Камп’ютарныя гульні могуць быць і… літаратурнымі

09.09.2016
На абласной канферэнцыі намеснікаў дырэктараў ПТНУ і ССНУ Брэстчыны, якая адбылася на базе Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, ішла размова аб праблемах, дасягненнях і перспектывах развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Дырэктар Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Станіслаў Ляшчук расказаў пра гісторыю і перспектывы развіцця ўстановы адукацыі, педагагічны калектыў. Намеснік начальніка аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі Вера Шапавал засяродзіла ўвагу на якасці падрыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійнай адукацыі. Намеснік дырэктара Брэсцкага дзяржаўнага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Ларыса Міхальчук гаварыла пра конкурсны рух у прафесійнай адукацыі вобласці. Намеснік дырэктара Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання Алена Боркун расказала пра развіццё прафесійных якасцей будучых спецыялістаў праз даследчую і творчую дзейнасць. З вялікім інтарэсам было ўспрынята выступленне педагога-псіхолага Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Вольгі Рыбачук пра асаблівасці работы з асаблівымі дзецьмі. Намеснік дырэктара Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Алена Іўковіч вяла гаворку пра кампетэнтную і паслядоўную прафілактыку правапарушэнняў сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі. З работай па прадухіленні распаўсюджвання наркаспажывання ў вобласці ўдзельнікаў канферэнцыі азнаёміў намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі УУС Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Жыгар.

Падчас канферэнцыі прайшоў ІІІ кірмаш сацыяльна-педагагічных праектаў прафесійнай адукацыі, арганізаваны Брэсцкім абласным вучэбна-метадычным цэнтрам прафесійнай адукацыі. Гэты цэнтр праводзіць вялікую работу па выяўленні, распаўсюджванні і ўкараненні перадавога педагагічнага вопыту ў практыку ўстаноў прафесійнай адукацыі. На І кірмашы, які прайшоў у 2014 годзе на базе Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, былі прэзентаваны 14 праектаў з 12 устаноў адукацыі. ІІ кірмаш адбыўся на базе Белаазёрскага дзяржаўнага ПТК электратэхнікі. На ім былі заяўлены 38 праектаў з 24 устаноў адукацыі. У ІІІ кірмашы ўдзельнічалі 33 праекты з 27 устаноў адукацыі ў 3 намінацыях: “Методыка і тэхналогіі прафесійнай адукацыі”, “Выкладанне вучэбных прадметаў агульнаадукацыйнага кампанента” і “Сучасныя сродкі выхавання працаўніка-стваральніка”.

Работы ацэньвалі экспертныя групы. 16 праектаў былі адзначаны дыпломамі абласнога ўпраўлення адукацыі. Сярод іх: работы Святланы Колб і Ліліі Стоян з Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці (“Рэалізацыя прынцыпу нагляднасці сродкамі выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у працэсе фарміравання прафесійных ведаў навучэнцаў” і “Выхаванне нацыянальнай культуры і любові да роднай мовы ў працэсе арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў”), а таксама Надзеі

Дзем’янюк з Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці (“Пазаўрочная работа як сродак развіцця пазнавальнай цікавасці і творчых здольнасцей пры навучанні рускай мове і літаратуры”).

Надзея Дзем’янюк працавала над праектам больш за год. Выкладчыца ўпэўнена, што для развіцця пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей навучэнцаў на ўроках рускай мовы і літаратуры неабходна стварыць адзіную сістэму ўрочнай і пазаўрочнай работы, якая павышае матывацыю да навучання, фарміруе творчае мысленне, паглыбляе веды па прадмеце.

Надзея Дзем’янюк актыўна выкарыстоўвае ў рабоце камп’ютарныя літаратурныя гульні. Педагог доўга шукала такі спосаб пазаўрочнай занятасці, які дазволіў бы ахапіць максімальную колькасць навучэнцаў без прымусу. На дапамогу, як ні дзіўна, прыйшлі гаджэты.

Выкладчыца спрабуе пераканаць выхаванцаў, што камп’ютар з’яўляецца інструментам для рэальнай дапамогі ў жыцці чалавека. Была створана група навучэнцаў, былі вызначаны тэма, мэты, задачы і формы рэалізацыі эксперыментальнай работы.

У чым сутнасць стварэння камп’ютарных літаратурных гульняў? Работа над праектам складаецца з 3 этапаў. Пачатковы этап стварэння мадэлі літаратурнай гульні на базе выбраных сродкаў з’яўляецца найбольш складаным: неабходна вывучыць крыніцы інфармацыі, сабраць фактычны матэрыял, вылучыць яго розныя аспекты, сфармуляваць выразныя, канкрэтныя пытанні і заданні, а таксама адказы да іх. Для рэалізацыі гэтага этапу была выбрана тэма “А.П.Чэхаў. Жыццё і творчасць”. На наступным этапе апрацоўваюцца падрыхтаваныя матэрыялы. Настаўніку і навучэнцам трэба авалодаць навыкамі работы з рознымі праграмнымі прадуктамі, падрыхтаваць і апрацаваць розныя матэрыялы, стварыць анімацыйныя эфекты, выканаць гукавое афармленне. На заключным этапе будуць скамплектаваны некалькі рознаўзроўневых груп навучэнцаў, якія створаць розныя мадэлі гульняў па вучэбнай праграме рускай літаратуры для навучэнцаў І і ІІ курса.

Плюсы такой пазаўрочнай занятасці Надзея Дзем’янюк бачыць у пераемнасці зместу ўрока і пазаўрочных заняткаў, развіцці самастойнасці і ініцыятывы навучэнцаў, павышэнні матывацыі да вывучэння інфарматыкі, рускай мовы і літаратуры на аснове міжпрадметных сувязей, развіцці філалагічнага светапогляду навучэнцаў, выхаванні духу калектывізму і адказнасці за свой напрамак у агульнай рабоце над праектам.

- Праект можа выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці любы педагог, - гаворыць Надзея Дзем’янюк. – Гульні ствараць няпроста, але маючы ўжо зробленыя альфа-тэсты гульняў, можна лёгка мяняць унутрыгульнявы тэкст і выкарыстоўваць гульню на любых вучэбных занятках.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі.