дзяцей. Не сакрэт, што многія мамы і таты імкнуцца перакласці свае абавязкі на ўстановы адукацыі. Таму важна дапамагчы бацькам усвядоміць уласную ролю ў фарміраванні асобы дзіцяці і адказнасць за асабістыя памылкі і пралікі ў выхаванні.

- Рэалізацыя праекта прадугледжвае паэтапнае фарміраванне ўсіх структурных кампанентаў бацькоўскай пазіцыі ў сем’ях выхаванцаў – ад усвядомленай да адказнай і эфектыўнай, - адзначае Ж.Г.Зялінская. – Спачатку бацькі павінны дакладна ўсвядоміць сваю сацыяльную ролю. Усвядомленае бацькоўства фарміруецца падчас псіхолага-педагагічнага суправаджэння і дзіцяча-бацькоўскага ўзаемадзеяння сем’яў выхаванцаў у дашкольнай установе. Развіццё бацькоўскай адказнасці за выхаванне дзяцей прадугледжвае высокую ступень даверу ў адносінах з імі. Эфектыўнае бацькоўства ўключае шэраг псіхалагічных фактараў: сацыяльную паспяховасць бацькоў, асобасную сталасць, бацькоўскі вопыт, стыль сямейных узаемаадносін, бацькоўскую любоў.

Важным складнікам у рэалізацыі праекта з’яўляецца развіццё прафесійнай кампетэнцыі педагогаў праз павышэнне іх матывацыі да самаразвіцця і інавацыйнага, творчага пошуку, сістэму бесперапыннай адукацыі і самаадукацыі (павышэнне кваліфікацыі, семінары, метадычныя аб’яднанні, дэкады педагагічнага майстэрства), індывідуальныя формы і метады работы (у залежнасці ад узроўню прафесійнага майстэрства педагогаў), актыўныя метады навучання выхавальнікаў і арганізацыю іх пошукава-даследчай дзейнасці.

Па словах Ж.Г.Зялінскай, адной з эфектыўных форм метадычнай работы з’яўляецца пастаянна дзеючы семінар “Партнёрскія адносіны з сям’ёй як фактар фарміравання эфектыўнага бацькоўства”. Акрамя таго, шырока практыкуюцца розныя формы індывідуальнай і калектыўнай работы з кадрамі: кансультацыі для аператыўнага абмену інфармацыяй, па пытаннях прафілактыкі сацыяльнай нядобранадзейнасці і павышэння выхаваўчага патэнцыялу сем’яў; трэнінгі прафесійнага росту; навучальныя семінары і практыкумы па асваенні камунікацыйных метадаў, адпрацоўцы навыкаў унутрыкаманднага ўзаемадзеяння, фарміравання і развіцця даследчых кампетэнцый, псіхалагічнай культуры і прафілактыкі эмацыянальнага выгарання; коўчынг, цімбілдынг-трэнінг, разбор праблемных сітуацый, мазгавы штурм, выкананне праблемных сітуацый; майстар-класы з вопытам канструктыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі (“Школа супрацоўніцтва: цяжкасці і нягоды сям’і ў лёсе дзіцяці”).

- Гэтыя мерапрыемствы дапамаглі педагогам не толькі атрымаць тэарэтычныя веды, але і выпрацаваць практычныя ўменні ва ўзаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў, - гаворыць Ж.Г.Зялінская. – Была ацэнена актуальная бацькоўская пазіцыя ў сем’ях. Аналіз складу бацькоў і ўнутрысямейных сітуацый, дыягностыка па вывучэнні валявой сферы, асобаснага і эмацыянальнага дабрабыту дзяцей дазволілі вызначыць педагагічныя і псіхалагічныя напрамкі ў рабоце ўсіх удзельнікаў праекта. Вялася паглыбленая работа па развіцці спрыяльных дзіцяча-бацькоўскіх адносін, усвядомленага і адказнага бацькоўства. Так, арганізоўваючы супрацоўніцтва з бацькамі, педагогі выкарыстоўваді сямейна арыентаваны падыход: улічвалі асаблівасці ўнутрысямейных адносін, унікальнасць і непаўторнасць кожнай сям’і, яе выхаваўчы патэнцыял і сямейныя традыцыі.

