Дом вокнамі ў дзяцінства

14.07.2016
У апошнія гады Брэст імкліва развіваецца і пашырае гарадскія межы. У ім працуюць сучасныя культурныя, адукацыйныя і спартыўныя аб’екты. У горадзе шмат робіцца для паспяховага развіцця моладзі і яе самавыяўлення. Вялікая роля ў гэтым належыць Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста, дзе створаны добрыя ўмовы для творчай самарэалізацыі навучэнцаў.

Сёння ў цэнтры займаецца больш за 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія развіваюць свае здольнасці ў сферы музыкі, жывапісу, тэхнікі, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і камп’ютарнай дасведчанасці, авалодваюць замежнымі мовамі, журналісцкім і акцёрскім майстэрствам, пазнаюць навакольную прыроду і г.д.

Кіраўнік установы Юлія Алегаўна Глебік нацэльвае калектыў на правядзенне заняткаў па інтарэсах з улікам прыродных схільнасцей дзяцей. Гэта дазваляе ім рэалізаваць сябе як асобу, дасягнуць поспеху ў творчасці, вызначыцца ў прафесіі. Адукацыйны працэс забяспечваюць вопытныя педагогі, у арсенале якіх шмат сучасных методык выхавання і навучання.

Важнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу з’яўляецца арганізацыя і правядзенне масавых адукацыйных, выхаваўчых і культурных мерапрыемстваў. Выхаванцы цэнтра – шматразовыя лаўрэаты і дыпламанты гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў. Педагогі і навучэнцы актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у розных рэспубліканскіх выставачных праектах. Так, у мінулым навучальным годзе ўзорныя студыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка”, “Дэкор” і “Акварыум” удзельнічалі ў ІV Рэспубліканскай выставе дзіцячай творчасці “Размова з Малевічам”. Зварот да творчых рэцэптаў Казіміра Малевіча і яго наступнікаў падштурхнуў дзяцей да новых праектаў: “Неабмежаваныя магчымасці нацюрморта для творчага эксперымента”, “Арт-кінематограф” і “Шмат нас, шмат вачэй і адзін Малевіч”. Праект “Арт-кінематограф, створаны ў жанры аскетычнага чорна-белага партрэта, увайшоў у лік 12 лепшых, адзначаных дыпломамі Міністэрства адукацыі Беларусі. Крыніцай натхнення для навучэнцаў студыі “Дэкор” сталі вобразы знакамітых гістарычных дзеячаў, акцёраў, мастакоў і музыкантаў. Галерэя з 50 партрэтаў стане асновай будучай тэматычнай выставы.

Вялікая ўвага ў цэнтры ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. На гэта накіраваны фестывалі дзіцячай моды “Вясенні капрыз”, эстраднай творчасці школьнікаў “Залаты пеўнік”, “Прыступкі” і “Крылы”, школьнай лігі КВЗ і інш. Гарадскі фестываль паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі” праводзіўся сёлета 30-ты раз. Важнае значэнне ў ім адыгрываюць не толькі тэхнічныя характарыстыкі лятаючых мадэлей, але і іх мастацкае афармленне, наяўнасць нацыянальнай сімволікі.

Неад’емнай часткай гісторыі Брэста стаў Пост Памяці, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем цэнтра. На працягу 44 гадоў мемарыяльныя атрады гарадскіх устаноў адукацыі нясуць Вахту Памяці ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці-героі. На практычных занятках юнакі і дзяўчаты вучацца зладжанаму ўзаемадзеянню ў калектыве і страявой падрыхтоўцы.

Ужо некалькі гадоў аддзел турыстычна-краязнаўчай работы цэнтра разам Брэсцкім абласным упраўленнем МНС праводзіць шматдзённыя турыстычныя паходы ў рэспубліканскі заказнік “Прыбужскае Палессе”. Рабінзанада з ратавальнікамі з’яўляецца цікавай і эфектыўнай формай работы ў летні перыяд. Дзеці збліжаюцца з прыродай, што асабліва важна для гарадскіх школьнікаў, авалодваюць навыкамі бяспечных паводзін і паводзін у надзвычайных сітуацыях, вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу пацярпелым. Рабінзанада ўключае экалагічныя гульні, пешыя паходы па экалагічных сцяжынах, наведванне музея касманаўтыкі ў Тамашоўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, спартыўнае арыентаванне, водныя эстафеты і майстар-класы прафесійных ратавальнікаў па выжыванні.

