З улікам рэгіянальных адукацыйных патрэб
26.10.2016Адкрываючы семінар, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі адзначыў, што ўстановы адукацыі ў сваёй дзейнасці павінны адштурхоўвацца ад рэгіянальных адукацыйных патрэб. На Століншчыне назапашаны цікавы вопыт работы ў гэтым напрамку.
- Сістэма адукацыі Століншчыны эфектыўна выкарыстоўвае тэрытарыяльны рэсурс ва ўзаемадзеянні з прыгранічнымі раёнамі, - расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама А.М.Вячорка. – Так, наладжаны цесныя сувязі паміж педагогамі Столінскай і Лунінецкай гімназій. Даўнія партнёрскія адносіны звязваюць Століншчыну і Піншчыну (наступнай вясной адбудзецца кірмаш педагагічных ідэй сярод педагогаў дашкольных устаноў Столінскага і Пінскага раёнаў). Традыцыйнымі сталі сустрэчы з настаўніцтвам Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны па розных пытаннях дзейнасці ўстаноў адукацыі. У рамках рэалізацыі праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва наладжана партнёрства з Дубровіцкім раёнам Украіны. Падчас зносін з калегамі адбываецца абмен вопытам, што станоўча адлюстроўваецца на далейшай дзейнасці адукацыйнай галіны.
Століншчына знаходзіцца ў глыбінцы беларускага Палесся і здаўна славіцца самабытнай нацыянальнай культурай і шанаваннем народных традыцый. Гэты рэсурс таксама эфектыўна выкарыстоўваецца ў павышэнні якасці адукацыі. Так, у 8 установах дзейнічаюць 12 фальклорных калектываў, многія з якіх з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў і выстаў.
Краязнаўчы патэнцыял рэгіёна выкарыстоўваецца пры правядзенні розных конкурсаў. Так, па выніках конкурсу школьных музеяў быў аформлены даведнік школьных музеяў. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у раённым краязнаўчым конкурсе “Непаўторны Столінскі край” памяці М.У.Шэлехава, раённым конкурсе рытарычнага майстэрства імя Н.І.Кавалец і раённым конкурсе камп’ютарнага малюнка “Столінскія далягляды”.
Сярэдняя школа № 2 Давыд-Гарадка, Лядзецкі яслі-сад – сярэдняя школа і Рамельская сярэдняя школа працуюць у рэжыме інавацыйных пляцовак па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў”. Інавацыйныя праекты ажыццяўляюцца ў 6 установах адукацыі Століншчыны.
- У сучасных эканамічных умовах шмат увагі ўдзяляецца пашырэнню пазабюджэтнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, - адзначыў А.М.Вячорка. –
Эфектыўнасць работы ў гэтым напрамку залежыць найперш ад пазіцыі кіраўніка. Калі ён зацікаўлены ў пазабюджэтнай дзейнасці, то зможа пераканаць у яе неабходнасці і мэтазгоднасці вучняў і бацькоў, прыцягнуць спонсараў. Некаторыя ўстановы імкнуцца актыўна зарабляць самі. Але доля даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці ў агульным аб’ёме фінансавання складае ўсяго каля 0,5%, а платныя адукацыйныя паслугі адкрыты толькі ў 6 установах адукацыі.
Адукацыйная сетка раёна – гэта 85 устаноў розных відаў і тыпаў. Адлегласць паміж імі часам дасягае каля 100 км. Працаваць у такіх умовах – надзвычай адказная справа, поспех якой залежыць ад правільнай пастаноўкі задач і прафесійных дзеянняў кіраўнікоў.
Па словах А.М.Вячоркі, аптымізацыя адукацыйнай сеткі носіць планавы характар і накіравана на стварэнне больш якасных умоў для навучання, выхавання і развіцця дзяцей. За апошнія 5 гадоў былі закрыты 8 устаноў адукацыі, 2 школы рэарганізаваны ў вучэбна-педагагічныя комплексы “сад – школа”, адкрыты 4 ясляў-сада, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і 2 фізкультурна-спартыўныя комплексы. У школы і дзіцячыя сады выхаванцаў падвозяць 19 аўтобусаў.
- Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца, але без таленавітых і добрасумленных педагогаў, ініцыятыўных і адказных кіраўнікоў эфектыўнасць яе выкарыстання будзе нізкай, - расказаў А.М.Вячорка. – Бачыць і вырашаць праблемы сучаснага абнаўлення і бесперапыннага прафесійнага росту амаль 2 тысяч педагогаў даволі складана. Выніковае кіраванне кадравымі рэсурсамі – адна з актуальных праблем. Паспяховая дзейнасць забяспечваецца не столькі наяўнасцю кадраў і іх прафесійнымі кампетэнцыямі, колькі найперш адносінамі кожнага педагога і кіраўніка да сваіх абавязкаў, творчым падыходам да любой справы.
Каля 90% педагогаў Століншчыны маюць вышэйшую адукацыю, 67,5% - вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. За апошнія 5 гадоў больш за 90% педагогаў засталіся ў сістэме адукацыі раёна пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі. На працягу шэрагу гадоў Століншчына адчувае недахоп у настаўніках матэматыкі, фізікі і інфарматыкі, выхавальнікаў дашкольных устаноў з вышэйшай адукацыяй і настаўнікаў-дэфектолагаў. Праблема дэфіцыту кадраў вырашаецца праз перападрыхтоўку педагогаў і прыцягненне да работы пенсіянераў.
- На жаль, з году ў год у школах змяншаецца колькасць вучняў, - адзначыў А.М.Вячорка. – Сярэдняя напаўняльнасць класаў у раёне складае каля 15 дзяцей. Створана рэгіянальная мадэль профільнага навучання, у якой задзейнічана 21 установа. Добрым попытам карыстаюцца міжшкольныя факультатывы на базе 8 устаноў. Пэўныя поспехі вучні Століншчыны паказваюць у алімпіядным руху. На жаль, па выніках цэнтралізаванага тэсціравання раён займае далёка не лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Штогод каля 40% выпускнікоў паступаюць ва УВА.
А.М.Вячорка ўпэўнены, што ў сістэмы адукацыі Століншчыны дастаткова рэсурсаў для дынамічнага развіцця галіны па розных напрамках. Галоўнае – эфектыўна кіраваць імі з улікам асаблівасцей функцыянавання кожнай установы адукацыі.
Удзельнікі семінара наведалі яслі-сад № 2 Давыд-Гарадка, сярэднюю школу № 2 Альшан, дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Століне, фізкультурна-спартыўны комплекс “Аквамарын” і Столінскую дзяржаўную гімназію, дзе азнаёміліся з эфектыўнымі напрацоўкамі педагогаў па павышэнні якасці адукацыі, узаемадзеянні ўстаноў адукацыі з соцыумам па задавальненні культурна-адукацыйных запытаў дзяцей і іх бацькоў, арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці, дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў школах і работы па ўладкаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, на сямейныя формы выхавання, а таксама па развіцці творчых здольнасцей, інтарэсаў і схільнасцей вучняў ва ўстановах дадатковай адукацыі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.