Падчас рэалізацыі праекта была выпрацавана стратэгія далучэння бацькоў да актыўнага ўдзелу ў жыцці дашкольнай ўстановы. Выбудоўванне ўзаемадзеяння з праблемнымі сем’ямі мела шэраг спецыфічных асаблівасцей. Так, для карэкцыі і прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці выкарыстоўваўся педагагічны рэсурс сем’яў з пазітыўным вопытам дзіцяча-бацькоўскага ўзаемадзеяння. А вось выяўленыя факты педагагічнай пасіўнасці бацькоў, некампетэнтнасць у пытаннях выхавання і навучання дзяцей, наяўнасць у мам і татаў стэрэатыпнага мыслення і негатыўных каштоўнасцей, установак і мадэлей паводзін абумовілі неабходнасць фарміравання ў іх усвядомленага бацькоўства пераважна праз дзяцей.

- Дзейнасць педагогаў была накіравана на абагачэнне сацыяльнага і педагагічнага вопыту бацькоў, папярэджанне фактаў сямейнай нядобранадзейнасці, фарміраванне ўстойлівай матывацыі да вядзення здаровага ладу жыцця, - працягвае Ж.Г.Зялінская. – У дашкольнай установе назапашаны разнастайны вопыт узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў. Пры рэалізацыі праекта паспяхова выкарыстоўваліся традыцыйныя формы работы, але прыярытэтным напрамкам стаў пошук форм і метадаў спецыяльнага псіхолага-педагагічнага ўзаемадзеяння. Так, у рабоце з бацькамі даволі дзейснымі аказаліся: трэнінгавыя праграмы “Мы – разам” і “Дружная сямейка”, якія дазволілі падвесці мам і татаў да асобасных змен у паводзінах, адпрацаваць навыкі ўзаемадзеяння з дзецьмі; дзейнасць бацькоўскага клуба “Ветразі надзеі”, арыентаванага на бацькоў, што імкнуцца павысіць сваю педагагічную кампетэнтнасць; семінары з мультымедыйным суправаджэннем (напрыклад, “Правы вялікага чалавека”); практыкум “Бацькоўскі ўніверсітэт” з удзелам спецыялістаў; бацькоўская канферэнцыя “Шчаслівыя бацькі – шчаслівыя дзеці”; агульныя бацькоўскія сходы (напрыклад, “Мудрасць бацькоўскай любові”) з праглядам відэароліка “Анамаліі бацькоўскай любові” і дакументальнага фільма Р.Быкава “Я сюды ніколі не вярнуся”; сумесная дзейнасць дарослых і дзяцей падчас свят і мерапрыемстваў з удзелам бабуль, братоў і сясцёр, сямейных сустрэч, тэматычных дзён (дзень маці, дзень таты, дзень сям’і) і заняткаў (“Буду моцным, як тата”, “Мы такія розныя”, “Наша Перамога”, “Сямейныя абярэгі”), сямейных мультымедыйных самапрэзентацый (“А вось і я!”, “Раніца салдата”, “Мая радзіма – Беларусь”), конкурсаў фотапрэзентацый і відэаролікаў (“Маё лепшае лета”), выставы сямейных захапленняў, сумеснай творчасці, калажаў і бацькоўскіх газет. Апрабаваны такія формы работы, як бацькоўскія сачыненні “Сямейнае шчасце” і штомесячны выпуск інфармацыйнага бюлетэня для бацькоў “Мы – разам”. Усё гэта дазволіла сфарміраваць сяброўскую дзіцяча-бацькоўскую супольнасць.

Па словах Ж.Г.Зялінскай, рэалізацыя праекта паказала яго педагагічную эфектыўнасць і сацыяльную значнасць. Так, павялічылася колькасць бацькоў з сярэднім узроўнем псіхалагічнай культуры, мамы і таты сталі больш актыўна ўдзельнічаць у адукацыйным працэсе дашкольнай установы. Акрамя таго, павысілася адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. Рэалізацыя эфектыўнага бацькоўства садзейнічае іх паспяховай сацыялізацыі, умацаванню сямейных каштоўнасцей і фарміраванню атмасферы любові і ўзаемапавагі ў сем’ях.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.