У цесным узаемадзеянні

17.10.2016
- Імклівае развіццё сучаснага грамадства ўносіць карэктывы ва ўсе сферы чалавечай жыццядзейнасці, - гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Людміла Фёдараўна Паўлоўская. – Інфармацыйныя тэхналогіі і навукова-тэхнічныя адкрыцці стымулююць чалавека да пастаяннага самаўдасканалення і бесперапыннай адукацыі на працягу ўсяго жыцця. Ад гэтага залежыць паспяховасць у сучасным грамадстве, сацыяльная і прафесійная запатрабаванасць.

Заканамерна, што перад установамі адукацыі стаіць задача па падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў, здольных упэўнена арыентавацца ў сучасных тэхналогіях, на высокім узроўні арганізоўваць вытворчы працэс, дасягаць вынікаў, уступаць у сацыяльныя адносіны і актыўна адаптавацца на рынку працы. Профільнае навучанне дапамагае старшакласнікам раскрыць інтэлектуальны патэнцыял, выбраць прафесію ў адпаведнасці з уласнымі магчымасцямі і запытамі эканомікі. Вялікую ролю адыгрываюць дапрофільная падрыхтоўка і прафарыентацыйная работа, накіраваныя на выяўленне інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей вучняў, аказанне ім псіхолага-педагагічнай дапамогі ў выбары профілю навучання, развіццё пазнавальнай актыўнасці, фарміраванне ўсвядомленага рашэння па выбары далейшай адукацыі.

- Асаблівае значэнне ў гэтым адведзена ўзаемадзеянню школы, устаноў дадатковай адукацыі, ПТНУ, ССНУ і УВА, - адзначае Л.Ф.Паўлоўская. – Асноўная мэта такога ўзаемадзеяння – стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы на аснове гарманічнай узаемасувязі адукацыйных стандартаў розных структур, інтэграцыя адукацыйнага працэсу з соцыумам, рэгіянальная накіраванасць адукацыі. Дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне, заснаваныя на сеткавым узаемадзеянні сацыяльных партнёраў, ствараюць спрыяльныя ўмовы для прафесійнага і сацыяльнага самавызначэння вучняў, што дазваляе паспяхова рыхтаваць іх да выбару любога тыпу і ўзроўню далейшай адукацыі.

Педагогі школы імкнуцца максімальна рэалізаваць прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання дзяцей, каб дапамагчы ім выбраць прафесію ва ўзгадненні з асабістымі і грамадскімі інтарэсамі і патрэбамі. З гэтай мэтай установа цесна ўзаемадзейнічае з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч, Ляхавіцкім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, Ляхавіцкай дзіцячай школай мастацтваў, Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай Ляхавіцкага раёна, Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам, БарДУ і БДПУ імя Максіма Танка.

- Штогод у верасні на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праходзіць тыдзень дадатковай адукацыі пад дэвізам “Няма чым заняцца – прыходзьце да нас”, - расказвае Л.Ф.Паўлоўская. – У рамках тыдня праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, канцэртна-гульнявыя праграмы і выставы дзіцячых работ, прэзентуюцца розныя аб’яднанні па інтарэсах. У выніку на працягу многіх гадоў шмат вучняў займаюцца ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч, Ляхавіцкім раённым цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Важна, што заняткі ў гэтых установах вызначылі далейшую прафесійную дзейнасць многіх выпускнікоў. Так, 24% педагогаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч – былыя вучні нашай школы. Акрамя таго, педагогі школы і ўстаноў дадатковай адукацыі цесна супрацоўнічаюць у правядзенні сумесных майстар-класаў і бацькоўскіх сходаў, арганізацыі метадычнай работы і дзейнасці рэсурснага цэнтра па абслуговай працы.

Амаль палова вучняў наведвае розныя секцыі ў Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Ляхавіцкага раёна. Дзякуючы заняткам у гэтай установе 5 выпускнікоў школы працягнулі адукацыю ў вучылішчах алімпійскага рэзерву.

З 2014/2015 навучальнага года ў школе дзейнічаюць спецыялізаваныя спартыўныя класы па лёгкай атлетыцы, дзюдо, футболе і гандболе. Выхаванцы гэтых класаў неаднаразова займалі прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, удзельнічалі ў міжнародных сустрэчах. Вучоба ў спартыўных класах – добры падмурак для атрымання ў далейшым спартыўнай адукацыі ў спецыялізаваных установах.

