Выбраць будучыню сёння

05.09.2016
Ад правільнага выбару прафесіі залежыць лёс чалавека. У сярэдняй школе № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава назапашаны эфектыўны вопыт прафарыентацыйнай работы з вучнямі, якая вылучаецца сістэмнасцю, мэтанакіраванасцю і выніковасцю.

- Прафарыентацыя ажыццяўляецца па блоках, якія ўключаюць адукацыйную, інфармацыйна-аналітычную, экспертна-кансультацыйную, навукова-даследчую і рэдакцыйную дзейнасць, - расказвае настаўніца абслуговай працы 20-й школы Л.В.Васілеўская. – Адукацыйная дзейнасць – гэта псіхолага-педагагічнае ўзаемадзеянне з вучнямі, фарміраванне аб’яднанняў па інтарэсах і факультатываў, супрацоўніцтва з Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групай імя Ф.Э.Дзяржынскага, Беларускім дзіцячым фондам, раённым ЦКРНіР “Стымул”, юрыдычнымі службамі, праваахоўнымі органамі і Вальфдорфскай школай Равенсбурга (Германія).

Інфармацыйна-аналітычная дзейнасць прадугледжвае арганізацыю тыдняў прафарыентацыі і бацькоўскіх сходаў, тэматычнае інфармаванне вучняў 6 – 8 класаў, размяшчэнне прафарыентацыйнай інфармацыі ПТНУ, ССНУ і УВА, правядзенне конкурсаў і выстаў з мэтай развіцця пераемнасці ў прафесійнай асвеце школьнікаў малодшага і сярэдняга звяна.

Экспертна-кансультацыйная дзейнасць накіравана на супрацоўніцтва з гарадскім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінатам, цэнтрам “Прафарыенцір” і кафедрай сацыяльнай работы БрДУ імя А.С.Пушкіна, Брэсцкім абласным ІРА, а таксама на ўзаемадзеянне з гарадскім цэнтрам занятасці насельніцтва, абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Мэта навукова-даследчай дзейнасці заключаецца ў развіцці асобы вучняў у школьным навуковым таварыстве “Шанс” і педагагічным суправаджэнні юных даследчыкаў. Рэдакцыйная дзейнасць уключае публікацыю артыкулаў у перыядычным друку і выпуск школьнага метадычнага весніка “Прыярытэтныя напрамкі развіцця прафарыентацыйнай дзейнасці”.

- Штогод у школе складаецца план прафарыентацыйнай работы з вучнямі 2 – 11 класаў, - гаворыць Л.В.Васілеўская. – У рэалізацыі плана задзейнічаны адміністрацыя школы, савет па прафарыентацыі, настаўнікі, сацыяльна-педагагічная служба, бібліятэка, медыцынскія работнікі, сацыяльныя партнёры і вучні 7 – 9 класаў, якія праводзяць класныя гадзіны па прафарыентацыі з малодшымі школьнікамі, усвядомлена матывуючы сябе на педагагічныя спецыяльнасці. Савет па прафарыентацыі з ліку вучняў 8 – 9 класаў дапамагае праводзіць тыдні прафарыентацыі, сістэматызуе і падводзіць іх вынікі. У школе выпускаецца газета “Прафесійны арыенцір”.

Ва ўстанове адукацыі працуюць 27 аб’яднанняў па інтарэсах. Педагогі-псіхолагі аказваюць дзецям псіхалагічную падтрымку, суправаджаюць і каардынуюць мерапрыемствы камунікацыйнага характару, дапамагаюць вучням адаптавацца да сітуацый публічнага выступлення.

У рамках супрацоўніцтва з пагранічнай групай праводзяцца сумесныя мерапрыемствы і агульнашкольныя дні здароўя для старшакласнікаў, арганізоўваецца наведванне музея Ф.Э.Дзяржынскага і заставы імя А.М.Кіжаватава для класа юных пагранічнікаў, працуе гурток “Пастовец”. Акрамя таго, дзесяцікласнікі наведваюць школу прапаршчыкаў.

- Асаблівая ўвага ў школе ўдзяляецца валанцёрскаму руху, які ўключае супрацоўніцтва з Беларускім дзіцячым фондам, Чырвоным Крыжам, раённым ЦКРНіР “Стымул”, правядзенне дабрачынных акцый па зборы цацак і канцылярскіх тавараў, удзел у дабрачынным праекце “Любоўю абаронім”, - адзначае Л.В.Васілеўская. – На кожным уроку настаўнікі праводзяць сувязі сваіх прадметаў з прафесійнай сферай. Назіраючы за паводзінамі, вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасцю школьнікаў, педагогі рэкамендуюць і падбіраюць для кожнага з іх пэўную справу.

На высокім узроўні арганізавана ўзаемадзеянне школьнай сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службы з рознымі праваахоўнымі структурамі горада. Вучні рэгулярна сустракаюцца з супрацоўнікамі РАУС, ІСН, ДАІ і МНС, якія праводзяць для іх прафілактычныя і прафарыентацыйныя гутаркі, а таксама дні адкрытых дзвярэй. Штогод УУС Брэсцкага аблвыканкама ладзіць круглыя сталы па прафарыентацыі. На працягу доўгага часу СППС школы актыўна супрацоўнічае з юрыдычным факультэтам БрДУ імя А.С.Пушкіна. У рамках міжведамаснага праекта “Юрыдычная клініка” студэнты арганізоўваюць тэматычныя мерапрыемствы з вучнямі рознага ўзросту.

