Маладым – увага і падтрымка

13.03.2019
Работа з маладымі спецыялістамі ва ўстановах адукацыі Маскоўскага раёна Брэста з’яўляецца сістэмнай і выніковай. У бягучым навучальным годзе ў школы прыйшлі 104 маладыя педагогі. З мэтай іх паспяховай адаптацыі пры раённых вучэбна-метадычных аб’яднаннях і ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць 14 школ маладых спецыялістаў. Штогод ладзяцца сустрэчы з кіраўніцтвам раённага ўпраўлення і гарадскога аддзела па адукацыі, гаркама і абкама галіновага прафсаюза. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў адкрытым мікрафоне “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці”, абласным конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны”, Брэсцкім маладзёжным форуме педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” і іншых мерапрыемствах

- Работа з маладымі спецыялістамі ў нашай школе складаецца з 3 этапаў і ўключае дапамогу не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і ў рэалізацыі інтарэсаў, творчых здольнасцей і лідарскіх якасцей, - расказвае дырэктар сярэдняй школы № 1 М.М.Багдановіч. – Першы этап – гэта адаптацыя да прафесіі і дыягностыка прафесійных кампетэнцый маладых настаўнікаў. Яго мэта – выявіць узровень валодання нарматыўнай прававой базай у галіне адукацыі, узровень прафесійных ведаў, метадычнай падрыхтоўкі і камунікабельнасці. Штогод у жніўні адміністрацыя школы знаёміць маладых спецыялістаў з прававымі актамі, якія рэгламентуюць арганізацыю адукацыйнага працэсу і работу педагогаў, інструктыўна-метадычнымі пісьмамі і рэкамендацыямі галіновага міністэрства, нормамі ацэнак вынікаў вучэбнай дзейнасці, метадычнымі рэкамендацыямі аб парадку фарміравання культуры вуснага і пісьмовага маўлення, інструкцыяй па справаводстве, школьнай дакументацыяй і інш. За маладымі педагогамі замацоўваюцца куратары. Арганізоўваецца работа школы маладых настаўнікаў.

Задача другога этапу заключаецца ў стварэнні ўмоў для прафесійнага росту і творчага развіцця моладзі, фарміраванні індывідуальнага стылю дзейнасці. З гэтай мэтай настаўнікі-куратары праводзяць індывідуальныя кансультацыі і ўзаеманаведванні заняткаў з іх далейшым аналізам, вывучаюць дзелавыя і маральныя якасці педагогаў, іх адносіны да службовых абавязкаў і захапленні, далучаюць да грамадскага жыцця і інш. Вынікам гэтай работы з’яўляюцца першыя адкрытыя ўрокі ў снежні. Іх мэта – навучыць самааналізу ўрокаў. У рамках школы маладога настаўніка складаюцца індывідуальныя праграмы для настаўнікаў 1 і 2 года работы, ладзяцца навучальныя семінары.

На трэцім этапе вызначаецца ўзровень паспяховасці ў прафесіі. У маі праходзіць дэкада маладога спецыяліста “Мы маладыя, мы таленавітыя”, якая ўключае адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы, круглы стол “Малады настаўнік у сучаснай школе: поспехі, праблемы, перспектывы работы”. Маладыя спецыялісты ўдзельнічаюць у прафесійным свяце-пасвячэнні “Я – настаўнік”. Выпускнікі школы маладога настаўніка атрымліваюць памятныя сувеніры на ўрачыстай лінейцы.

- Дапамагаем моладзі рэалізаваць творчыя здольнасці і лідарскія якасці падчас святочных праграм, пазакласных мерапрыемстваў, розных конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, - гаворыць М.М.Багдановіч. – Маладыя спецыялісты з’яўляюцца членамі творчых груп па педагагічным суправаджэнні школьнага вучнёўскага самакіравання, арганізацыі прафарыентацыі, рэалізацыі праекта “Школьнае тэлебачанне” і інш. Педагогі задзейнічаны ў міжнародным супрацоўніцтве са школай Равенсбурга (Германія), аздараўленчай кампаніі, аказанні платных адукацыйных паслуг (аб’яднанні па вывучэнні другой замежнай мовы – нямецкай і італьянскай, шахматах і настольным тэнісе). Большасць удзельнікаў школьнага вакальнага ансамбля – маладыя настаўнікі. Яны ахвотна ўдзельнічаюць у канферэнцыях, семінарах і вэбінарах.

Пра эфектыўнасць работы з моладдзю сведчаць перамогі ў рэгіянальных і рэспубліканскіх конкурсах, публікацыі ў зборніках рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый. Адзін педагог знаходзіцца ў рэзерве Брэсцкага аблвыканкама. Выхаванцы маладых настаўнікаў паспяхова ўдзельнічаюць у творчых фестывалях, раённых прадметных алімпіядах.

- За 5 гадоў работы школы сюды прыйшлі 34 маладыя педагогі. Засталіся 27. Сярод іх – 3 стыпендыяты спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі, 10 выпускнікоў магістратуры. Адзін настаўнік ужо атрымаў першую кваліфікацыйную катэгорыю, 12 педагогаў атрымалі другую. Створана эфектыўная мадэль матэрыяльнага стымулявання працы маладых спецыялістаў, якая дазваляе атрымліваць даволі высокія заробкі. У нашай школе заўсёды падтрымліваюцца і заахвочваюцца жаданне прафесійнага росту, адказныя адносіны да работы, актыўная жыццёвая і грамадзянская пазіцыя, - падагульняе М.М.Багдановіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.