Свята для аматараў тэатральнага мастацтва

16.09.2016
У дваццаць першы раз Брэст сабраў удзельнікаў Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”. Мерапрыемства з’яўляецца значнай падзеяй не толькі ў культурным жыцці горада над Бугам, але і Беларусі. На працягу тыдня калектывы з краін блізкага і далёкага замежжа дэманстравалі тэатральнае майстэрства.

Сёлета спаўняецца 25 гадоў з моманту стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Арганізатары фестывалю (Брэсцкі абл- і гарвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы) палічылі гэта добрай нагодай для вызначэння тэматычнай накіраванасці сёлетняга мерапрыемства. Таму ў тэатральнай афішы было надзвычай шмат спектакляў, створаных тэатрамі СНД.

У фестывалі прынялі ўдзел драматычныя, пляцовачныя, музычныя і пластычныя тэатры з 16 краін свету: Арменіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Туркменістана, Украіны, Францыі і Чэхіі. Усяго было паказана 26 спектакляў ад 26 тэатральных калектываў.

У праграме сёлетняга фестывалю былі прадстаўлены розныя тэатральныя жанры: тэатр формы, гульня ў гатычны трылер, драма, непраўдападобная прытча, школьны квест, фантасмагорыя, рок-опера, мюзікл і камедыя. Акрамя таго, увазе гледачоў былі прапанаваны монаспектаклі, вулічныя і харэаграфічныя пастаноўкі.

На працягу тэатральнага тыдня побач з класічнымі творамі М.Гогаля, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Ч.Айтматава і У.Шэкспіра суседнічалі спектаклі па сучаснай драматургіі. Так, Дзяржаўны акадэмічны рускі тэатр імя Максіма Горкага (Астана, Казахстан) сыграў драму “Язычнікі” паводле п’есы А.Яблонскай, якая з’яўляецца лаўрэатам маскоўскай прэміі “Мастацтва кіно”. Гэта вынік сумеснай работы са знакамітым літоўскім рэжысёрам Ёнасам Вайткусам. А вось вядомы англійскі драматург і акцёр Піп Утан, майстар пераўвасабленняў, прыехаў на фестываль з лірычнай монадрамай “Чаплін” пра лёс сусветна вядомага коміка.

Спектаклі гучалі на 8 мовах (з перакладам): па-руску, па-беларуску, па-англійску, па-азербайджанску, па-армянску, па-казахску і па-французску, а таксама на польска-беларускім дыялекце. Пастаноўкі ішлі на 5 пляцоўках: у вялікай і малой залах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці і на плошчы Леніна.

Вялікую частку фестывальнай праграмы склалі драматычныя пастаноўкі. Сярод іх: “Дванаццатая ноч” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага (Беларусь), “Казіны востраў” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, “Дзядзька Ваня” Ноўгарадскага акадэмічнага тэатра імя Ф.М.Дастаеўскага (Расія), “Дурні” і “Рэвізор” Дзяржаўнага нацыянальнага рускага тэатра драмы імя Ч.Айтматава (Кыргызстан), “Асенняе сонца” Капанскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А.Шырванзадэ (Арменія),

“Дарагая Алена Сяргееўна” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (Беларусь), “Патрабуецца стары клоўн” Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра юнага гледача, “Ведзьма” Валкскага гарадскога тэатра (Латвія), “Гамлет. NEXT” Ачынскага драматычнага тэатра (Расія) і “Тут жыве Ніна” Маскоўскага тэатра “Школа сучаснай п’есы” (Расія).

Даволі цікавымі атрымаліся музычныя і музычна-харэаграфічныя спектаклі: музычная камедыя “Ноч перад Калядамі” Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Т.Р.Шаўчэнкі, рок-опера “Белая варона” Дзяржаўнага рускага маладзёжнага драматычнага тэатра “З вуліцы ружаў” (Малдова), музычна-драматычны монаспектакль “Пачакай, сонца!” Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра, мюзікл “Раскольнікаў” Міжнароднага славянскага інстытута (Расія), харэаграфічныя спектаклі “Белае – чорнае” Запарожскага муніцыпальнага тэатра танца (Украіна) і “Па-дэ-дэ: ад вальца да хіп-хопа” кампаніі De Fakto (Францыя), Necuvinte (“Не-словы”) невербальнага тэатра тэатральнай кампаніі Passe-Pertout Dan Puric (Румынія) і “Хор сірот” тэатра “ХТО” (Польшча).

Сярод монаспектакляў варта вылучыць “Ксенію” тэатра Чрэва (Польшча), “Чапліна” тэатральнай кампаніі “Піп Утан” (Вялікабрытанія) і “Рудольфа Нурыева. 48 гадзін” тэатра “Руская сцэна” (Германія).

На пляцоўках былі паказаны пастаноўкі “Чайка” Львоўскага акадэмічнага тэатра “Воскресиння” (Украіна) і ZERO Тэатра новага фронту (Чэхія).

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.