Сацыяльнае партнёрства для паспяховай сацыялізацыі асобы

08.08.2016
Сацыяльна-педагагічны цэнтр Баранавіч працуе з 2000 года. Адной з галоўных задач установы з’яўляецца стварэнне адзінай комплекснай сістэмы па аказанні сацыяльна-псіхолага-педагагічнай дапамогі непаўналетнім і іх сем’ям, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Для гэтага ў цэнтры распрацоўваецца аптымальная мадэль узаемадзеяння і супрацоўніцтва з соцыумам, наладжана выніковая работа з рознымі арганізацыямі, грамадскімі і маладзёжнымі аб’яднаннямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і бацькамі дзяцей.

- Супрацоўніцтва з Міжнародным дзіцячым фондам дапамагло ўкараніць у практыку спецыялістаў міжведамаснага ўзаемадзеяння сямейна-арыентаваны падыход да работы з сям’ёй, - расказвае дырэктар СПЦ К.Л.Абжальян. – Гэты падыход дазваляе спецыялістам службаў па абароне дзяцінства прафесійна прыцягваць нядобранадзейныя сем’і да сумеснай работы, праводзіць прафілактычныя і рэабілітацыйныя мерапрыемствы з бацькамі без адбірання дзяцей, аказваць усебаковую дапамогу без траўміравання дзіцячай псіхікі, вырашаць канфліктныя сітуацыі ў сям’і, арганізоўваць сацыяльнае расследаванне, ацэнку бяспекі і комплексную ацэнку сям’і.

У апошнія гады ў Баранавічах павялічылася колькасць незамужніх мацярэй і маладых сем’яў з ліку навучэнцаў ССНУ, якія выхоўваюць дзяцей. З-за адсутнасці неабходнага вопыту маладыя бацькі не могуць належным чынам забяспечыць догляд за імі. Найчасцей маладымі мамамі і татамі з’яўляюцца тыя, хто ў свой час сам выхоўваўся без бацькоў. Таму вельмі актуальнай стала дзейнасць па аказанні дапамогі і падтрымкі менавіта такім сем’ям. У выніку з’явіўся праект “Побач і разам”, партнёрамі ў рэалізацыі якога выступілі навучэнцы-валанцёры з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці і Баранавіцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя будаўнікоў.

- Валанцёры атрымалі веды пра спосабы канструктыўных зносін і супрацоўніцтва, псіхалагічныя асаблівасці дзяцей да 3-х гадоў, навучыліся прасцейшым навыкам догляду за малалетнімі дзецьмі і стварэння для іх бяспечных умоў, - адзначае К.Л.Абжальян. – Сёння 5 валанцёраў сталі кантактнымі асобамі для маладых мам. У выніку іх дзеці не былі прызнаны дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Штогод да Міжнароднага дня абароны дзяцей спецыялісты СПЦ і валанцёры праводзяць на вуліцах горада акцыю “Захаваем дзяцінства разам!”, падчас якой раздаюць памяткі бацькам па пытаннях выхавання і развіцця дзяцей (“Памятка добрых бацькоў”, “Бацькам пра пакаранне”, “Казка нанач. Якой яна павінна быць?”, “Чаму плача дзіця?”, “Бяспечныя цацкі”, “Бяспека ў дзіцячым пакоі”, “Бяспека на кухні”, “10 запаветаў добрых бацькоў”) і дораць дзіцячыя цацкі.

- Адным з новых напрамкаў дзейнасці цэнтра з’яўляецца работа па рэсацыялізацыі падлеткаў, якія канфліктуюць з законам і змешчаны ў спецыяльныя адукацыйныя ўстановы закрытага тыпу, - гаворыць К.Л.Абжальян. – Даволі часта падчас знаходжання ў такіх установах дзеці губляюць сацыяльныя кантакты, нават з бацькамі. Практыка ж паказвае, што ўдзел сям’і ў рэсацыялізацыі дзіцяці з’яўляецца асноўным фактарам у дасягненні станоўчага выніку. Паспяховая рэсацыялізацыя падлеткаў магчыма толькі тады, калі спецыялісты аб’ядноўваюць прафесійныя навыкі з намаганнямі бацькоў. Важна, каб педагогі, мамы, таты і грамадскія арганізацыі выступалі ў ролі сацыяльных партнёраў. На жаль, дапамога неабходна не толькі падлеткам, але і членам іх сем’яў. Таму з 2013 года ў горадзе рэалізоўваецца праект Беларускага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў” “Падлеткі ў канфлікце з законам: дапамога і развіццё”.

