Хочаш жыць багата – скараці затраты

04.10.2016
У Пагранічнай сярэдняй школе Камянецкага раёна вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням энергазберажэння. Педагогі вучаць дзяцей эканоміі электраэнергіі, водных і цеплавых рэсурсаў за кошт рацыянальнай арганізацыі іх спажывання.

- Энергазберажэнне ў школе ўключае мерапрыемствы па маніторынгу спажывання энергарэсурсаў, рэгуляванні расходу вода-, цепла- і электрарэсурсаў і павышэнні матывацыі вучняў да эканоміі энергарэсурсаў, - расказвае дырэктар школы Жанна Іванаўна Аўдзей. – Каб работа педагогаў была эфектыўнай, неабходна навучыць дзяцей берагчы і захоўваць энергію не толькі ў школе, але і дома. З гэтай мэтай вывучаецца адпаведная нарматыўная прававая база, выбіраецца патрульная група па кантролі за эканоміяй энергарэсурсаў, праводзяцца анкетаванне “Энергазберажэнне – гэта…”, маніторынг паказанняў электра-, цеплалічыльнікаў і лічыльнікаў вады, інфармацыйныя і класныя гадзіны, тэматычныя бацькоўскія сходы. Акрамя таго, пытанні энергазберажэння ўключаюцца ў структуру ўрокаў.

Сёння ў школе праведзены асноўныя мерапрыемствы па энергазберажэнні. Так, старыя драўляныя вокны і дзверы заменены на пластыкавыя, дзякуючы чаму істотна зменшылася страта цяпла, асабліва ў асенне-зімовы перыяд. Знізілася захваральнасць дзяцей. Паўсюль устаноўлены энергазберагальныя лямпы. У планах – устаноўка бескантактных змешвальнікаў з фотаэлементамі, якія расходуюць у 6 разоў менш вады, чым звычайныя краны.

- Праблемы энергаэфектыўнасці займаюць важнае месца ў выхаваўчай дзейнасці, - адзначае Ж.І.Аўдзей. – Так, шасцікласнікі з бацькамі выканалі практычную работу “Колькі мы трацім грошай у дзень на электрычнасць?”. Школьнікі вывучалі расход бытавой электраэнергіі на працягу месяца. На першы погляд, лічбы аказаліся невялікімі – каля 1 рубля ў дзень. Але за месяц набегла ажно 30 рублёў. Гэта добрая нагода для пачатку эканоміі. Дарослыя і дзеці пачынаюць задумвацца, як больш ашчадна расходаваць цяпло і электрычнасць.

У даследчых і праектных работах вучняў адлюстроўваюцца як тэарэтычныя, так і практычныя распрацоўкі спосабаў энергазберажэння ў канкрэтных умовах. Важна, што тэмы праектаў прывязаны да рэальных праблем і патрэб школы, дома, вёскі. Так, у рабоце “Біяэнергетыка: перавагі і недахопы” вучні разлічвалі колькасць атрыманай энергіі пры спальванні адходаў са смеццевай звалкі, размешчанай непадалёк аграгарадка.

- У школе праводзіцца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне матывацыі вучняў да эканоміі энергарэсурсаў, - гаворыць Ж.І.Аўдзей. – Сярод іх: вусныя часопісы “Дамашняя эканоміка” і “Сучасныя праблемы рынку сыравінных рэсурсаў”, гульні-падарожжы “Энергія і чалавек”, “Берагоша, будзь здаровы”, “Акадэмія беражлівасці”, “Блакітны аганёк”, “Увайдзі ў прыроду сябрам” і “Беражлівасць даражэй за багацце”, круглы стол “Не спяшайцеся выкідваць смецце”, гутаркі “Энергазберажэнне ў сучасным свеце”, “Я пазнаю свет эканомікі” і “Захаваем прыроду – захаваем жыццё”, дыскусія з праглядам відэароліка “Мінус 60 ват у кожнай кватэры”, эканамічная гульня-віктарына “Эканамічная кругасветка”, лекторый “Энергазберажэнне”, выстава малюнкаў “Наш уклад у школьную эканоміку” і гадзіна зносін “Хочаш жыць багата – скараці затраты”.

Ж.І.Аўдзей лічыць, што эканомнае расходаванне цепла- і электраэнергіі, прыроднага газу, вады і іншых рэсурсаў павінна стаць нормай жыцця для кожнай беларускай сям’і. Таму вельмі важна весці асветніцкую работу сярод бацькоў па выхаванні ў дзяцей беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. Дзеля гэтага праводзяцца гутаркі на бацькоўскіх сходах і індывідуальныя гутаркі на тэмы “Выхаванне эканоміі і беражлівасці – умова паспяховага жыцця вашага дзіцяці”, “Як выхаваць грамадзяніна”, “Усё пачынаецца з выхавання: пра беражлівасць і адказнасць”, “Эканомім электраэнергію дома”, “Беражыце электраэнергію” і інш.

- Мэтанакіраванае навучанне бацькоў эканоміі і беражлівасці не толькі садзейнічае выхаванню гэтых карысных якасцей у дзяцей, але і прыцягвае ўвагу грамадскасці да праблем энергакарыстання, эканоміі электраэнергіі і энергарэсурсаў, аховы навакольнага асяроддзя, - расказвае Ж.І.Аўдзей. – Кожны вучань павінен адчуваць сваю адказнасць за будучыню планеты. З гэтай мэтай у школе адбылася цікавая акцыя, удзельнікі якой павінны былі правесці дамашняе даследаванне спажывання электраэнергіі, абмеркаваць з сябрамі і бацькамі праблемы і спосабы энергазберажэння, паўтарыць даследаванне з дапамогай спосабаў энергазберажэння і зрабіць высновы, а затым прымяніць практычныя рэкамендацыі па эканоміі электраэнергіі, цяпла і вады ў школе і дома.

Ж.І.Аўдзей упэўнена, што энергазберажэнне – гэта найперш пытанне культуры і свядомасці чалавека. Але чаму гэтая праблема стала надзвычай актуальнай толькі апошнім часам? Па-першае, у людзей раней было няпоўнае ўяўленне пра энергетычны крызіс на планеце. Па-другое, у людзей назіралася нізкая матывацыя да энергазберажэння, абумоўленая таннасцю электраэнергіі і малой інфармаванасцю.

- Маніторынг спажывання энергарэсурсаў, арганізацыя ўліку і кантролю па іх рацыянальным выкарыстанні і нарміраванні, штогадовыя тэматычныя акцыі і выхаваўчыя мерапрыемствы дазваляюць сфарміраваць у свядомасці вучняў уяўленне пра важнасць энергазберажэння. Работа ў гэтым напрамку стварае ўмовы для разумення школьнікамі эфектыўнасці энергакарыстання і выхавання ў іх адказнасці за ашчаднае стаўленне да электраэнергіі, цяпла, вады і прыроды ў цэлым праз актывізацыю эмацыянальнай, інтэлектуальнай і дзейнаснай сфер асобы. Галоўная праблема ў дасягненні поспеху – гэта лад жыцця. Змяніўшы яго, мы дапаможам і сабе, і навакольнаму свету, - падагульняе Ж.І.Аўдзей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.