З інклюзіўным падыходам

21.10.2016
- Сёння ў грамадстве фарміруюцца новыя адносіны да асаблівых дзяцей, як сацыяльна і псіхалагічна роўных іншым, - гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Брэста К.Б.Аляксандрава. – Прызнаецца раўнапраўнасць усіх дзяцей у атрыманні адукацыі. Але застаюцца праблемы, якія перашкаджаюць асаблівым дзецям паспяхова інтэгравацца ў соцыум: абмежаваныя сувязі з навакольным светам і кантакты з равеснікамі і дарослымі, іх негатыўнае стаўленне да дзяцей з АПФР, фізічныя і сацыяльныя бар’еры.

З моманту адкрыцця школы ў 2014 годзе прадугледжвалася, што ў ёй будуць вучыцца асаблівыя дзеці, у прыватнасці дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Пры камплектацыі класаў інтэграванага навучання і выхавання педагогі сутыкнуліся з бацькоўскай насцярожанасцю да сумеснага навучання. Бацькі сумняваліся ў адэкватным узаемадзеянні дзяцей, што было звязана са стэрэатыпамі ў адносінах да асаблівых дзяцей: агрэсіўныя, інтэлектуальна неразвітыя, сацыяльна неадаптаваныя. Таму адной з галоўных задач школы стала фарміраванне ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу талерантных адносін да дзяцей з АПФР.

У бягучым навучальным годзе ва ўстанове дзейнічаюць два класы інтэграванага навучання і выхавання па 20 вучняў у кожным і адзін спецыяльны клас з 8 вучняў. У гэтых класах атрымліваюць веды 14 дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату: 5 дзяцей перасоўваюцца на інвалідных калясках, астатнія – з дапамогай дарослых.

- Прыярытэтнымі напрамкамі ў фарміраванні талерантнасці да асаблівых дзяцей з’яўляюцца падбор педагогаў, здольных эфектыўна навучаць і разумець сутнасць інтэграванага навучання і інклюзіўнай адукацыі, стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць паўнацэннае ўключэнне дзяцей у адукацыйны працэс і іх асобасную самарэалізацыю, далучэнне бацькоў да сумеснага навучання, якое настройвае дзяцей на роўныя зносіны, разуменне, усведамленне і выкананне пэўных правіл паводзін, - адзначае К.Б.Аляксандрава. – У класах інтэграванага навучання і выхавання і спецыяльным класе працуюць настаўнікі пачатковых класаў, настаўнікі-дэфектолагі, настаўнік фізічнай культуры і выхавання і настаўнік музыкі. Іх кваліфікацыйны ўзровень дазваляе паспяхова вырашаць пастаўленыя перад імі задачы.

Шмат робіцца па стварэнні камфортнага знаходжання вучняў у школе. Ва ўстанове дапрацоўваюцца ўмовы адукацыйнага асяроддзя, якія садзейнічаюць бесперашкоднаму перасоўванню, забяспечваюць бяспеку і камфорт асаблівых дзяцей. Так, класы, дзе яны вучацца, знаходзяцца на першым паверсе школы, там жа абсталяваны гардэробныя і санвузлы. У будынку ўстаноўлены пандусы і ліфт, плануецца аснасціць калідоры і вучэбныя кабінеты поручнямі. За вучнёўскімі партамі можна сядзець як у інваліднай калясцы, так і на звычайным крэсле. Працягваецца аснашчэнне школы дыдактычнымі матэрыяламі і спецыяльным інвентаром, неабходнымі для правядзення карэкцыйна-педагагічных заняткаў і заняткаў па адаптыўнай фізкультуры. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы забяспечвае розныя адукацыйныя паслугі і максімальна ўключае асаблівых дзяцей ва ўсе сферы школьнага жыцця. Так, для дзяцей з АПФР арганізаваны факультатыўныя заняткі па выяўленчым мастацтве і настольным тэнісе.

