Покліч душы

15.08.2016
Ёсць людзі, для якіх дапамога іншым з’яўляецца такой жа неабходнай, як патрэба дыхаць. Імі кіруе нешта большае, чым спачуванне. Іх характару ўласціва бескарыслівасць. Гэтыя людзі не чакаюць за сваю работу аплату.

- Як правіла, валанцёрамі становяцца юнакі і дзяўчаты з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія не могуць прайсці міма чужой бяды і жадаюць прыносіць карысць іншым. Ёсць і тыя, хто становіцца валанцёрам, каб быць у цэнтры грамадскіх падзей і наладжваць новыя зносіны. Валанцёрам нельга стаць пад прымусам і неўсвядомлена. Гэта покліч душы, - гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ляхавіч Аксана Віктараўна Гатоўчыц.

Развіццю валанцёрскага руху ў нашай краіне ўдзяляецца шмат увагі. Валанцёрства – гэта добрая школа сацыяльнага станаўлення і адаптацыі моладзі, якая дазваляе раскрыць станоўчы патэнцыял і творчыя магчымасці кожнага, сфарміраваць лідарскія якасці, навучыцца навыкам супрацоўніцтва.

На працягу некалькіх гадоў у гімназіі Ляхавіч дзейнічае валанцёрскі атрад “Пошук” Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Мэта работы атрада заключаецца ў развіцці ў вучняў высокіх маральных якасцей. Юнакі і дзяўчаты прапагандуюць ідэі здаровага ладу жыцця, добраахвотнай працы на карысць грамадства, актыўнага ўдзелу ў сацыяльных, экалагічных, гуманітарных, культурна-адукацыйных і асветніцкіх праектах. Гэта дазваляе вучням самарэалізавацца, раскрыць і ўмацаваць унутраны патэнцыял.

- На першым пасяджэнні атрадаўцы выбіраюць актыў і складаюць план работы на год, які можа карэкціравацца, - расказвае Аксана Віктараўна. – Асноўнымі напрамкамі дзейнасці пошукаўцаў з’яўляюцца арганізацыя і правядзенне розных маладзёжных і дабрачынных акцый, добраўпарадкаванне памятных мясцін, дапамога ва ўсебаковым развіцці вучняў і фарміраванні ў іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, далучэнне равеснікаў да дзейнасці, звязанай з прафілактыкай шкодных звычак, захаваннем уласнага здароўя і аховай навакольнага асяроддзя.

Валанцёры ўдзельнічаюць у штогадовых акцыях “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл”, “Асенні марафон”, “Дапаможам перажыць зіму” і “Мы – за бяспеку”. Падчас іх гімназісты добраўпарадкоўваюць розныя тэрыторыі, дастаўляюць сельскагаспадарчую прадукцыю пажылым людзям і інвалідам дадому, вырабляюць буклеты па праблемах пажарнай бяспекі і распаўсюджваюць іх сярод насельніцтва.

Адным з важных напрамкаў работы атрадаўцаў з’яўляецца прапаганда здаровага і бяспечнага ладу жыцця. Штогод у рамках тыдня бяспекі дарожнага руху сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі, валанцёры і супрацоўнікі ДАІ праводзяць акцыю “Сябруюць на планеце вадзіцелі і дзеці”. Удзельнікі акцыі ўручаюць вадзіцелям памяткі ўласнага вырабу з напамінам аб выкананні правіл дарожнага руху.

Даволі цікавай і карыснай з’яўляецца акцыя “Мяняем цыгарэту на цукерку”. Валанцёры актыўна агітуюць равеснікаў і дарослых за адмову ад тытуню, інфармуюць іх аб шкодным уздзеянні яго на здароўе.

Штогод у гімназіі ладзіцца месячнік міласэрнасці, у рамках якога ў бібліятэцы арганізоўваецца выстава “Дарогай дабра, міласэрнасці, узаемаразумення”. На ёй выстаўляюцца кнігі, якія вучаць быць добрымі людзьмі, гатовымі ў любы час прыйсці на дапамогу. Акрамя таго, у межах месячніка праходзіць дабрачынная акцыя “Рабі дабро!”, падчас якой вучні 5 – 9 класаў прапаноўваюць набыць кандытарскія вырабы, зробленыя ўласнымі рукамі. Атрыманыя грошы ідуць на набыццё неабходнага абсталявання для выхаванцаў ЦКРНіР.

Кожную вясну валанцёры праводзяць тыдні дабра. Іх мэта – дапамога ветэранам і людзям пажылога ўзросту. Падчас сустрэч яны дзеляцца цікавымі ўспамінамі, якія гімназісты занатоўваюць.

Напрыканцы навучальнага года ладзіцца дэкада грамадзянска-патрыятычных спраў “Мы ў памяці захоўваем імёны герояў”. У госці да гімназістаў прыходзяць удзельнікі клуба “Сівізна”.

Сёння атрад рэалізоўвае праект “Тэатр без межаў”, які прадугледжвае стварэнне аб’яднання па інтарэсах тэатральнай накіраванасці “Вясёлка” для сумесных спраў валанцёраў, дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў. Дзейнасць вучняў накіравана на сацыякультурную рэабілітацыю дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. У рамках праекта арганізоўваюцца спектаклі, праводзяцца заняткі з псіхолагам ЦКРНіР.

Мэта праекта “Моладзь і бяспечныя паводзіны” заключаецца ў прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, павышэнні ўзроўню інфармаванасці насельніцтва, у тым ліку дзяцей і моладзі, па праблеме ВІЧ/СНІДу. Заняткі праходзяць у інтэрактынай форме па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.

- Валанцёрская дзейнасць адыгрывае вялікую выхаваўчую ролю. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць задавальненне ад карыснай і важнай работы, рэалізоўваюць сябе ў ёй, набываюць сяброў, цікава праводзяць час, атрымліваюць новыя веды і навыкі, пашыраюць кругагляд, - падагульняе Аксана Віктараўна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.