“Новае пакаленне” выбірае здаровы лад жыцця

28.10.2016
- Сучаснаму грамадству патрэбны адукаваныя, высокамаральныя і прадпрымальныя людзі, здольныя прымаць самастойныя рашэнні ў сітуацыі выбару, прагназаваць іх магчымыя наступствы, супрацоўнічаць, адказваць за сябе і іншых, - гаворыць загадчыца сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама І.М.Ліра.

- Сучаснаму грамадству патрэбны адукаваныя, высокамаральныя і прадпрымальныя людзі, здольныя прымаць самастойныя рашэнні ў сітуацыі выбару, прагназаваць іх магчымыя наступствы, супрацоўнічаць, адказваць за сябе і іншых, - гаворыць загадчыца сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама І.М.Ліра. – Перад дадатковай адукацыяй стаіць складаная задача – выпрацаваць эфектыўныя метады выхавання моладзі, якая клапоціцца пра ўласнае здароўе. Традыцыйныя формы работы ў гэтым напрамку не заўсёды прыносяць добрыя вынікі па зніжэнні правапарушэнняў і злачынстваў у падлеткавым асяроддзі, адмаўленні ад алкаголю і курэння, прадухіленні ранняй цяжарнасці, павышэнні значнасці сямейных каштоўнасцей і інш. Дзейнасныя адукацыйныя методыкі не толькі дапамагаюць перадаць карысную інфармацыю вучням, але і ствараюць умовы для сацыяльна прадуктыўнага ўплыву на іх. Дзейсным выхаваўчым інструментам, які фарміруе ў дзяцей неабходныя сацыяльныя навыкі і каштоўнасныя арыенціры, з’яўляецца арганізацыя клубнай дзейнасці на аснове метаду сацыяльных праектаў. Педагогі Піншчыны паспяхова выкарыстоўваюць у выхаваўчай рабоце тэхналогію сацыяльнага праектавання па прапагандзе здаровага ладу жыцця, фарміраванні гендарнай культуры, адказных паводзін і актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў моладзі.

Выбар гэтай праблематыкі, зместу, метадаў і форм роўнага навучання абумоўлены шэрагам прычын. Па-першае, сёння сур’ёзную заклапочанасць выклікаюць праявы рызыкоўных паводзін падлеткаў у далучэнні да нікаціну, алкаголю і наркотыкаў, у ранніх палавых сувязях і суіцыдальных схільнасцях. Па-другое, юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў – адна з найбольш уразлівых сацыяльных груп, у асяроддзі якіх актыўна распаўсюджваюцца алкагалізм, наркаманія і венерычныя захворванні, рэгіструецца цяжарнасць, адзначаюцца правапарушэнні і злачынствы, камп’ютарная залежнасць. Па-трэцяе, айчынны і замежны вопыт паказвае, што вельмі эфектыўна ў маладзёжным асяроддзі працуюць праграмы роўнага навучання, у рамках якіх валанцёры-інструктары пасля спецыяльнай падрыхтоўкі могуць праводзіць сярод равеснікаў навучальныя заняткі, выкарыстоўваючы групавыя і індывідуальныя формы работы. Гэтыя валанцёры навучаюць равеснікаў асновам здаровага ладу жыцця, гендарнай культуры, бяспечных і адказных паводзін.

Дзейнасць валанцёраў роўнага навучання ажыццяўляецца праз работу раённага клуба “Новае пакаленне”, створанага 5 гадоў назад на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна. У клуб уваходзяць лідары, актывісты школ і дзеці, якія стаяць на прафілактычным уліку.

- У клубе ажыццяўляецца падрыхтоўка валанцёраў і маладзёжных інфармацыйных груп з мэтай правядзення агітацыйна-прапагандысцкай і навучальнай работы з равеснікамі, - расказвае дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна педагог-кансультант клуба А.А.Лявошка. – Пасяджэнні праводзяцца па прынцыпе “роўны навучае роўнага” валанцёрамі-інструктарамі з ліку старшакласнікаў пад кіраўніцтвам педагогаў-кансультантаў 6 разоў у навучальным годзе. У рамках работы клуба праходзяць конкурсы сацыяльнай рэкламы сярод вучняў “На абароне будучага пакалення”, конкурсы сацыяльных праектаў, трэнінгі, навучанне па праграме “Лідарства, арыентаванае на грамадства”, а таксама ажыццяўляецца дзейнасць па праграме “Равеснік навучае равесніка”. Аснову ініцыятыўнай групы клуба складаюць апорныя пляцоўкі Брэстчыны па рэалізацыі прынцыпу “роўны навучае роўнага”, створаныя на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна, Малоткавіцкай, Пінкавіцкай, Аснежыцкай, Стытычаўскай і Лагішынскай сярэдніх школ.

Валанцёрская дзейнасць у клубе прадугледжвае засваенне яго ўдзельнікамі тэарэтычных, нарматыўных прававых асноў роўнага навучання і метадычных асноў рэалізацыі прынцыпу “роўны навучае роўнага” ў рабоце з равеснікамі па фарміраванні ў іх жыццёвых каштоўнасцей, выкарыстанні атрыманых ведаў, уменняў і навыкаў на практыцы. Валанцёры рэгулярна сустракаюцца па суботах і на канікулах з падлеткамі на базе цэнтра, а таксама выязджаюць у шосты школьны дзень ва ўстановы адукацыі раёна.

- Дзейнасць клуба даволі эфектыўная, - адзначае А.А.Лявошка. – Заняткі, распрацаваныя педагогамі і валанцёрамі Піншчыны, уключаны ў зборнікі трэнінгавых модулей, выдадзеныя Брэсцкім абласным ІРА ў розныя гады. За час работы клуба падрыхтаваны 180 валанцёраў-інструктараў, аказана інфармацыйна-асветніцкая, кансультацыйная і прафілактычная дапамога больш за 1,4 тысячы падлеткаў. Па выніках удзелу ў абласным фестывалі валанцёрскіх каманд “Моладзь за РАЎНАдзеянне” клубаўцы ўзнагароджваюцца дыпломамі рознай вартасці. Валанцёры з’яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі маладзёжных форумаў, фестываляў і школ маладых лідараў раённага, абласнога і рэспубліканскага значэння. Антон Кульчыцкі і Таццяна Бунькевіч з Пінкавіцкай сярэдняй школы сталі лепшымі валанцёрамі-інструктарамі роўнага навучання на рэспубліканскім конкурсе, які летась праходзіў у Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У бягучым навучальным годзе плануецца адкрыць яшчэ 3 апорныя пляцоўкі клуба на базе школ.

За актыўны ўдзел у развіцці і падтрымцы валанцёрскага руху А.А.Лявошка ў 2014 годзе была прызнана лепшым валанцёрам Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

- Вельмі важна, што работа клуба дазваляе выбудаваць бесканфліктную педагогіку. Педагогі і падлеткі зноў і зноў перажываюць радасць натхнення, ператвараючы выхаваўчы працэс з сумнай прымусовай працы ў выніковую і стваральную творчую дзейнасць. Клуб дае жыццёвыя арыенціры, дапамагае зрабіць правільны выбар. Такія формы клубнай дзейнасці вучняў, як рэалізацыя сацыяльных праектаў, правядзенне сацыялагічных даследаванняў і арганізацыя валанцёрскага руху, маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял, - падагульняе А.А.Лявошка.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.