Два дзіцячыя калектывы цэнтра з’яўляюцца народнымі і сем – узорнымі: ансамбль народных інструментаў “Святач”, студыі выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Акварыум”, “Вясёлка” і “Дэкор”, студыя саломапляцення і керамікі “Саламяная майстэрня”, студыя моды і дызайну адзення “Крэатыў”, вакальная студыя “Аліса” і ансамблі народных танцаў “Праменьчык” і “Злаціца”.

- Ва ўзорным ансамблі танца “Праменьчык” практыкуюцца інавацыйныя формы работы з навучэнцамі, - адзначае Ю.А.Глебік. – Калектыў працуе па 5-гадовай адукацыйнай праграме харэаграфічнай студыі, якая прадугледжвае сістэматычнае і паслядоўнае навучанне дзяцей і развіццё ў іх пэўных ведаў, уменняў і навыкаў па класічным, народна-сцэнічным і сучасным танцы. Больш за 40 гадоў студыя рыхтуе выканаўцаў харэаграфічных пастановак для ансамбля “Праменьчык”, які з’яўляецца пераможцам розных конкурсаў і фестываляў. Так, летась калектыў атрымаў гран-пры на Усерасійскім творчым конкурсе “Салют талентаў” у Санкт-Пецярбургу. Стваральнік і нязменны кіраўнік калектыву Тамара Васільеўна Натарава адзначана медалём “За працоўныя заслугі”.

Асноўная мэта дзейнасці народнага ансамбля народных інструментаў “Святач” пад кіраўніцтвам Святланы Уладзіміраўны Казловай – адраджэнне і захаванне традыцый беларускай культуры. Пры ансамблю створана дзіцячая падрыхтоўчая група з 17 удзельнікаў, якая з’яўляецца самастойным канцэртным калектывам з асобным рэпертуарам. Члены ансамбля не толькі адраджаюць і развіваюць традыцыйную беларускую культуру, але і выконваюць лепшыя творы айчыннай і сусветнай культуры, прапагандуюць музычныя творы самадзейных аўтараў, ствараюць уласныя інструментальныя апрацоўкі і музычныя творы. Рэпертуар ансамбля надзвычай багаты і разнастайны, пастаянна абнаўляецца.

- Сацыяльная актыўнасць і грамадская пазіцыя выхаванцаў праяўляецца ў рэалізацыі праектаў дзіцячага і маладзёжнага парламента ў рамках міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, - расказвае Ю.А.Глебік. – Сацыяльны праект “Зробім горад больш яркім” накіраваны на добраўпарадкаванне роднага Брэста. Мэта грамадзянскага праекта “Віртуальны музей” заключаецца ў папулярызацыі дзейнасці школьных музеяў і біяграфій знакамітых гараджан. Валанцёрскі праект “Падары ўсмешку дзецям” накіраваны на дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. У рамках гэтага праекта юныя парламентарыі арганізавалі акцыю “Добрае сэрца” па зборы цацак і канцылярскіх прыналежнасцей для гульнявога пакоя дзіцячай абласной бальніцы. Штогод валанцёры ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, падчас якой разам з гарадскімі ЦКРНіР і абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ладзяць навагоднія спектаклі і гульнявую праграму “Клоўнатэрапія” для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

- Цэнтр прапаноўвае дзецям заняткі на любы густ, - заўважае Ю.А.Глебік. – Радуе, што ў рабоце ўстановы актыўна ўдзельнічаюць бацькі. Гэта робіць адукацыйны працэс больш выніковым. Нашы выхаванцы паспяхова асвойваюць дадатковыя вучэбныя праграмы, займаюцца сацыяльна значнай дзейнасцю, выкарыстоўваюць вольны час з максімальнай карысцю для ўласнага адпачынку, здароўя і творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.