Зялёнымі маршрутамі Пружаншчыны

09.08.2016
Багатая гісторыя Пружаншчыны адлюстравана ў летапісах і былінах, песнях і казках. У кожным кутку запаведнай прыроды гэтага краю можна знайсці цікавыя месцы для адпачынку, гістарычныя і археалагічныя помнікі. Нездарма вучні і педагогі Кляпацкай сярэдняй школы Пружанскага раёна праводзяць летнія канікулы ў вандроўках. Ва ўстанове адукацыі вялікую ўвагу ўдзяляюць аздараўленню дзяцей сродкамі прыроды і развіццю маладзёжнага экскурсійнага турызму.

- Родная зямля поўная цудаў, таямніц і загадак, - расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кляпацкай сярэдняй школы Ж.А.Такарчук. – Наша прырода не горшая за чужую. Зялёныя маршруты малой радзімы прыцягваюць разнастайнасцю. Уражваюць маляўнічыя вёскі, традыцыі, архітэктура, маленькія гарады і гістарычныя мясціны, авеяныя легендамі. Летам дзеці могуць падарожнічаць на веласіпедах ці пешшу. Падчас вандровак, рухаючыся ад аб’екта да аб’екта, ад паказальніка да паказальніка, школьнікі робяць розныя адкрыцці. Менавіта з новых адчуванняў і складаецца незабыўны адпачынак.

Для малодшых школьнікаў педагогі рыхтуюць маршрутныя лісты пра адметныя мясціны аграгарадка і яго ваколіц. Вучні 5 – 9 класаў падарожнічаюць па бліжэйшых вёсках. Старшакласнікі ўдзельнічаюць у шматдзённым велапаходзе, які ўключае наведванне каля 20 населеных пунктаў. Падчас турыстычных паходаў, далёкіх і блізкіх экскурсій вучні знаёмяцца з мясцовымі жыхарамі і народнай творчасцю, наведваюць месцы подзвігаў прадзедаў. Малодшыя школьнікі дзеляцца ўражаннямі аб экскурсіях і паходах у малюнках і сачыненнях, старшакласнікі пішуць эсэ, ствараюць відэаролікі, папаўняюць фотаархіў школы.

Юныя турысты атрымліваюць асалоду ад зносін з прыгожай прыродай, напоўненай фарбамі квітнеючых траў, прахалодай дрэў, спевамі шматлікіх птушак, лётаннем рознакаляровых матылькоў. Як правіла, пасля паходаў згадваюцца пераважна прыемныя хвіліны. Але падчас падарожжаў пастаянна даводзіцца змагацца з самім сабой. Дзеці мужна пераадольваюць усе цяжкасці, якія дазваляюць праверыць сябе на трываласць духу.

- У арганізацыі і правядзенні паходаў і экскурсій заўсёды дапамагаюць бацькі, - адзначае Ж.А.Такарчук. – Хтосьці праводзіць да месца прыпынку і дапамагае разбіць палаткі, хтосьці дастаўляе дровы, а хтосьці ўвесь час знаходзіцца побач. Дзеці і дарослыя размяркоўваюць абавязкі, сядзяць ля вогнішча, спяваюць любімыя песні, размаўляюць, жартуюць, любуюцца прыродай, гуляюць і спаборнічаюць. Сумесная дзейнасць збліжае бацькоў, дзяцей і педагогаў, дазваляе стварыць атмасферу ўзаемаразумення і супрацоўніцтва.

Па словах Ж.А.Такарчук, час, праведзены на свежым паветры, надоўга дае хлопчыкам і дзяўчынкам зарад бадзёрасці і энергіі, дазваляе актыўна, творча і з добрым настроем згадваць летні адпачынак. Прырода пакідае ў памяці школьнікаў незабыўныя ўражанні. Зялёныя маршруты адкрываюць новыя перспектывы для глыбокага пазнання роднага краю.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.