Моў зашмат не бывае

13.03.2019
У савецкі час сярэдняя школа № 7 Брэста мела нямецкамоўны ўхіл. Сёння ўстанова адукацыі не толькі працягвае традыцыі мінулага, але і стварае новыя. Ужо другі навучальны год у школьным раскладзе ёсць кітайская мова.

Для 7 трэцякласнікаў кітайская мова з’яўляецца адным з асноўных прадметаў разам з рускай і беларускай мовай, а для 22 вучняў 4 і 6 класаў – другой замежнай разам з англійскай. Вучні 5 і 7 класаў спасцігаюць таямніцы ўсходняй мовы на факультатыўных занятках. Дзеці з вялікай цікавасцю развучаюць кітайскія вершы і песні, выконваюць анлайн-тэсты, працуюць з ілюстрацыйным матэрыялам, асвойваюць тэхналогію маабідзі, якая прадугледжвае вывучэнне кітайскай каліграфіі з выкарыстаннем вады, пэндзля і спецыяльнай паперы.

Першыя крокі ў вывучэнні кітайскай мовы хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагла зрабіць малады педагог Д.С.Фралова, якая зараз стажыруецца ў Кітаі, а ў верасні вернецца ў школу. Сёння з вучнямі працуюць выпускнік МДЛУ Д.В.Ятчэня і выкладчыца-валанцёр з Кітая Чэнь Чжыінь.

Асаблівую ролю ў папулярызацыі кітайскай мовы і культуры адыгрывае Інстытут Канфуцыя пры БДУ, з якім наладжана цеснае супрацоўніцтва. Прадстаўнікі інстытута праводзяць майстар-класы для вучняў і настаўнікаў.

У бягучым навучальным годзе школьнікі паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсе мастацкіх работ сярод вучняў “Сучасны Кітай вачыма юных беларусаў”, арганізаваным Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя, выступалі ў гала-канцэрце раённага конкурсу песень і вершаў на замежнай мове. Цяпер вучні 3 – 4 класаў рыхтуюцца да раённага этапу алімпіяды па кітайскай мове.

Педагогі лічаць, што вывучэнне кітайскай мовы дазваляе хлопчыкам і дзяўчынкам не толькі азнаёміцца з багатымі традыцыямі і культурай Кітая, але і развіць творчыя здольнасці да музыкі, выяўленчага мастацтва і танцаў. Ведаў шмат не бывае. Мовы дапамагаюць узбагаціць іх, пашырыць кругагляд.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.