Эфектыўна кіраваць сучаснай дашкольнай установай
30.09.2016Адкрываючы пасяджэнне, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі адзначыў, што якасць адукацыі залежыць ад эфектыўнай кіраўніцкай дзейнасці, якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення. Сістэме адукацыі неабходны кампетэнтныя кіраўнікі, здольныя выконваць любыя задачы ў сучасных умовах.
- Сёння на Брэстчыне дзейнічаюць 473 установы дашкольнай адукацыі і 108 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад – школа”, якія наведваюць каля 61,2 тысячы дзяцей, - расказаў Ю.М.Прасмыцкі. – З 2010 года ў вобласці былі пабудаваны 18 дашкольных устаноў. Іх будаўніцтва і аптымізацыя будуць працягнуты.
Амаль 91% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў ахоплены дашкольнай адукацыяй (у сельскай мясцовасці – каля 68%). Усе дзеці 5-гадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы. Зыходзячы з колькасці ўстаноў і іх праектнай магутнасці, забяспечанасць месцамі складае каля 94%. Вядзецца работа па адкрыцці розных форм дашкольнай адукацыі. Іх колькасць з году ў год павялічваецца. Так, калі ў 2010 годзе ў вобласці дзейнічалі 58 груп кароткачасовага знаходжання, то летась – 332.
Жыхары новых гарадскіх мікрараёнаў атрымліваюць месцы ў дашкольных установах па месцы жыхарства з улікам варыянтаў, зручных для бацькоў. Праўда, тычыцца гэта толькі тых, хто мае ў такіх месцах асаблівую патрэбу.
Па словах Ю.М.Прасмыцкага, Брэстчына на працягу некалькіх гадоў утрымлівае ў краіне лідарства па ўзроўні кадравага патэнцыялу дашкольнай адукацыі. Так, вышэйшую адукацыю маюць 66% выхавальнікаў, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю – 56,5%.
У 2012 годзе ў вобласці быў створаны Савет загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі, на пасяджэннях якога абмяркоўваюцца розныя актуальныя пытанні: прафілактыка траўматызму дашкольнікаў, павышэнне кіраўніцкай кампетэнтнасці загадчыкаў дашкольных устаноў па выкарыстанні ІКТ пры арганізацыі харчавання, атэстацыя педагогаў у адпаведнасці з існуючымі нарматыўнымі прававымі актамі і інш.
Начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі А.Л.Давідовіч абазначыла прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі ў новым навучальным годзе. Сярод іх – забеспячэнне даступнасці якаснай дашкольнай адукацыі, бяспечных і здароўезберагальных умоў у дашкольных установах, удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу ў іх.
- Сёння ў краіне працуе 3951 установа дашкольнай адукацыі, дзе выхоўваюцца амаль 410 тысяч дзяцей, - паведаміла А.Л.Давідовіч. – Сетка дашкольных устаноў уключае санаторныя і спецыяльныя дзіцячыя сады, дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці і вучэбна-педагагічныя комплексы. Дашкольнай адукацыяй ахоплены амаль 95% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў (у сельскай мясцовасці – каля 66%).
Адна з найбольш актуальных праблем – забяспечанасць месцамі ў дзіцячых садах. У найбліжэйшыя 5 гадоў гэтая праблема будзе вырашацца рознымі шляхамі: праз будаўніцтва 70 дашкольных устаноў, размяшчэнне 11 дзіцячых садоў на першых паверхах жылых будынкаў, стварэнне 375 груп кароткачасовага знаходжання, адкрыццё 6 сямейных дзіцячых садоў і 6 прыватных дашкольных устаноў, арганізаваны падвоз дашкольнікаў.
- Актыўна ўкараняюцца розныя формы дашкольнай адукацыі: сезонныя і гульнявыя пляцоўкі, прагулачныя, вячэрнія і адаптацыйныя групы, групы выхаднога дня, групы па падрыхтоўцы да школы, сямейныя дзіцячыя сады і мацярынскія школы, - расказала А.Л.Давідовіч. – Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 13 прыватных дашкольных устаноў. Амаль 59% выхавальнікаў маюць вышэйшую адукацыю, вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю – амаль 53%. Адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень педагогаў патрабуе паляпшэння.
Удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу ў дашкольных установах уключае распрацоўку і ўкараненне ў педагагічную практыку неабходнага навукова-метадычнага забеспячэння, выкарыстанне асобасна арыентаваных тэхналогій ва ўзаемадзеянні выхавальнікаў і бацькоў, забеспячэнне пераемнасці паміж сямейным выхаваннем, дашкольнай і пачатковай адукацыяй, павышэнне якасці эксперыментальных і інавацыйных праектаў, удасканаленне сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў і павышэнне іх сацыяльнага статусу.
- Інавацыйная дзейнасць з’яўляецца дзейсным рэсурсам абнаўлення адукацыі і павышэння яе якасці, - адзначыла метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Т.А.Дзівакова. – У 2016/2017 навучальным годзе 123 дашкольныя ўстановы краіны рэалізоўваюць інавацыйныя праекты па 15 актуальных тэмах. Сярод іх: “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”, “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, “Укараненне мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту” і інш. Рэалізоўваюцца сумесныя праекты, якія ахопліваюць дашкольную, пачатковую, спецыяльную і агульную сярэднюю адукацыю: “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”, “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці вучняў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”, “Укараненне мадэлі развіцця маўленчых здольнасцей дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення сродкамі выяўленчай творчасці ва ўстанове дашкольнай адукацыі і сям’і” і інш. Важна, каб апрабаваны вопыт інавацыйных пляцовак актыўна ўкараняўся ў масавую адукацыйную практыку.