Работа ў рамках праекта накіравана на паляпшэнне ўзаемаадносін падлеткаў з бацькамі і паляпшэнне псіхалагічнага стану падлеткаў у сям’і. З гэтай мэтай арганізоўваюцца кансультацыі і гутаркі, заняткі па праграме “Паспяховае бацькоўства”, анлайн-сустрэчы бацькоў з дзецьмі, візіты ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу. Для аказання практычнай псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай дапамогі бацькам у цэнтры дзейнічае клуб.

Штогод падчас асенніх канікул на базе аздараўленчага комплексу “Брыганціна” ў Мінскай вобласці праходзіць злёт удзельнікаў праекта – выхаванцаў і выпускнікоў спецыяльных вучэбна- і лячэбна-выхаваўчых устаноў, а таксама падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН. Гэтае мерапрыемства адыгрывае важную ролю ў прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Структурным падраздзяленнем СПЦ з’яўляецца дзіцячы сацыяльны прытулак, дзе могуць часова пражываць непаўналетнія, якія па пэўных прычынах засталіся без бацькоўскай апекі. За 15 гадоў у прытулку прайшлі рэабілітацыю больш за 1,5 тысячы дзяцей з каля 1,1 тысячы сем’яў. Больш за 700 выхаванцаў вярнуліся ў біялагічныя сем’і, а 350 – трапілі ў замяшчальныя сем’і.

- Калектыў прытулка прыкладвае вялікія намаганні для таго, каб дзеці пражывалі ў камфортных умовах, максімальна набліжаных да дамашніх, - заўважае К.Л.Абжальян. – Трапляючы ў спрыяльнае асяроддзе, дзеці пазбаўляюцца псіхалагічнага дыскамфорту і хутка паказваюць добрыя вынікі ў вучобе. Адна з асноўных задач педагогаў – развіць у выхаванцаў здольнасць да паспяховай адаптацыі ў соцыуме, бо дзеці пражываюць у прытулку ў пэўнай ізаляцыі. Такія дзеці пазбаўлены натуральнага сямейнага побыту, у іх звужана кола зносін з дарослымі.

Яшчэ адной важнай задачай прытулка з’яўляецца работа па вяртанні дзяцей у біялагічныя сем’і, бо менавіта сям’я выступае галоўным сацыяльным інстытутам, дзе адбываецца сацыялізацыя асобы. Менавіта ад трывалых сямейных сувязей і дзіцяча-бацькоўскіх адносін, педагагічнай кампетэнтнасці мам і татаў залежыць эмацыянальны і сацыяльны вопыт дзіцяці любога ўзросту. Таму педагогі найперш імкнуцца выбудоўваць партнёрскія адносіны з сем’ямі выхаванцаў, актыўна далучаць бацькоў да выхаваўчага і рэабілітацыйнага працэсу. Работа з сем’ямі ўключае гутаркі, псіхолага-карэкцыйную дзейнасць, бацькоўскія сходы, сумесны ўдзел у святах і г.д.

- Важную ролю ў сацыялізацыі дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, адыгрывае цеснае ўзаемадзеянне з сацыяльным акружэннем, - адзначае К.Л.Абжальян. – Педагогі цэнтра праводзяць актыўную і плённую работу па пошуку эфектыўных форм узаемадзеяння і супрацоўніцтва, усталявання партнёрскіх адносін з сацыякультурнымі ўстановамі горада ў арганізацыі сацыяльна значнага вольнага часу дзяцей. Адносіны, заснаваныя на ўзаемаразуменні, узаемадапамозе і сутворчасці, наладжаны з эколага-біялагічным цэнтрам, дзіцячай бібліятэкай, кінатэатрамі, Домам і Палацам культуры, Палацам дзіцячай творчасці і іншымі ўстановамі. Так, выхаванцы дзіцячага прытулка штогод наведваюць гурткі ў эколага-біялагічным цэнтры, дзе арганізоўваюцца выставы работ гурткоўцаў, праводзяцца дыспуты па здаровым ладзе жыцця, віктарыны, гульнявыя і забаўляльныя праграмы. Дзеці набываюць веды пра навакольны свет, вучацца даглядаць да жывёламі, ствараюць адметныя вырабы з прыроднага матэрыялу.

