У дзіцячы сад – з усмешкай!

17.08.2016
Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі дашкольнікаў. Развіццё дзіцяці ад 1 да 3 гадоў – надзвычай важны этап у яго жыцці. Для паспяховага вырашэння праблемы прывыкання малышоў да дашкольнай установы ўдасканальваюцца формы ўзаемадзеяння сямейнага і грамадскага выхавання дзяцей ранняга ўзросту.

Ужо 3 гады ў нашым яслях-садзе працуе адаптацыйная група, якая дапамагае адаптавацца будучым выхаванцам установы. У аснове работы групы ляжыць аўтарскі праект “Адаптацыйная група “Усмешка” для дзяцей, што не наведваюць установу. Асноўная мэта праекта – стварыць спрыяльныя ўмовы адаптацыі ў соцыуме дзяцей ранняга ўзросту, аблегчыць уваходжанне малышоў у калектыў равеснікаў.

Паспяховай рэалізацыі праекта садзейнічае прафесійны падыход загадчыка ясляў-сада Л.І.Гарагляд да падбору і расстаноўкі педагогаў для работы ў групе, забеспячэння аптымальных умоў арганізацыі прадметна-прасторавага асяроддзя ў адукацыйным працэсе.

На высокім прафесійным узроўні праводзіць музычныя заняткі з малышамі і іх бацькамі музычны кіраўнік Н.М.Кляўчэня. Заняткі педагога вылучаюцца эмацыянальнасцю. Наталля Міхайлаўна выкарыстоўвае асобасна арыентаваны падыход да кожнага дзіцяці, стварае сітуацыю поспеху для ўсіх выхаванцаў.

Бацькі заўсёды могуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу педагога-псіхолага А.В.Заяц. Сродкамі здароўезберагальных тэхналогій Алена Васільеўна развівае дробную маторыку рук у дашкольнікаў, павышае іх эмацыянальны тонус, развівае ўменне ўзаемадзейнічаць з равеснікамі.

Малады спецыяліст Я.С.Бабко ў гульнявой форме навучае дзяцей асноўным рухам, развівае фізічныя якасці малышоў.

Выхавальнікі Т.У.Коваль, М.В.Валуевіч і А.С.Швайко займаюцца з дзецьмі цікавай дзейнасцю: малююць сонейка далонямі і пальчыкамі, лепяць яблычкі, вырабляюць пацеркі для лялек, даследуюць паводзіны лёгкіх і цяжкіх цацак у вадзе і г.д. Важна, што заняткі праходзяць менавіта ў тых групах, куды потым пойдуць малышы. Бацькі задаюць выхавальнікам розныя пытанні, дзеляцца праблемамі.

Заключныя заняткі “Да сустрэчы, малышы!” праводзяцца ў форме круглага стала. Мамы і таты дзеляцца ўражаннямі, выказваюць падзяку педагогам, а педагогі – бацькам за сумесную работу з дзецьмі. Ніхто не сумняваецца, што адаптацыя да дашкольнай установы пройдзе паспяхова.

Святлана БАГРОВА,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

ясляў-сада № 4 Ганцавіч.