Дысцыпліна, бяспека, прафілактыка

07.10.2016
На чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама разглядаліся пытанні, звязаныя з арганізацыяй бяспечнага падвозу дзяцей да месцаў вучобы ў сельскай мясцовасці і забеспячэннем бяспечных умоў жыццядзейнасці ва ўстановах адукацыі, іх эфектыўным міжведамасным узаемадзеяннем у прафілактычнай рабоце з непаўналетнімі і гатоўнасцю сістэмы адукацыі да функцыянавання ў зімовых умовах. У рабоце калегіі, якая праходзіла на базе ясляў-сада – пачатковай школы № 10 Брэста, прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Беларусі С.В.Руды.

Галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення адукацыі Г.І.Ганчар расказаў, што сёння 297 аўтобусаў ажыццяўляюць падвоз каля 15,8 тысячы дзяцей у дашкольныя ўстановы і школы ў 16 раёнах Брэстчыны. Пераважная большасць аўтобусаў належыць аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Акрамя таго, у падвозе задзейнічаны транспарт СВК. Амаль 85% аўтобусаў эксплуатуюцца не больш за 10 гадоў. Сёлета былі закуплены 25 новых аўтобусаў “ПАЗ” і “МАЗ”.

- Актуальнымі праблемамі падвозу дзяцей з’яўляюцца падбор і цякучасць вадзіцельскіх кадраў у аддаленых і маланаселеных пунктах, - адзначыў Г.І.Ганчар. – Неабходна больш актыўна прыцягваць да работы на школьных аўтобусах вадзіцелей-жанчын. Патрабуюць вырашэння праблемы рэзервовых аўтобусаў для непрадбачаных сітуацый і руху школьнага аўтатранспарту па платных дарогах. Па-ранейшаму даволі актуальнай праблемай застаецца папярэджанне няшчасных выпадкаў на дарогах. Трывожная сітуацыя складваецца з дзіцячым дарожна-транспартным траўматызмам, прафілактыка якога з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці праваахоўных органаў і ўстаноў адукацыі. На жаль, не заўсёды прафілактычныя мерапрыемствы па выкананні правіл дарожнага руху з’яўляюцца выніковымі, пра што сведчыць сумная статыстыка ДАІ.

- Пытанні дзіцячай бяспекі маюць вялікае значэнне і адносіцца да іх без належнай увагі недапушчальна. На жаль, некаторыя кіраўнікі па-ранейшаму недаацэньваюць важнасць гэтых пытанняў, - заўважыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі.

Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк расказаў пра эфектыўнасць міжведамаснага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі ў арганізацыі прафілактычнай работы з непаўналетнімі:

- Установы адукацыі вобласці вядуць мэтанакіраваную работу па ўзмацненні выхаваўча-прафілактычнага ўздзеяння на вучняў праз вучэбную і працоўную занятасць, дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах і спартыўных секцый, мерапрыемствы па прапагандзе здаровага ладу жыцця. У гэтай рабоце органы кіравання адукацыяй і ўстановы адукацыі ўзаемадзейнічаюць з праваахоўнымі органамі, ІСН, КСН, камітэтамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзеламі па справах моладзі, установамі аховы здароўя, БРСМ і Беларускай праваслаўнай царквой.

У мінулым навучальным годзе ў аб’яднаннях па інтарэсах на базе ўстаноў адукацыі займаліся больш за 97% дзяцей (у школах – каля 62%, ва ўстановах дадатковай адукацыі – каля 35%).

Па словах М.К.Тарасюка, эфектыўнасць работы органаў кіравання адукацыяй залежыць ад паўнаты і якасці аналітычнай дзейнасці, у тым ліку ў сумежных зацікаўленых структурах. Неабходна своечасовая перадача аператыўнай і якаснай аналітычнай інфармацыі паміж усімі суб’ектамі прафілактыкі.

- Праведзена значная работа па павышэнні эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння ў прафілактыцы проціпраўных паводзін непаўналетніх, - адзначыў М.К.Тарасюк. – Абласныя ўпраўленні адукацыі, аховы здароўя і ўнутраных спраў распрацавалі план сумесных мерапрыемстваў па выяўленні і папярэджанні ўжывання і распаўсюджання наркатычных сродкаў сярод вучняў. Выконваецца план мерапрыемстваў па прававой асвеце школьнікаў і іх бацькоў. Рэгулярна праводзяцца псіхасацыяльнае анкетаванне і медыцынскі агляд вучняў і студэнтаў для выяўлення ўжывання алкаголю, наркатычных і псіхатропных рэчываў. У школах арганізоўваюцца тэматычныя прагляды відэафільмаў прафілактычнай накіраванасці, размяшчаецца актуальная інфармацыя на спецыяльных стэндах і ў прававых кутках, праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі РАУС, ІСН, МНС, пракуратуры, аховы здароўя, прадпрыемстваў і органаў улады.

З 2008 года дзейнічаюць бацькоўска-настаўніцкія патрулі з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў сярод моладзі падчас мерапрыемстваў у вячэрні час. На тэрыторыях устаноў прафесійнай адукацыі працуюць 18 маладзёжных атрадаў аховы парадку. Ва ўсіх школах вобласці праводзяцца адзіныя бацькоўскія дні, у рамках якіх ладзяцца бацькоўскія сходы, прысвечаныя эфектыўнаму ўзаемадзеянню школы, сям’і і грамадства па прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў, ужывання наркатычных сродкаў, алкаголю і тытунекурэння, а таксама па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці непаўналетніх (на такіх сходах прысутнічаюць каля 70% бацькоў). Летам у рэгіёнах вобласці працуюць перасоўныя мабільныя брыгады ў складзе медработнікаў, псіхолагаў, прадстаўнікоў праваахоўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў. Гэтыя брыгады праводзяць у аздараўленчых летніках работу па прафілактыцы п’янства і ўжывання наркотыкаў. Шэраг устаноў адукацыі дасылаюць на прадпрыемствы, дзе працуюць бацькі вучняў, пісьмы, у якіх расказваюць пра поспехі дзяцей, выказваюць падзяку за іх выхаванне ці паведамляюць пра ўхіленні ад выхаваўчых абавязкаў.

- У шосты школьны дзень ва ўстановах адукацыі вобласці арганізоўваюцца працоўнае выхаванне і прафарыентацыйная работа з удзелам ССНУ, ПТНУ і УВА, - расказаў М.К.Тарасюк. – Станоўчы вопыт работы ў гэтым напрамку назапашаны ў Жамчужненскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна, дзе рэалізоўваецца праект “Захаваем жыццё ў вёсцы!” па прафарыентацыі вучняў на рабочыя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі працоўных брыгад і лагераў працы і адпачынку падлеткаў, у тым ліку на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі.

- У міжведамасным узаемадзеянні застаецца шмат нявырашаных праблем, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – Здаецца, усе працуюць, а адчувальнага выніку няма. Эфектыўная сістэма ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў прафілактыкі пакуль не створана. Асноўныя намаганні варта сканцэнтраваць на павышэнні эфектыўнага міжведамаснага ўзаемадзеяння па пытаннях прафілактыкі сямейнага насілля, бяспекі жыццядзейнасці непаўналетніх, гендарнага выхавання і прававой асветы вучняў і іх бацькоў. У гэтай рабоце ўстановы адукацыі абавязаны паказваць прыклад прафесійнага падыходу да справы.

Намеснік міністра адукацыі С.В.Руды засяродзіў увагу на энергазберажэнні, аптымізацыі колькасці ўстаноў адукацыі і штатнага складу ў іх, асаблівасцях нарматыўнага фінансавання школ, рабоце з моладдзю і перапрафілізацыі гімназій, якія не паказваюць высокіх вынікаў у сваёй рабоце.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.