Школа – тэрыторыя дабра

16.08.2016
- Сучасная моладзь павінна займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, умець узаемадзейнічаць з соцыумам, атрымліваць і перадаваць карысную інфармацыю, - лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Брэста Таццяна Уладзіміраўна Шэлест. – Гэтыя навыкі падлеткі набываюць у валанцёрскай дзейнасці, якая сёння атрымала шырокае распаўсюджанне з-за вялікай колькасці сацыяльных праблем.

У аснове валанцёрскага руху школы ляжыць сацыяльны праект “Школа – тэрыторыя дабра”, разлічаны на 5 гадоў. Рэалізоўваючы праект, вучні імкнуцца ўнесці ўклад у фізічнае і маральнае аздараўленне грамадства, зрабіць жыццё іншых людзей больш светлым і яркім.

- Мэта праекта – укараненне новых форм арганізацыі занятасці школьнікаў для развіцця іх самастойнай пазнавальнай дзейнасці, - расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Задачы праекта – прапаганда здаровага лад жыцця на асабістым прыкладзе, адраджэнне шэфскай дапамогі, пашырэнне сацыяльнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з дабрачыннымі фондамі і валанцёрскімі арганізацыямі, правядзенне добраахвотных сацыяльных акцый.

Праект складаецца з 6 блокаў: “Наглядная агітацыя”, “Экалогія”, “Міласэрнасць”, “Роўны навучае роўнага”, “Творчы блок” і “Спорт і здаровы лад жыцця”. Мэта агітацыйнага блока заключаецца ў прыцягненні ўвагі грамадскасці да праблем маральнасці, духоўнасці, здароўя і ўзаемадапамогі. У рамках блока арганізаваны гарадскія прафілактычныя акцыі “Стоп! Спайс!” і “Спыні эпідэмію! Захавай жыццё!”. З мэтай прафілактыкі ўжывання курыльных сумесей валанцёры на вуліцах і ў гандлёвых цэнтрах раздаюць насельніцтву інфармацыйныя памяткі аб шкодзе спайсаў. Актывісты звяртаюць увагу жыхароў горада на актуальную праблему – шырокае распаўсюджанне наркатычных сродкаў і іх лёгкую даступнасць у інтэрнэце. Штогод у акцыях удзельнічаюць больш за 700 вучняў.

Наладжана цеснае супрацоўніцтва з валанцёрамі-лідарамі “Акадэміі добраахвотніцтва” сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна. Студэнты і школьнікі арганізоўваюць сустрэчы-прэзентацыі з падлеткамі, хвілінкі здароўя з вучнямі пачатковых класаў.

- Мэта экалагічнага блока – выхаванне беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, прыцягненне ўвагі да актуальных пытанняў аховы жывой прыроды шляхам асабістага ўдзелу падлеткаў у прыродаахоўнай дзейнасці, - працягвае Таццяна Уладзіміраўна. – Так, вучні арганізоўваюць розныя акцыі, добраўпарадкоўваюць двары і вуліцы, дапамагаюць прытулкам для жывёл. Валанцёры-эколагі інфармуюць і навучаюць іншых, развіваюць экалагічную адукацыю ў грамадстве.

Блок “Міласэрнасць” уключае работу з пажылымі людзьмі. Гэта добра ўплывае на фарміраванне светапогляду падлеткаў. Валанцёры актыўна ўдзельнічаюць у акцыях “Ветэран жыве побач”, “Дзякуй за Перамогу”, “Ветэран мікрараёна” і “Свет дабра”. Вучні запрашаюць ветэранаў на агульнашкольныя мерапрыемствы: апошні званок, урокі мужнасці, агляд-конкурс строю і песні, прыём у піянеры і г.д.

- Асаблівым з’яўляецца блок “Роўны навучае роўнага”, - адзначае Т.У.Шэлест. – Аднайменны прынцып работы добра вядомы ў свеце і шырока выкарыстоўваецца на практыцы для вырашэння праблем, звязаных з прафілактыкай ВІЧ-інфекцыі і прапагандай каштоўнасцей здаровага ладу жыцця. Прынцып “роўны навучае роўнага” забяспечвае перадачу і пашырэнне сацыяльна значнай інфармацыі праз даверлівыя зносіны спецыяльна падрыхтаваных валанцёраў з равеснікамі падчас трэнінгаў, акцый, кансультацый і гутарак. З 2014 года валанцёры-інструктары правялі каля 15 інтэрактыўных сустрэч з вучнямі 8 – 11 класаў. На іх узнімаліся тэмы, звязаныя з прафілактыкай шкодных звычак, залежнасцей і стрэсу, захаваннем і ўмацаваннем рэпрадуктыўнага здароўя.

Творчы блок уяўляе работу тэатральнага аб’яднання “Іскарка”, на занятках якога фарміруецца сацыяльна актыўная пазіцыя вучняў, развіваюцца іх творчыя здольнасці. Гэты блок вельмі актуальны і запатрабаваны, бо менавіта ў тэатральным калектыве дзеці паспяхова пераадольваюць закамплексаванасць. Сацыяльнымі партнёрамі творчага блока з’яўляюцца тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага і Ленінскага раёнаў Брэста, установы адукацыі і аховы здароўя горада. Вучні з задавальненнем арганізоўваюць тэатральныя сустрэчы і абмены, канцэртныя праграмы і дабрачынныя выступленні.

Мэта блока “Спорт і здаровы лад жыцця” заключаецца ў прапагандзе і рэкламе здаровага ладу жыцця і заняткаў спортам. Спартыўныя мерапрыемствы, арганізаваныя ў рамках гэтага блока, фарміруюць у вучняў сацыяльную кампетэнтнасць і садзейнічаюць прафілактыцы шкодных звычак.

Сёлета з’явіўся новы блок – “Жыццё – без небяспек”, накіраваны на развіццё ў школьнікаў навыкаў арыенціровачных паводзін у надзвычайных сітуацыях. Была арганізавана работа агітбрыгад па пажарнай бяспецы і правілах дарожнага руху. Валанцёры даходліва тлумачаць равеснікам, бацькам і гараджанам правілы пажарнай і дарожнай бяспекі. Акрамя таго, школьнікі інфармуюць насельніцтва аб праблемах працы ў побыце і на вытворчасці, прыцягваюць увагу грамадскасці да пытанняў прафілактыкі траўматызму і папярэджання пажараў.

Педагогі школы актыўна дзеляцца назапашным вопытам з калегамі. Так, напрыканцы мінулага навучальнага года на базе ўстановы адукацыі прайшоў раённы інтэрактыўны семінар намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце “Валанцёрскі рух – новая форма сацыяльнай актыўнасці моладзі”.

- Радуе, што ўсе ўдзельнікі праекта задаволены зробленым, - гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. – Самае галоўнае ў валанцёрскай дзейнасці – каб яна падабалася і прыносіла камусьці карысць. Педагогі будуюць работу такім чынам, каб гэтай дзейнасцю займаліся ўсе вучні, бо іх сацыялізацыя павінна адбывацца як мага раней.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.