Працуем над развіццём маўлення дашкольнікаў

17.08.2016
Сярод сённяшніх дашкольнікаў даволі распаўсюджана праблема іх слабага маўленчага развіцця. Усё больш дзяцей, якія прыходзяць у наш яслі-сад, маюць пэўныя парушэнні ў развіцці маўлення. Так, малышы не могуць дакладна вымаўляць групы гукаў (найчасцей санорныя, свісцячыя і шыпячыя) ці словы (асабліва пры паскораным тэмпе маўлення). Дзеці з дэфектамі ў вымаўленні гукаў нярэдка маюць і праблемы з фанематычным успрыманнем, што ў далейшым вядзе да цяжкасцей засваення навыкаў гукавога аналізу слова. З такімі малышамі даводзіцца праводзіць індывідуальную работу на працягу года, прычым па магчымасці ў ранішні час.

Педагогі выкарыстоўваюць у рабоце разнастайны наглядны матэрыял з аўтарскіх вучэбна-метадычных комплексаў “Свет дзяцінства”, “Гульні з карцінкамі для малышоў” і “Малышы ў свеце прыроды”. Важным этапам у фарміраванні гукавымаўлення з’яўляецца выпрацоўка ўмення правільна вымаўляць не толькі ізаляваныя гукі, але і словы, фразы. Розныя гульні-заняткі выклікаюць актыўны інтарэс у дзяцей. Так, Пятрушка выбірае карцінкі, а малышы называюць намаляваны прадмет (назва ўтрымлівае пэўны гук у пачатку ці канцы слова). Дакладнасць і яснасць маўлення (дыкцыя) адпрацоўваюцца з дапамогай спецыяльна падабранага маўленчага матэрыялу (жарты-чыстагаворкі, пацешкі і г.д.) з зададзенымі гукамі.

Прыцягваючы ўвагу малышоў да маўлення іншых людзей, педагогі акцэнтуюць увагу дзяцей на правільнасці вымаўленых слоў і дарослых, і равеснікаў. Розныя гульнявыя сітуацыі і загадкі дазваляюць дашкольнікам успрымаць правільны ўзор маўлення і вымаўлення слоў і гукаспалучэнняў.

У слоўнікавай рабоце з малодшымі дашкольнікамі асаблівая ўвага звяртаецца на абагачэнне іх актыўнага слоўніка, што цесна звязана з пашырэннем аб’ёму ведаў дзяцей пра навакольны свет прадметаў і з’яў.

Педагогі пабуджаюць называць прадмет, цацку, іх якасці і ўласцівасці, маніпулюючы імі і тым самым выклікаючы інтарэс дзяцей да прапанаваных прадметаў. Гэтая работа можа выступаць часткай маўленчых заняткаў у выглядзе розных гульнявых практыкаванняў (“Дапаможам Мішку пачаставаць сяброў чаем”, “Назаві, што ўмее рабіць кошка”).

Добры вынік даюць спецыяльныя гульні і гульнявыя практыкаванні па фарміраванні граматычнай будовы маўлення, на засваенне родавай прыналежнасці і форм назоўнікаў, на ўтварэнне форм адзіночнага і множнага ліку назоўнікаў і г.д.

Даволі эфектыўнымі для развіцця маналагічнага маўлення з’яўляюцца такія гульні-заняткі, падчас якіх выхавальнік фарміруе ў дзяцей уменне захоўваць структуру аповеду, вылучаць пачатак, развіццё сюжэту і фінал (напрыклад, у апавяданні пра цацку).

Задача кожнага педагога – зрабіць заняткі эмацыянальна насычанымі, выкарыстоўваючы гульнявыя сюрпрызныя моманты падачы маўленчага матэрыялу. Нельга забываць, што вырашальнае значэнне для развіцця гутарковага маўлення дашкольнікаў адыгрываюць зносіны з дарослымі, якія павінны зрабіць сваё маўленне ўзорным. Не трэба пазбягаць адказаў на дзіцячыя пытанні. Знаёмячы малышоў з новымі прадметамі, з’явамі і аб’ектамі, неабходна называць іх правільна.

Неацэнную дапамогу ў развіцці маўлення дзяцей аказвае чытанне твораў мастацкай літаратуры і фальклору. Трэба расказваць і чытаць дзецям казкі, загадкі і песенькі, якія дапамогуць не толькі разнастаіць слоўнік дашкольнікаў, але і далучаць іх да нацыянальнай культуры, дапамогуць сфарміраваць станоўчыя маральныя якасці. Варта падтрымліваць імкненне выхаванцаў расказваць казкі сястрычцы ці бабулі, апавяданні пра любімую цацку. Гэта першыя крокі да авалодання маўленнем.

Валянціна ШАЛЯВІЛЯ,

выхавальніца Чэрнінскага ясляў-сада Брэсцкага раёна.