Больш за 40 гадоў доўжыцца плённае супрацоўніцтва школы з Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам. Гэта абумоўлена не толькі блізкім суседствам устаноў, але і патрэбамі рэгіёна ў кадрах сельскагаспадарчага профілю. Школьнікі наведваюць дні адкрытых дзвярэй у каледжы, удзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах, знаёмяцца з жыццём студэнтаў, сустракаюцца з перадавікамі сельскагаспадарчай вытворчасці раёна і ветэранамі працы. Штогод 5 – 7% дзевяцікласнікаў становяцца навучэнцамі каледжа.

- З 2014/2015 навучальнага года наша школа з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай па рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”, - гаворыць Л.Ф.Паўлоўская. – Мэта праекта – стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння вучняў і фарміраванне пазітыўнай устаноўкі на выбар педагагічнай прафесіі праз арганізацыю мэтанакіраванага ўзаемадзеяння школы з ССНУ і УВА, бацькамі і соцыумам. У рамках праекта наладжана цеснае супрацоўніцтва з БарДУ і БДПУ імя Максіма Танка. Так, выкладчыкі БарДУ дапамагаюць арганізоўваць сістэмную работу з высокаматываванымі вучнямі па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд, ажыццяўляюць падрыхтоўку школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання, забяспечваюць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў профільных груп. Студэнты УВА праводзяць прафарыентацыйныя семінары-прэзентацыі для школьнікаў, якія знаёмяць іх з жыццём універсітэтаў.

З мінулага навучальнага года ў школе на базе 10 класа дзейнічае педагагічная група. Абавязковай умовай навучання ў ёй з’яўляецца вывучэнне на працягу 2 гадоў факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, пасля якога выпускніку неабходна мець партфоліа. З 2016/2017 навучальнага года ў школе пачаў працаваць педагагічны 10 клас.

На канікулах у рамках інавацыйнага праекта ва ўстанове функцыянуе педагагічны атрад “Мара”. Удзельнікі атрада праходзяць абавязковыя пробы-выпрабаванні, якія мадэлююць сітуацыі педагагічнай дзейнасці. Гэта садзейнічае фарміраванню першапачатковых прафесійных уменняў і ўяўленняў пра сябе як суб’екта гэтай дзейнасці.

- Мэтанакіраваная работа па дапрофільнай і профільнай падрыхтоўцы, у тым ліку інавацыйная дзейнасць, прыносяць станоўчыя вынікі, - адзначае Л.Ф.Паўлоўская. – Так, калі ў 2015 годзе на спецыяльнасці педагагічнага профілю паступілі 3 выпускнікі, то сёлета – 11.

Вялікую дапамогу ў паспяховай рэалізацыі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі вучняў аказаваюць спецыялісты сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службы школы і Цэнтра “Прафарыенцір” БрДУ імя А.С.Пушкіна. Гэтая дапамога тычыцца найперш псіхолага-педагагічнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Сумесная дзейнасць СППС і цэнтра ажыццяўляецца ў форме субяседаванняў аб прафесійных намерах, камп’ютарнай дыягностыкі, кансультацый спецыялістаў-псіхолагаў і прафарыентацыйных мерапрыемстваў.

- Вызначальным фактарам у эфектыўнай рабоце з дзецьмі з’яўляецца прафесійная кампетэнтнасць педагогаў, якая ўдасканальваецца падчас пасяджэнняў вучэбна-метадычных аб’яднанняў, круглых сталоў, канферэнцый, семінараў, вэбінараў, курсаў павышэння кваліфікацыі і самаадукацыйнай дзейнасці, - заўважае Л.Ф.Паўлоўская. – У мінулым навучальным годзе педагогі ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі “Правядзенне прафарыентацыйнай работы ў рэгіёне: узаемадзеянне дзяржаўных і недзяржаўных структур з мэтай выканання дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кадраў”, е-mail-канферэнцыі “Роля класнага кіраўніка ў забеспячэнні профільнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, круглым стале “Профільныя класы педагагічнай накіраванасці: арганізацыйная, кадравая, вучэбна-метадычная падтрымка”, рэспубліканскім вэбінары “Метадычнае суправаджэнне дзейнасці профільных класаў педагагічнай накіраванасці”, рэспубліканскай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт, праблемы, перспектывы” і інш.

Л.Ф.Паўлоўская ўпэўнена, што цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі рознага тыпу ў дапрофільнай і профільнай падрыхтоўцы вучняў узаемавыгаднае і дзейснае пры выбары будучай прафесіі. Зладжаная і сістэмная работа ў гэтым напрамку прыносіць добрыя вынікі. Дзякуючы ёй выбар далейшай жыццёвай траекторыі выпускнікоў з’яўляецца спрагназаваным, падрыхтаваным і ўсвядомленым.