Пры планаванні пазаўрочных мерапрыемстваў улічваюцца ўменні асаблівых дзяцей у сацыяльнай камунікацыі з равеснікамі і дарослымі. Такія дзеці ўдзельнічаюць ва ўсіх школьных мерапрыемствах, з задавальненнем выступаюць на сцэне, няхай і з маленькай роляй ці невялікім вершам, але разам з іншымі.

Важнае месца ў сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства, пашырэнні кругагляду асаблівых дзяцей займаюць выязныя экскурсіі. Да іх арганізацыі падыходзілі паступова і асцярожна, каб пазбегнуць непрадбачаных сітуацый. Спачатку дзеці наведалі страусіную ферму ў Кобрыне. Цяпер плануецца паездка ў заапарк Варшавы (Польшча).

- З мінулага навучальнага года школа ўдзельнічае ў эксперыментальнай дзейнасці па апрабацыі трэнінгавай тэхналогіі работы з бацькамі вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы і праверцы яе эфектыўнасці, - расказвае К.Б.Аляксандрава. – Праект, кіраўніком якога з’яўляецца прафесар кафедры педагогікі БарДУ В.В.Хітрук, рэалізоўваецца разам з установамі адукацыі Баранавіч, Гомеля і Жлобіна. Эксперыментальная дзейнасць ахоплівае работу з бацькамі асаблівых і здаровых дзяцей. Мэта – паступовае стварэнне паўнацэннай інклюзіўнай прасторы ў школе.

Праект разлічаны на два гады і рэалізоўваецца ў два этапы. У праекце задзейнічаны бацькі вучняў з 4-х класаў. Мамы і таты ўдзельнічаюць у штомесячных трэнінгах, дзе ў даступнай форме атрымліваюць інфармацыю пра сутнасць, каштоўнасці і прынцыпы інклюзіўнай адукацыі, магчымасці дзяцей з асобымі адукацыйнымі патрэбамі. Падчас трэнінгавых заняткаў удзельнікі праекта вучацца быць гнуткімі ў зносінах, прымаць іншую пазіцыю. Нестандартная форма ўзаемадзеяння з бацькамі дапамагае пачуць кожнага. Гэта садзейнічае прыняццю сумесных рашэнняў і ўмацаванню адносін у бацькоўскім і педагагічным калектывах.

Тэматыка трэнінгавых заняткаў даволі актуальная: “Розныя дзеці – розныя людзі…”, “Стэрэатыпы і дыскрымінацыя ў грамадстве і адукацыі”, “Інклюзіўная адукацыя: сутнасць і перавагі”, “Дружба дзяцей” і “Інклюзіўная адукацыя: што могуць бацькі”. На занятках бацькі бліжэй знаёмяцца адно з адным, прапрацоўваюць дзіцяча-бацькоўскія адносіны з уласнымі дзецьмі і аналізуюць асабістыя ўнутраныя перажыванні.

- Дзякуючы праекту павысілася бацькоўская кампетэнтнасць у пытаннях інклюзіўнай адукацыі, мамы і таты перагледзелі існуючыя стэрэатыпы ў адносінах да асаблівых дзяцей, - адзначае К.Б.Аляксандрава. – Тым не менш захоўваецца выбіральнае стаўленне бацькоў да дзяцей з рознымі парушэннямі, звязанае з недастатковымі ведамі пра віды такіх парушэнняў і іх праявы. Таму ўзнікае неабходнасць у інфармаванні бацькоў па гэтай праблеме.

Нягледзячы на станоўчую дынаміку развіцця інклюзіўнай прасторы ў школе, педагогі сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі, якія перашкаджаюць больш паспяховаму і камфортнаму навучанню асаблівых дзяцей. Так, адсутнічаюць альтэрнатыўныя сродкі навучання (спецыяльныя камп’ютарныя праграмы для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату), спецыяльныя тэхнічныя сродкі навучання (камп’ютарная клавіятура, спецыяльныя мышкі, планшэты, інтэрактыўная дошка) і спартыўныя трэнажоры для правядзення заняткаў па адаптыўнай фізкультуры.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.