Школы чакаюць дзяцей
25.08.2016- У 2016/2017 навучальным годзе ў вобласці будзе працаваць 1162 установы адукацыі, што на 26 менш, чым у 2015/2016-м. З улікам дэмаграфічнай сітуацыі спыняць работу 13 школ, 10 дашкольных устаноў, дапаможная школа-інтэрнат і 2 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а 8 устаноў адукацыі будуць рэарганізаваны. У 48 школах колькасць вучняў не перавышае 50.
1 верасня ў 509 установах агульнай сярэдняй адукацыі сядзе за парты каля 162 тысяч дзяцей, што на 3 тысячы больш, чым у мінулым навучальным годзе. У 1 клас пойдзе каля 17,6 тысячы вучняў.
Амаль 15 тысяч выхаванцаў сельскіх школ і дашкольных устаноў будуць забяспечаны арганізаваным падвозам. Для гэтага задзейнічана 288 школьных аўтобусаў. Для зручнасці вучняў карэкціруецца расклад руху рэйсавых аўтобусаў.
Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі ў вобласці накіравана на фарміраванне здароўезберагальнага асяроддзя і павышэнне якасці адукацыйнага працэсу. Дашкольнай адукацыяй ахоплена 92,4% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў (у сельскай мясцовасці – 68,4%). Усе дзеці 5-гадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы.
Разам з тым на працягу апошніх гадоў застаецца нявырашанай праблема недахопу месцаў у дашкольных установах мікрараёнаў-новабудоўляў. Дэфіцыт месцаў часткова вырашаецца шляхам выкарыстання ўнутраных рэзерваў. Так, сёлета без парушэння санітарных норм будзе дадаткова створана 1070 месцаў за кошт перапрафілізацыі, змены камплектацыі і ўшчыльнення груп, вываду з дзіцячых садоў у школы 1-х класаў. У Брэсце вычарпаны магчымасці прадастаўлення дашкольных месцаў на базе існуючых устаноў.
Для вырашэння праблемы дэфіцыту месцаў неабходна працягнуць будаўніцтва дашкольных устаноў у мікрараёнах-новабудоўлях. 1 верасня ў Паўднёвым мікрараёне Брэста адкрыецца дзіцячы сад – пачатковая школа на 471 месца. У найбліжэйшай перспектыве ў яслях-садзе № 36 Брэста з’явіцца прыбудова, што павысіць напаўняльнасць установы на 80 месцаў. Запланавана будаўніцтва дзіцячага сада на 350 месцаў у брэсцкім мікрараёне Паўднёвы Захад – 2. Акрамя таго, дашкольныя ўстановы павінны з’явіцца ў Пінску і Іванаве.
Працягваецца ўзвядзенне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Да канца 2016 года завершыцца будаўніцтва такіх дамоў у Брэсце, Баранавічах, Ганцавіцкім і Жабінкаўскім раёнах.
Сёлета на будаўніцтва аб’ектаў адукацыі ў абласным бюджэце запланавана 3,7 млн рублёў, на капітальныя і бягучыя рамонты – 8,1 млн. Бягучыя рамонты ажыццяўляюцца ў 86 установах адукацыі, капітальныя – у 20-ці. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі накіроўваецца спонсарская дапамога ад прадпрыемстваў.
Сёлета ў рамках рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які фінансуецца за кошт Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, у вобласці запланавана рэканструяваць і капітальна адрамантаваць 4 школы з аснашчэннем іх сучасным вучэбна-лабараторным абсталяваннем (Страдзецкая сярэдняя школа Брэсцкага раёна, Вярховіцкая сярэдняя школа Камянецкага раёна, сярэдняя школа № 1 Ляхавіч і сярэдняя школа № 1 Маларыты). На гэтыя аб’екты плануецца накіраваць каля 2 млн долараў ЗША.
Ва ўмовах абмежаванага бюджэтнага фінансавання работы па бягучым рамонце памяшканняў і добраўпарадкаванні тэрыторый выконваюцца гаспадарчым спосабам намаганнямі работнікаў устаноў адукацыі, бацькоў і спонсараў. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі прыцягваюцца сродкі з пазабюджэтных крыніц. Значны аб’ём падрыхтоўчых работ да новага навучальнага года выконваюць педагогі і бацькі вучняў. Вялікі дзякуй ім за дапамогу.
У школах вобласці створаны належныя ўмовы для шырокага выкарыстання сучасных камп’ютарных тэхналогій. У адукацыйным працэсе актыўна выкарыстоўваюцца камп’ютары з доступам да інтэрнэту. Працягваецца комплекснае аснашчэнне школ сучаснымі сродкамі навучання, камп’ютарнымі класамі і вучэбна-лабараторным абсталяваннем. Застаецца актуальным пытанне, звязанае з забеспячэннем устаноў адукацыі вучнёўскай мэбляй. Завершана абсталяванне школ і дашкольных устаноў сістэмамі відэаназірання.
Да пачатку новага навучальнага года ўсе ўстановы адукацыі вобласці будуць забяспечаны неабходнымі педагагічнымі кадрамі.
Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.