- З мэтай прававога выхавання рэалізоўваюцца праекты “Закон і я” і “Планета здароўя”, - расказвае Л.В.Васілеўская. – Сёлета разам з сярэдняй школай № 13 ажыццяўляўся праект “Бяспечны мікрараён”. Ва ўстанове абсталяваны куток прававых ведаў і стэнд па прафарыентацыі на юрыдычныя спецыяльнасці. Работнікі бібліятэкі праводзяць гутаркі з шасцікласнікамі на тэму “Усе прафесіі важныя, усе прафесіі неабходныя”, падчас якіх абмяркоўваюцца матывы выбару прафесіі. Акрамя таго, арганізоўваюцца кніжныя выставы на тэму “Выбірайце прафесію”. На занятках гуртка “Юны бібліятэкар” вучням прывіваецца інтарэс да літаратурнай творчасці. Лепшыя вершы публікуюцца ў школьным друку.

Супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі адукацыі дапамагае вучням атрымаць найбольш поўную інфармацыю аб прафесіях і магчымасцях іх атрымання. Так, старшакласнікі праходзяць прафесійнае навучанне ў гарадскім міжшкольным ВВК. Супрацоўнікі цэнтра “Прафарыенцір” БрДУ імя А.С.Пушкіна праводзяць з вучнямі дыскусіі і віктарыны “У пошуках прызвання” і “Формула прафесій”, тэматычныя класныя гадзіны “Свет прафесій”, “Прафесіі вакол нас” і “Завочнае падарожжа ў свет прафесій”, лекторыі для бацькоў “Як дапамагчы школьніку выбраць прафесію”.

Гарадскі цэнтр занятасці насельніцтва з’яўляецца базавым прадпрыемствам па пытаннях працаўладкавання выпускнікоў школы. Супрацоўнікі цэнтра знаёмяць вучняў з рабочымі прафесіямі, інфармуюць аб іх запатрабаванасці, умовах перападрыхтоўкі рабочых кадраў і сітуацыі на рынку працы, а таксама ўдзельнічаюць у правядзенні класных гадзін. Матэрыялы цэнтра занятасці сістэматызаваны ў кабінеце абслуговай працы па раздзелах “Прафесіяграмы”, “Асновы прафесійнага выбару”, “Памятка выпускніку”, “Мой жыццёвы шлях” і “Канкурэнтаздольнасць на рынку працы”.

Урачы-валеолагі з Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя праводзяць для школьнікаў кансультацыі аб правільным харчаванні пры парушэннях зроку і паставы, наступствах шкодных звычак і модных дыет у падлеткавым узросце. Гэта знаходзіць адлюстраванне ў навукова-даследчых работах вучняў: “Фарміраванне правільных адносін школьніка да харчавання”, “Уплыў шкодных звычак на здароўе школьніка” і інш.

На працягу навучальнага года вучні наведваюць розныя аб’яднанні па інтарэсах у Брэсцкім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Падчас летняй практыкі там працуюць 25 – 30 школьнікаў, якія знаёмяцца са светам прафесій “Чалавек – прырода”, даглядаюць за раслінамі і жывёламі, вучацца ўсвядомлена і адказна ставіцца да працы і матэрыяльных каштоўнасцей.

Штогод арганізоўваецца работа школьных рамонтных брыгад з ліку вучняў 14 – 17-гадовага ўзросту, дзейнасць якіх аплачваецца праз гарадскі цэнтр занятасці насельніцтва. Работа ў брыгадзе ажыццяўляецца па вытворчым прынцыпе: выбіраюцца брыгадзіры, улічваюцца рабочы час і выкананая работа кожным членам брыгады, падводзяцца вынікі работы, лепшыя брыгадзіры і рабочыя ўзнагароджваюцца на ўрачыстай лінейцы.

- Адным з напрамкаў прафарыентацыйнай работы з’яўляецца навукова-даследчы і алімпіядны рух, - адзначае Л.В.Васілеўская. – У школе дзейнічае навуковае таварыства вучняў “Шанс”, кансультантам якога выступае дацэнт кафедры сацыяльнай работы БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук Л.А.Сілюк. Школа з’яўляецца філіялам універсітэцкай кафедры сацыяльнай работы ўжо 8 гадоў. Л.А.Сілюк вядзе для вучняў курс “Метадалагічны апарат даследавання”. Вынікам дзейнасці таварыства сталі навукова-даследчыя работы прафарыентацыйнага характару: “Прафесійная кампетэнтнасць выпускніка як умова яго рэалізацыі”, “Выяўленне асноўных схільнасцей вучняў 9 класаў да рабочых прафесій” і інш. За апошнія 7 гадоў школьнікі абаранілі па розных прадметах 83 работы, кожная з якіх была адзначана дыпломам.

20-я школа даўно супрацоўнічае з Вальфдорфскай школай Равенсбурга (Германія). Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце С.М.Шлома праводзяцца мерапрыемствы ў рамках міжнароднага праекта “Выберы будучыню сёння”. Паміж дзвюма школамі ажыццяўляюцца лінгвістычныя абмены.

- Прыярытэтнымі напрамкамі прафарыентацыйнай дзейнасці на перспектыву з’яўляюцца арганізацыя праекта па прафарыентацыі з удзелам раённага аддзела ідэалагічнай работы, удасканаленне работы з класам юных пагранічнікаў, распрацоўка праекта супрацоўніцтва валанцёраў школы з дзіцячым сацыяльным прытулкам Брэста, далейшае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і ўзмацненне работы лектарскіх груп, - падагульняе Л.В.Васілеўская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.