Да самаўдасканалення педагогаў – праз актыўныя формы метадычнай работы

02.08.2016
Сучасная школа павінна не толькі даваць вучням неабходныя веды, але і выхоўваць творчую асобу, здольную да пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканалення. Прафесіяналізм настаўніка з’яўляецца адным з асноўных фактараў поспеху ў гэтым.

У Пінкавіцкай сярэдняй школе імя Якуба Коласа Пінскага раёна дзейнасць педагогаў накіравана на развіццё асобы вучняў і пастаяннае самаўдасканаленне. Ва ўстанове адукацыі паспяхова дзейнічае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў, якое ўзначальвае Г.А.Бардзілоўская. Асноўная мэта аб’яднання – забеспячэнне якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу, сумесны пошук, адпрацоўка і ўкараненне лепшых узораў педагагічнай дзейнасці падчас прафесійных зносін, выпрацоўка адзіных поглядаў і падыходаў, норм і патрабаванняў да ацэнкі вынікаў работы.

- Педагогі працуюць над тым, каб даваць дзецям высокі ўзровень ведаў, ствараюць умовы для фарміравання ў школьнікаў уменняў і жаданняў вучыцца, выяўлення і развіцця іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, агульнай культуры і маўлення, - расказвае Г.А.Бардзілоўская. – Работа аб’яднання будуецца на 5 складніках: прафесіналізм, самаўдасканаленне, індывідуальны падыход да кожнага вучня, актыўны творчы пачатак і любоў да дзяцей.

Удзельнікамі аб’яднання з’яўляюцца 9 настаўнікаў пачатковых класаў і 3 выхавальнікі групы прадоўжанага дня. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць з іх 88% і 67% адпаведна. Стаж 76% педагогаў складае больш за 20 гадоў.

- Сістэма вучэбна-метадычнай работы ў пачатковай школе ўключае аналіз запытаў педагогаў, дыягностыку, прагназаванне і планаванне, - працягвае Г.А.Бардзілоўская. – У 2014/2015 навучальным годзе ўдзельнікі аб’яднання працавалі над метадычнай тэмай “Сучасныя метадычныя патрабаванні да рэалізацыі прадметнага зместу на вучэбных занятках на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Пастаўленыя задачы вырашаліся на пасяджэннях з дапамогай актыўных форм работы.

У пачатку навучальнага года адбылася метадычная нарада “Нарматыўная дасведчанасць як адзін са складнікаў прафесійнай кампетэнтнасці педагога”. Падчас нарады ўдасканальваліся ўменні настаўнікаў працаваць з нарматыўнымі прававымі актамі і метадычнымі рэкамендацыямі, якія рэгламентуюць педагагічную дзейнасць. Акрамя таго, удзельнікі нарады адпрацоўвалі навыкі арганізацыі адукацыйнага працэсу па рэалізацыі адукацыйных праграм пачатковай адукацыі.

Нарада пачалася з гульні “Мяч па коле”, якая дапамагла стварыць станоўчую псіхалагічную атмасферу. Педагогі сталі ў кола і злучылі адкрытыя далоні, па якіх патрабавалася каціць мяч як мага хутчэй, не дапускаючы яго падзення. Пасля гульні настаўнікі адказвалі на пытанні: “Ці можна было ўхіліцца ад выканання задання?”, “Які яго псіхалагічны сэнс?”. Педагогі пагадзіліся, што разам можна вырашыць любыя праблемы.

У першай палове 2014/2015 навучальнага года прайшоў праблемны семінар, прысвечаны праектна-даследчай дзейнасці. Мерапрыемства праводзілася з мэтай вызначыць праблемы і аптымальныя спосабы арганізацыі даследчай работы дашкольнікаў.

Матывацыйны этап семінара ладзіўся ў форме дзелавой гульні “Намалюй кветку”. Вядучы рабіў заўвагі ўдзельнікам і пытаўся, якія эмоцыі яны ў іх выклікалі. Патрабаванні вядучага выклікалі ў педагогаў справядлівае абурэнне. Ці не такім чынам настаўнікі падчас навучання навязваюць дзецям уласны шлях пазнання, свае спосабы выканання заданняў, абмяжоўваюць вучняў рамкамі і не даюць цалкам раскрыць сябе, прымушаюць здагадвацца выхаванцаў, чаго чакае ад іх педагог?