Апошнім часам у дзяцей зніжаецца інтарэс да чытання. Даволі часта кнігу замяняюць камп’ютар, інтэрнэт, тэлевізар. Праблему далучэння дзяцей да культуры чытання мастацкай літаратуры педагогі вырашаюць у партнёрстве з бібліятэкай, чый фонд актыўна выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчай рабоце. Дзеці ўдзельнічаюць у віктарынах, інтэлектуальных турнірах, конкурсах на лепшае веданне кніг і творчасці вядомых пісьменнікаў, а таксама ў абмеркаванні прачытанага.

Вялікую ролю ў маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей адыгрывае супрацоўніцтва з краязнаўчым музеем. Цікавыя аповеды экскурсаводаў, агляд экспанатаў надоўга застаюцца ў памяці. Такое сацыяльнае партнёрства дапамагае пазнаёміцца з малой радзімай, далучыцца да гісторыі і культуры свайго народа.

Добрым падмуркам у фарміраванні маральных перакананняў выхаванцаў дзіцячага прытулка, карэкцыі дэвіянтных паводзін падлеткаў і сацыяльнай падтрымцы дзяцей з’яўляецца даўняе плённае супрацоўніцтва з мясцовым храмам, які арганізоўвае духоўна-маральныя гутаркі і чытанні, дыспуты і лекцыі, прагляд фільмаў і творчыя майстэрні, экскурсіі і святы. Такое партнёрства стварае спрыяльнае асяроддзе, у якім дзеці вучацца будаваць канструктыўныя адносіны на аснове агульначалавечых каштоўнасцей.

Даўнімі сябрамі і частымі гасцямі прытулка з’яўляюцца валанцёрскія групы навучэнцаў ССНУ і студэнтаў БарДУ. Мэта такога ўзаемадзеяння заключаецца ва ўдасканаленні работы па рэабілітацыі непаўналетніх, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Валанцёры ладзяць для дзяцей розныя святы, забаўляльныя і інтэлектуальныя праграмы, творчыя майстэрні, сумесныя прагулкі, рухавыя гульні і спартыўныя мерапрыемствы.

На працягу многіх гадоў сацыяльнымі партнёрамі прытулка з’яўляецца Баранавіцкае таварыства аўтааматараў DRIVE 2, удзельнікі якога арганізоўваюць для дзяцей культурна-забаўляльныя праграмы, рыхтуюць салодкія падарункі, умацоўваюць матэрыяльную базу. Важна, што мерапрыемствы носяць не толькі забаўляльны, але і пазнавальна-навучальны характар. Так, для дзяцей праводзіцца пазнавальная праграма па правілах пажарнай бяспекі з удзелам супрацоўнікаў МНС і спецтранспарту.

Ужо некалькі гадоў з дзіцячым прытулкам сябруюць члены мотаклуба Баранавіч. Падчас сустрэч дзеці знаёмяцца з матацыкламі, катаюцца на квадрацыклах, удзельнічаюць у віктарынах і гутарках з матацыклістамі і супрацоўніцкамі ДАІ па правілах бяспечных паводзін на дарогах.

Акрамя таго, наладжана супрацоўніцтва з мясцовай зенітна-ракетнай брыгадай і ваенна-пажарнай часцю Беларускай чыгункі, якія на сваіх базах праводзяць для выхаванцаў экскурсіі, прафілактычныя і выхаваўчыя гутаркі. У арганізацыі вольнага часу дзяцей дапамагаюць забаўляльны цэнтр “Востраў скарбаў”, турыстычнае агенцтва і шэраг іншых прыватных фірм.

- Дзякуючы гэтаму ствараецца аптымальная мадэль сацыяльнага партнёрства, якая станоўча ўплывае на станаўленне сацыяльна кампетэнтнай асобы, здольнай да самавыхавання і духоўна-маральнага развіцця. Акрамя таго, такая мадэль стварае добрыя ўмовы для выяўлення, развіцця і падтрымкі выхаванцаў, садзейнічае асобаснай і сацыяльнай самарэалізацыі, - падагульняе К.Л.Абжальян.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.