Педагагічная мабільнасць – аснова набыцця прафесійных кампетэнцый
05.10.2016Мэта падрыхтоўкі педагагічных кадраў заключаецца ў тым, каб стымуляваць вучняў да практычнага выкарыстання атрыманых ведаў. Гэта дазволіць выпускнікам у далейшым набыць канкурэнтаздольнасць, сацыяльную абароненасць, прафесійную мабільнасць, усебаковую кампетэнтнасць і навыкі творчага самаразвіцця. Змена месца, відаў ці ўмоў дзейнасці з’яўляецца выдатнай магчымасцю для самаадукацыі і самаўдасканалення. Прафесійная мабільнасць дазваляе пераадолець псіхалагічныя бар’еры, якія перашкаджаюць прафесійнай самарэалізацыі, навучыцца прымаць самастойныя і нестандартныя рашэнні, накіраваныя на павышэнне прафесіяналізму, хутка асвойваць новае адукацыйнае, сацыяльнае і культурнае асяроддзе. Асаблівую ролю ў гэтым адыгрывае матывацыя.
- Найбольш актуальнай у станаўленні прафесіяналізму педагогаў з’яўляецца культурная, прафесійная і педагагічная мабільнасць, - адзначае В.А.Стасюк. – Культурная мабільнасць – гэта здольнасць самастойна, свабодна і крытычна мысліць, творча ўспрымаць праграмы вучэбных дысцыплін і прапанаваную інфармацыю, знаходзіць нестандартныя рашэнні ў новых сітуацыях, прадбачыць характар і ход змен у пэўнай галіне і грамадскім развіцці ў цэлым. Педагагічная мабільнасць – гэта здольнасць педагога арганізаваць сумесную дзейнасць з іншымі суб’ектамі адукацыйнага працэсу (вучнямі, іх бацькамі, калегамі, адміністрацыяй) у адпаведнасці з мэтамі і задачамі сучаснай адукацыі, каштоўнасцямі сусветнай і нацыянальнай культуры. Прафесійная мабільнасць як частка сацыяльнай мабільнасці ўяўляе сабой рух па кар’ернай лесвіцы і павышэнне ўласнага прафесійнага майстэрства. Зразумела, што мабільнасць хутка не фарміруецца ў кожнага чалавека. Таму актуальнай праблемай з’яўляецца мэтанакіраваная работа з будучымі спецыялістамі па фарміраванні ў іх мабільнасці як важнай асабістай якасці. Прафесійная мабільнасць абапіраецца на педагагічную культуру і прафесійную кампетэнтнасць у розных галінах дзейнасці.
З мэтай паспяховай інтэграцыі маладых спецыялістаў у працоўны калектыў у 20-й школе дзейнічае “Школа маладога настаўніка”, якая дазваляе моладзі не толькі набыць вопытных куратараў, але і праявіць актыўнасць у самастойным пошуку, раскрыць інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Мэта аб’яднання – псіхалагічнае суправаджэнне маладых спецыялістаў падчас адаптацыі да працоўнага калектыву.
- Фарміраванне педагагічнай мабільнасці маладых настаўнікаў пачынаецца з удзелу ў пасяджэнні “Раскажы пра сябе”, - расказвае В.А.Стасюк. – Навык паспяховай самапрэзентацыі развіць складана, але неабходна, бо ўяўленне пра маладога педагога абумоўлівае эфектыўнасць супрацоўніцтва з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.
На пасяджэннях аб’яднання праводзіцца ранняя прафілактыка прафесійнага выгарання маладых педагогаў з мэтай іх падрыхтоўкі да будучых цяжкасцей. Кожны навучальны год пачынаецца з круглага стала “У новы навучальны год з новымі творчымі планамі, ідэямі, магчымасцямі”. Удзел у пасяджэнні “Арганізацыя работы з бацькамі” дапамагае арганізаваць узаемадзеянне з бацькамі вучняў, правільна скласці план работы і прадугледзець магчымыя праблемы і шляхі іх вырашэння ў калектыўнай дзейнасці. Пасяджэнне “Круглы стол: малады настаўнік вачыма школьніка” дапамагае многім педагогам “убачыць” сучасных дзяцей і даведацца пра іх уяўленне сучаснага настаўніка.
- З першых дзён работы ў школе за маладым спецыялістам замацоўваецца куратар, - працягвае В.А.Стасюк. – Менавіта ён дапамагае правільна скласці каляндарна-тэматычнае планаванне і эфектыўна правесці сучасны ўрок, падказвае пералік неабходнай метадычнай літаратуры і г.д. Рэгулярна адбываецца шчыры дыялог куратараў і маладых педагогаў, падчас якога першыя ацэньваюць дасягненні другіх.
В.А.Стасюк упэўнена, што педагог можа плённа супрацоўнічаць з іншымі людзьмі і быць шчаслівым толькі тады, калі валодае развітой камунікацыйнай культурай. Развіццё камунікацыйнай культуры асобы настаўніка прадугледжвае развіццё крытычнага мыслення, навыкаў сістэмнага аналізу, фармулявання ўласнай пазіцыі і мастацтва аргументацыі. Актыўнае выкарыстанне тэхналогіі “Педагагічныя дэбаты” садзейнічае вырашэнню гэтай задачы. Форма дэбатаў стымулюе развіццё камунікацыйных кампетэнцый, прымушаючы маладых педагогаў аргументавана выказваць свае меркаванні, глядзець на сітуацыю з розных пунктаў гледжання, прымаць пазіцыю супрацьлеглага боку. Магчымасць абагаціць мову і набыць камунікацыйныя навыкі ў гэтым выпадку больш важная за перамогу.
У школе стаў традыцыйным тыдзень педагагічнага майстэрства, у рамках якога кожныя 2 гады праводзіцца конкурс “Малады настаўнік года”. Удзельнікі спаборніцтва даюць адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы, вызначаюць лепшых падчас 3 выпрабаванняў. Так, педагогі рыхтуюць крэатыўную і запамінальную самапрэзентацыю, паспяхова вырашаюць складаныя праблемныя сітуацыі і выказваюць свой погляд на школу будучыні. Прафесійны конкурс накіраваны на фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці маладых спецыялістаў, іх патрэб у самаадукацыі і развіцці творчага патэнцыялу, падтрымку настаўніцкай ініцыятывы.
- Сёння надзвычай востра адчуваецца важнасць прафесійнай мабільнасці як рухальнай сілы развіцця асобы, - адзначае В.А.Стасюк. – Мабільнасць дазваляе маладым педагогам упэўнена ўдзельнічаць у розных семінарах і канферэнцыях, кампетэнтна абагульняючы і прэзентуючы свой вопыт. Каб вырасціць з маладога спецыяліста вопытнага настаўніка, неабходна распрацоўваць план прафесійнага станаўлення маладога педагога і нястомна працаваць над развіццём і удасканаленнем культурнай, педагагічнай і прафесійнай мабільнасці як асноўнай якасці асобы настаўніка новай школы. Гэта не толькі дазволіць пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю, але і пасадзейнічае творчаму развіццю педагога.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.