У асноўнай частцы семінара прайшоў мазгавы штурм, накіраваны на аказанне інфармацыйнай і метадычнай падтрымкі педагогам па тэме мерапрыемства. Вынікам работы настаўнікаў стаў кластар “Праектна-даследчая дзейнасць”, дзе адлюстраваліся яе структурныя часткі, віды праектаў і этапы вучэбнай дзейнасці, на якіх іх можна ажыццяўляць. Была складзена калектыўная карта ідэй “Тэмы даследчых работ з вучнямі на І ступені навучання”. Настаўнікі 3 – 4 класаў прэзентавалі дайджэст даследчых работ дашкольнікаў з навукова-практычнай канферэнцыі. Вынікам семінара сталі добрыя эмоцыі, адказы на актуальныя пытанні і шмат цікавых ідэй.

У другой палове 2014/2015 навучальнага года адбыўся семінар, прысвечаны развіццю вуснага і пісьмовага маўлення малодшых школьнікаў на ўроках рускай мовы і літаратуры. Семінар праходзіў у форме творчай гасцёўні, дзе педагагічныя задачы вырашаліся падчас жывых зносін. У гэтым добра дапамог метад “Шэсць капелюшоў”, кожны з якіх сімвалізаваў пэўны тып мыслення. Педагогі прымервалі капелюшы, дзяліліся ведамі і напрацоўкамі. Такая форма дзейнасці стварала спрыяльныя ўмовы для аказання настаўнікам метадычнай дапамогі ў выбары прыёмаў і метадаў пры рабоце над развіццём маўлення вучняў і садзейнічала развіццю творчых здольнасцей педагогаў.

Напрыканцы 2014/2015 навучальнага года пасяджэнне аб’яднання праводзілася ў выглядзе метадычнага дыялогу. Педагогі загадзя азнаёміліся з тэмай абмеркавання, атрымалі тэарэтычнае дамашняе заданне і правялі ўрок матэматыкі ў 4 класе. Метадычны дыялог на тэму “Формы і метады работы над тэкставымі задачамі як спосаб развіцця аналітычнага мыслення і даследчых уменняў вучняў” вяла Г.А.Бардзілоўская. Важнымі складнікамі дыялогу сталі культура зносін, актыўнасць педагогаў і агульная эмацыянальная атмасфера.

У 2015/2016 навучальным годзе ўдзельнікі аб’яднання працавалі над адзінай метадычнай тэмай “Удасканаленне прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў пачатковых класаў па тэорыі і методыцы выкладання матэматыкі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Першае пасяджэнне праходзіла ў форме семінара-практыкуму, дзе педагогі пакаралі вяршыню гары “Урок матэматыкі”. Пад’ём на гару пачаўся з гульні “Асацыяцыя”. Удзельнікі падбіралі 2 – 3 словы, з якімі асацыіруецца паняцце “арганізацыя вучэбнай дзейнасці на ўроку матэматыкі”. У цэнтры ўвагі педагогаў былі тэарэтычныя пытанні, якія тычыліся шляхоў удасканалення ўрокаў матэматыкі ў пачатковых класах, і практычная работа, якая складалася з прэзентацыі і абмеркавання распрацаваных урокаў, зыходзячы з прапанаваных метадычных рэкамендацый па іх структуры.

Г.А.Бардзілоўская лічыць, што найлепшай формай павышэння навукова-метадычнага майстэрства з’яўляецца самаадукацыя. Педагогі штодзень на практыцы прымяняюць і замацоўваюць набытыя веды, карэкціруюць і ўдасканальваюць прафесійныя ўменні. Настаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах, розных семінарах і канферэнцыях, наведваюць і аналізуюць адкрытыя ўрокі. У прафесійнай дзейнасці педагогі шырока выкарыстоўваюць часопісы “Пачатковая школа” і Пачатковае навучанне: дзіцячы сад, сям’я, школа”, а таксама “Настаўніцкую газету”.

- Ніхто не зможа развіць педагагічныя здольнасці лепш, чым сам настаўнік, - упэўнена Г.А.Бардзілоўская. – Ён добра ведае свае моцныя і слабыя бакі, можа задаволіць адукацыйныя патрэбы шляхам самастойных заняткаў, вывучэння псіхолага-педагагічнай і метадычнай літаратуры, перыядычных выданняў, аналізу ўласнай дзейнасці і вызначэння далейшых напрамкаў свайго ўдасканалення. Вопыт педагогаў распаўсюджваецца на педсаветах, майстар-класах, семінарах, конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Вынікі вучэбнай дзейнасці выхаванцаў настаўнікаў пачатковых класаў таксама радуюць: сярэдні бал – 7 і вышэй.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.