Загадчыца ясляў-сада № 372 Мінска Л.Я.Герасімава падзялілася вопытам па ўмацаванні кадравага патэнцыялу ўстановы:
- Сёння ў сталічных дашкольных установах адчуваецца недахоп высокакваліфікаваных педагогаў і лішак выхавальнікаў без спецыяльнай адукацыі. Наш яслі-сад не выключэнне.
Работа па ўмацаванні кадравага патэнцыялу праводзіцца ў розных напрамках. Так, наладжана ўзаемадзеянне з БДПУ імя Максіма Танка. Пасля прэзентацыі ўстановы ва ўніверсітэце некалькі студэнтаў-старшакурснікаў факультэта дашкольнай адукацыі прыйшлі працаваць у дзіцячы сад. Рэзерв кадраў рыхтуецца са свайго калектыву. Некалькі памочнікаў выхавальніка атрымліваюць педагагічную адукацыю ў БДПУ імя Максіма Танка. Акрамя таго, адміністрацыя ўстановы матывуе педагогаў без профільнай адукацыі праходзіць перападрыхтоўку. Вялікая ўвага ўдзяляецца метадычнай вучобе маладых педагогаў і педагогаў без профільнай адукацыі.
Сёння ўсяго каля 45% выхавальнікаў установы маюць профільную адукацыю, а вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю – амаль 42%. Толькі планамерная і мэтанакіраваная работа з педагогамі дазволіць захаваць існуючы кадравы патэнцыял і забяспечыць установу ў будучыні высокакваліфікаванымі кадрамі, якія ўсвядомлена выбралі педагагічную прафесію.
Загадчыца ясляў-сада № 80 Брэста І.В.Жыгар вяла гаворку пра забеспячэнне даступнасці адукацыі ва ўмовах груп кароткачасовага знаходжання: “Ва ўстанове вядзецца работа па пашырэнні эканамічна мэтазгодных і сацыяльна запатрабаваных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі. Так, з 2013 года ў яслях-садзе дзейнічае група кароткачасовага знаходжання для дзяцей, якія не наведваюць установу. Група стваралася з мэтай павышэння выхаваўчага патэнцыялу сям’і і псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў, рознабаковага развіцця дзяцей і іх ранняй сацыялізацыі, што забяспечыць паспяховую адаптацыю малышоў да ўмоў дашкольнай установы. Група функцыянуе па гнуткім рэжыме: 2 разы ў тыдзень па 2 гадзіны ў дзень. З бацькамі і дзецьмі праводзяцца сумесныя мерапрыемствы па прынцыпе “бацькі – дзіця – педагог”, “педагог – дзіця” і “бацькі – дзіця”. Акрамя выхавальнікаў, з дзецьмі працуюць музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання і педагог-псіхолаг. Маніторынг паказвае, што бацькі задаволены работай групы. Паколькі найбольшыя цяжкасці ў пытаннях выхавання, навучання і развіцця дзяцей адчуваюць маладыя сем’і, было вырашана стварыць клуб “Маладая сям’я” для аказання ім неабходнай псіхолага-педагагічнай падтрымкі. Запатрабаванай формай арганізацыі дашкольнай адукацыі з’яўляецца група вячэрняга знаходжання для дзяцей, якія пастаянна наведваюць установу”.
Загадчыца ясляў-сада № 101 Гродна Ж.М.Казловіч гаварыла пра ролю кіраўніка ў фарміраванні станоўчага іміджу дашкольнай установы. На гэта накіраваны шэраг мерапрыемстваў. Так, першапачаткова былі вывучаны запыты бацькоў і дзяцей. Добра аб’ядноўваюць удзельнікаў адукацыйнага працэсу традыцыі ўстановы: выставы, спартыўныя гульні, акцыі і інш. Вынікі работы ясляў-сада актыўна транслююцца праз сайт і СМІ. Педагогі шырока выкарыстоўваюць інтэрактыўныя формы і метады навучання. Вялікая ўвага ўдзяляецца педагагічнай творчасці. Лепшы вопыт прапагандуецца сярод калег. Важную ролю ў павышэнні іміджу адыгрываюць таксама эстэтычнае афармленне ўстановы і арыгінальны ландшафтны дызайн. Іміджавыя характарыстыкі з’яўляюцца дзейснай рэкламай ясляў-сада.
Загадчыца ясляў-сада № 7 Светлагорска А.А.Шчарбіна расказала пра дзейнасць ва ўстанове творчай групы педагогаў, якая з’яўляецца генератарам новых ідэй, школай прафесійнага майстэрства і добрым памочнікам для адміністрацыі. Група – гэта часовае аб’яднанне маладых, вопытных і крэатыўных выхавальнікаў у складзе 5 – 10 чалавек для вырашэння пэўных пытанняў і падрыхтоўкі значных мерапрыемстваў. Падчас работы ў групе ва ўдзельнікаў фарміруецца ўласны стыль педагагічнай дзейнасці. Кожны займаецца канкрэтнай работай.
А.А.Шчарбіна лічыць, што задача кіраўніка заключаецца ў тым, каб пабудзіць педагогаў да творчай дзейнасці, якая стала б у далейшым натуральнай патрэбай. Цікавымі формамі работы з’яўляюцца эксперыментальнае псіхалагічнае таварыства “ЭКСПА”, дзе фарміруюцца навыкі міжасобасных зносін, і пастаянна дзеючыя кансультацыйныя пункты розных спецыялістаў у групах.
Даволі цікавымі былі выступленні і іншых кіраўнікоў дашкольных устаноў: Я.Я.Філіповіч з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Фаніпаля Дзяржынскага раёна, Т.М.Біч з Яроміцкага ясляў-сада Кобрынскага раёна, А.І.Крукоўскай з ясляў-сада № 116 Магілёва і В.А.Клім з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.