Эканамічныя спецыяльнасці пазіцый не здаюць

11.08.2016
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі краіны завяршылася ўступная кампанія. Цяпер ва УВА падводзяцца і аналізуюцца яе вынікі. Аб ходзе сёлетняй уступнай кампаніі ў 4 універсітэтах Брэстчыны расказалі ў прыёмных камісіях.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна абітурыентам было з чаго выбіраць. 10 факультэтаў прапаноўвалі 35 спецыяльнасцей. Сярод іх – дзве новыя: “Лагапедыя” – 3,5 заявы на месца і “Псіхалогія (спецыялізацыя “Медыцынская псіхалогія”)” – 4,4.

Як паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ імя А.С.Пушкіна Алена Аляксееўна Бурык, сёлета на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 470 абітурыентаў, на завочную – 105. Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” – 4 заявы на месца, “Сучасныя замежныя мовы (англійская, нямецкая)” са спецыялізацыяй “Камп’ютарная лінгвістыка” – 3,3, “Гісторыя (паліталогія)” – 3 і “Прыкладная матэматыка” – 2. Радуе, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі аказаліся запатрабаванымі фізіка-матэматычныя спецыяльнасці. Гэта стала магчымым дзякуючы мэтанакіраванай прафарыентацыйнай рабоце, якая ўключае выязныя акцыі і семінары. Акрамя таго, надзвычай выніковым стаў удзел БрДУ імя А.С.Пушкіна ў Рэспубліканскай універсітэцкай субоце – 2016. Адметна, што 1,5% сёлетніх абітурыентаў – гэта прадстаўнікі Міншчыны.

Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў больш за 2 заявы на месца. Прахадныя балы вагаліся ад 160 да 334, прычым яны істотна павысіліся ў параўнанні з мінулагоднімі. 9% абітурыентаў з’яўляліся медалістамі. 29 з іх скарысталіся правам паступаць ва УВА без уступных іспытаў.

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце праблем з наборам студэнтаў няма. Сёлета на дзённую бюджэтную форму навучання былі залічаны 456 чалавек, на завочную бюджэтную – 41.

- Выканаць план удалося дзякуючы не толькі актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, якую ўніверсітэт праводзіць на працягу ўсяго навучальнага года ў школах і прафесійна-тэхнічных каледжах, але і факультэцкім конкурсам, - расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДТУ Уладзімір Генадзьевіч Навасельцаў. – Конкурсы праходзілі на 4 факультэтах – будаўнічым, водазабеспячэння і гідрамеліярацыі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічым. Падаючы туды дакументы, абітурыенты маглі пазначыць у заяве не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Падобныя ўмовы, з аднаго боку, дазволілі ўніверсітэту адабраць лепшых, а з другога – далі ўчарашнім школьнікам больш магчымасцей паступіць ва УВА. Калі абітурыент не праходзіў на больш прэстыжную (на яго думку) спецыяльнасць, то мог прэтэндаваць на іншую – з меншым прахадным балам.

Сярэднія конкурсы на факультэтах БрДТУ стабільныя на працягу многіх гадоў. Так, сёлета на эканамічным факультэце сярэдні конкурс склаў каля 3,8 заявы на месца, на факультэце электронна-інфармацыйных сістэм – амаль 1,8, на будаўнічым факультэце – каля 1,4. Конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць вызначаўся планам набору, у выніку чаго абмежаваная колькасць бюджэтных месцаў спараджала вялікія конкурсы. Набор вёўся на 7 факультэтаў па 29 спецыяльнасцях.

З году ў год у абітурыентаў БрДТУ не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей: “Лагістыка” – 7 заяў на месца і “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” – 4. Карыстаюцца папулярнасцю спецыяльнасці факультэта электронна-інфармацыйных сістэм. Сёлета ён прапанаваў абітурыентам новую спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” – 3,4 заявы на месца. Не абышлі ўвагай учарашнія школьнікі і спецыяльнасць “Сельскае будаўніцтва і ўпарадкаванне тэрыторый” – 2,5 заявы на месца.

Невысокія конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях машынабудаўнічага факультэта і факультэта водазабеспячэння і гідрамеліярацыі. Прахадныя балы вагаліся ад 137 да 317.

У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Ларыса Аляксандраўна Лукашык, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца добрым попытам (раней УВА знаходзілася пад патранатам Нацыянальнага банка Беларусі). Самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці эканамічнага і біятэхналагічнага профілю: “Фінансы і крэдыт”, “Інфармацыйныя тэхналогіі і фінансава-крэдытныя сістэмы” і “Біялогія (біятэхналогія)”. Добрыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях фізічнай культуры.

Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў каля 2 заяў на месца. Новых спецыяльнасцей сёлета ва ўніверсітэце не было.

У ПалесДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (банкаўскі, эканамічны, біятэхналагічны і факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 13 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 373 чалавекі, на завочную – 63. Прахадныя балы вагаліся ад 149 да 259.

Па словах Л.А.Лукашык, якасны склад абітурыентаў ПалесДУ даволі высокі. Так, 7% з іх з’яўляюцца медалістамі. Кожны чацвёрты – выпускнік гімназіі ці ліцэя. Сярэдні был атэстата – 8,5. Адметна, што сярод абітурыентаў універсітэта шмат учарашніх школьнікаў з Гродзеншчыны, Віцебшчыны і Міншчыны.

На працягу многіх гадоў самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце было “Правазнаўства”. Але апошнім часам набор на яе за кошт бюджэту не ажыццяўляецца. Эканамічныя спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваны ў абітурыентаў: “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” – 11 заяў на месца і “Маркетынг” – 10,4. Добрыя конкурсы склаліся на спецыяльнасцях “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” – 2,3 заявы на месца і “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” – 2,2.

Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя” і “Аграномія” – 1 заява на месца.

Сёлета з’явіліся дзве новыя спецыяльнасці, якія выклікалі інтарэс у абітурыентаў: “Сучасныя замежныя мовы (выкладанне)” і “Эканамічнае права”. Прахадныя балы вагаліся ад 135 да 274. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў 1,9 заявы на месца.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ Дзмітрый Сяргеевіч Томчык расказаў, што набор ва ўніверсітэт вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 20 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 340 чалавек, на завочную – 100.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.