Стымул для развіцця

18.10.2016
Апрабацыя механізма нарматыўнага фінансавання ў 21 установе адукацыі Баранавіч пачалася ў пачатку мінулага года. За час рэалізацыі эксперыменту новы механізм стаў эфектыўным стымулам для развіцця школ у сучасных умовах.

- Аб’ём бюджэтных сродкаў, якія прадугледжваліся на рэалізацыю пілотнага праекта па апрабацыі механізма нарматыўнага фінансавання ўстаноў адукацыі, фарміраваўся па шэрагу паказчыкаў, - расказвае дырэктар гімназіі № 1 Баранавіч Мікалай Мікалаевіч Шырко. – Сярод іх: сярэднегадавая колькасць вучняў, патрэба ў сродках на ўтрыманне маёмасці ў межах выдаткаў гарадскога бюджэту, гарантаванае і адраснае забеспячэнне сацыяльнай абароны вучняў у адпаведнасці з заканадаўствам у межах сродкаў гарадскога бюджэту, прадугледжаных на агульную сярэднюю адукацыю.

За 2 гады да пачатку праекта аналізавалася развіццё сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, найперш па забеспячэнні кадрамі і матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі. Вялася сур’ёзная падрыхтоўчая работа па рэалізацыі эканамічнага складніку праекта. Была праведзена ўнутраная аптымізацыя ўстаноў адукацыі, якая тычылася змяншэння колькасці класаў і павышэння іх напаўняльнасці.

- Мы разглядаем гэты праект не толькі як фінансавы (забяспечвае развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы), але і як сацыяльны, - адзначае М.М.Шырко. – Без добрых кадраў нельга забяспечыць паспяховую рэалізацыю эксперыменту. Гэта ў найбольшай ступені тычыцца кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія павінны валодаць ведамі ў галіне фінансава-эканамічных і юрыдычных адносін. Павышаецца адказнасць кіраўнікоў-менеджараў за развіццё матэрыяльнай базы ўстаноў, захаванне клімату даверу і справядлівасці ў іх калектывах. Таму ўсе дырэктары школ Баранавіч прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў форме субяседаванняў і семінараў, што забяспечыла дастатковы ўзровень разумення сваіх задач у рэалізацыі праекта.

У сваю чаргу кіраўнікі правялі тлумачальную работу ў педагагічных калектывах па ажыццяўленні новых падыходаў у фарміраванні фінансавага складніку ў развіцці ўстаноў, гнуткай сістэмы ацэньвання дзейнасці праз павышэнне заробкаў і вырашэнні задач па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў.

- Адной з галоўных задач праекта з’яўляецца павышэнне заробкаў педагогаў за кошт уключэння ўсіх механізмаў, якія садзейнічаюць эканоміі сродкаў, - гаворыць М.М.Шырко. – 5 устаноў адукацыі Баранавіч, акрамя пілотнага праекта па нарматыўным фінансаванні, рэалізоўваюць эксперыментальны праект па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы. Гэты праект тычыцца толькі рэгулявання заробкаў педагогаў. Галіновыя выплаты дазваляюць кіраўнікам эфектыўна ацэньваць іх працу ў грашовым эквіваленце, што добра рэгулюе працоўныя адносіны, удасканальвае сістэму кіравання ва ўстановах адукацыі. Так, адсутнічаюць праблемы з назначэннем класных кіраўнікоў і вызначэннем дадатковай нагрузкі па выкананні функцый, неўласцівых настаўнікам. Эканомія сродкаў дазваляе вырашыць праблему дадатковых выплат для калектыву ў цэлым (у гімназіі выплаты па кантракце павялічыліся да 32%).

Па словах М.М.Шырко, праекты маюць станоўчыя водгукі кіраўнікоў устаноў і педагогаў. Гэта нядзіўна, бо заробкі ва ўстановах істотна павялічыліся.

- Дзякуючы праектам кожны настаўнік стаў атрымліваць грошы ў адпаведнасці з асабістым унёскам у агульную працоўную дзейнасць, накіраваную на дасягненне належнай якасці адукацыі, - заўважае М.М.Шырко. – У педагогаў з’явілася дадатковая матывацыя да атрымання высокіх вынікаў у рабоце. Заканамерна, што ўстановы адукацыі Баранавіч займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па выніковасці алімпіяднага руху, навукова-даследчай дзейнасці вучняў, цэнтралізаванага тэсціравання і інш.

Разам з тым праект актуалізаваў і некаторыя праблемы. Так, найбольш вострай з іх стала праблема, звязаная з выкананнем артыкулаў на бягучыя і капітальныя рамонты.

- Тым не менш мы аптымістычна глядзім на працяг работы ў вызначаным напрамку, - адзначае М.М.Шырко. – Будзе прадоўжана ўнутраная аптымізацыя ўстаноў адукацыі праз змяншэнне колькасці класаў, павелічэнне іх напаўняльнасці, дасканалы падыход да фарміравання штатаў, павелічэнне нагрузкі на педагогаў і г.д. У новым навучальным годзе да эксперыментальнага праекта па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы далучыліся яшчэ 4 гімназіі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.