Не наперадзе, а побач

25.07.2016
З выбарам прафесіі звязана шмат эмоцый, трывог, чаканняў і праблем. Ад рашэння, прынятага ў юнацтве, залежаць прафесійнае станаўленне, дабрабыт і лёс. Пытанне “Кім стаць?” турбуе ўсіх школьнікаў. Не кожны з іх можа лёгка прыняць правільнае рашэнне.

На базе сярэдняй школы № 16 Баранавіч прайшоў гарадскі семінар, на якім яе педагогі прэзентавалі мадэль укаранення метадаў і прыёмаў у работу ўстановы адукацыі, накіраваных на прафесійнае самавызначэнне вучняў. Пачалося мерапрыемства з пастаноўкі п’есы “Станаўленне “я”. Удзельнікі семінара пагрузіліся ў свет уласных перажыванняў і ўспамінаў, звязаных з выбарам прафесіі.

- Хто дапамог сённяшнім настаўнікам зрабіць прафесійны выбар? – спытала ў калег кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Т.А.Гутырчык. – Як правіла, бацькі і школьныя педагогі. Асоба настаўніка адыграла ў жыцці кожнага ўдзельніка семінара вялікую ролю. Цяпер мы дапамагаем вызначыцца вучням з будучай прафесіяй.

Галоўная задача педагогаў 16-й школы – набліжацца не да ўласнага трыумфу, а да поспеху выхаванцаў, ісці не наперадзе іх, а побач з імі. Ва ўстанове адукацыі назапашаны эфектыўны вопыт работы па прафесійным самавызначэнні вучняў. Выбраць прафесію ім дапамагаюць на ўроках і факультатывах, у гуртках і навуковым таварыстве школьнікаў.

Падчас семінара вучні расказвалі пра такія сучасныя прафесіі, як крыэйтар, медыяплэнер, брэнд-менеджар, фрылансер, стрынгер і інш. Школьнікі ўпэўнены, што адной з умоў паспяховасці ў любой дзейнасці з’яўляецца добрае веданне мовы – асновы камунікабельнасці, крэатыўнасці і мабільнасці.

Педагогі прынялі ўдзел у сюжэтна-ролевай гульні, дзе выступілі ў ролі рэкрутараў кадравага кансалтынгу “Перспектыва”. Іх увазе былі прапанаваны 4 вучнёўскія праекты, аб’яднаныя агульнай тэмай “Мая будучая справа”. Так, васьмікласніца Марына Драгун, якая з’яўляецца рэдактарам школьнай газеты, падрыхтавала праект “Прафесія аб прафесіі”. У спецвыпуску выдання дзяўчына засяродзіла ўвагу на прынцыпах прафесійнай этыкі журналістаў, плюсах і мінусах гэтай прафесіі, а таксама расказала, у якіх УВА яе можна атрымаць.

Адзінаццацікласнік Мікіта Івашка, які выступаў у ролі дырэктара фірмы Schoolbag, падзяліўся сваім бачаннем арганізацыі бізнесу ў галіне вытворчасці і збыту школьных сумак. Юнак адзначыў, што самым галоўным у яго будучай фірме будзе клопат аб здароўі дзяцей. Крэатыўныя стратэгічныя рашэнні па рэалізацыі прадукцыі фірмы паказвалі іміджмейкер, брэнд-менеджар, крыэйтар, лагіст, маркетолаг і медыяплэнер.

Праект “Ілюзія прысутнасці”, падрыхтаваны васьмікласніцай Палінай Харламавай і дзевяцікласнікам Паўлам Міскевічам, увёў удзельнікаў семінара ў свет ІТ-тэхналогій, якія адправіліся ў віртуальны тур па 16-й школе. Аўтары праекта лічаць, што такія туры дазваляюць ствараць вучэбныя дапаможнікі з эфектам прысутнасці і інтэрактыўнасці.

Супрацоўнікі аграрнага комплексу “Сербіяначка” настолькі рэалістычна апісалі яго асаблівасці, што педагогі захацелі там пабываць. Аўтар праекта адзінаццацікласніца Кацярына Ляўковіч адзначыла, што падобных комплексаў у Беларусі шмат, але яе бізнес-праект істотна адрозніваецца ад іх.

- Уменне знайсці сябе ў жыцці, выбраць любімую справу, якая будзе прыносіць радасць, поспех і радасць для іншых, - задача кожнага чалавека. І роля настаўнікаў у гэтым вялікая, - упэўнены дырэктар 16-й школы В.А.Дзяўго.

Ала МАМОНЧЫК,

метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Баранавіч.