Павышаць якасць адукацыйнага асяроддзя

12.07.2016
На базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылася ХХІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Рэсурсы развіцця якасці адукацыйнага асяроддзя для эфектыўнай самарэалізацыі асобы”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны ІРА і Міжнародная акадэмія навук педагагічнай адукацыі (Масква).

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з сістэмай адукацыі Брэстчыны: “Развіццё адукацыйнай галіны абумоўлена рэгіянальнымі асаблівасцямі. Сістэма адукацыі вобласці займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па шэрагу напрамкаў дзейнасці. Сённяшняя задача галіны – суаднесці эканамічныя патрабаванні з запытамі сучаснай адукацыі, грамадства, педагагічнай навукі, рынку працы… Высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры вобласці паспяхова вырашаюць прафесійныя задачы”.

- Падобныя канферэнцыі дазваляюць падзяліцца каштоўным вопытам, абмеркаваць і вырашыць важныя пытанні, актуальныя для розных краін, - адзначыла прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар К.І.Артамонава. – Адной з надзённых задач сучаснай адукацыі з’яўляецца няўхільнае павышэнне яе якасці на розных узроўнях. Міжнародная акадэмія навук педагагічнай адукацыі аб’ядноўвае навуковы патэнцыял каля 4 тысяч кандыдатаў і дактароў навук, якія працуюць над вырашэннем агульных задач, звязаных з эфектыўным навучаннем і выхаваннем школьнікаў.

Рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў засяродзіў увагу на праблеме выніковасці вучэбна-выхаваўчага працэсу: “Гэтая праблема абумоўлена нерэалізацыяй натуральнай патрэбы асобы ў самаўдасканаленні, самавыхаванні, самаразвіцці і самаадукацыі. Страта інтарэсу дзяцей да вучобы з’яўляецца глабальнай праблемай. Сучасная адукацыя не адпавядае патрэбам выхавання творчай асобы. Дзецям навязваюцца розныя віды дзейнасці замест свабоднага выбару яе мэты. Таму неабходна сур’ёзнае пераасэнсаванне школьнай педагагічнай практыкі”.

Кандыдат педагагічных навук дацэнт Брэсцкага абласнога ІРА Л.Р.Германовіч гаварыла пра кіраўніцкія і арганізацыйна-педагагічныя рэсурсы развіцця культурна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі ва ўмовах рэалізацыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Шмат цікавых думак пра рэсурсы развіцця адукацыйнага асяроддзя выказаў вядомы навуковец, доктар педагагічных навук, прафесар П.І.Трацьякоў з Масквы: “Сучаснае развіццё адукацыйнага асяроддзя выклікае трывогу і заклапочанасць, бо хутчэй шкодзіць, чым дапамагае вырашаць вучэбна-выхаваўчыя задачы. Галоўнымі рэсурсамі развіцця гэтага асяроддзя з’яўляюцца прагназаванне, а не звычайная канстатацыя мэты ўрока, прадукцыйная дзейнасць, рэфлексія, эфектыўныя формы і метады навучання і інш. Вялікую ролю ў развіцці адукацыйнага асяроддзя адыгрываюць педагагічныя тэхналогіі і інавацыі. На жаль, іх укараненне і выкарыстанне не з’яўляюцца актыўнымі і паўсюднымі”.

Доктар педагагічных навук прафесар Н.А.Шарай з Масквы расказала пра асаблівасці кіравання адукацыйнымі комплексамі. Выконваючы абавязкі рэктара філіяла МДУ ў Ташкенце (Узбекістан) А.Б.Маманазараў вёў гаворку пра інавацыі ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў. Метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.І.Дабрынеўская падзялілася вопытам інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Пасля пленарнага пасяджэння работа канферэнцыі прадоўжылася ў 3 секцыях: “Развіццё адукацыйнага асяроддзя дашкольнага ўзроўню адукацыі”, “Рацыянальнае кіраванне адукацыйнымі арганізацыямі: пошукі, праблемы і рашэнні” і “Прафесійная адукацыя: развіццё адукацыйнай прасторы”. У цэнтры ўвагі педагогаў, метадыстаў і навукоўцаў былі пытанні, звязаныя з фарміраваннем асноў пажарнай бяспекі ў дашкольнікаў, выкарыстаннем цімбілдынгу ў развіцці інклюзіўных працэсаў у дашкольных установах і інавацыйных тэхналогій у асобасным і маўленчым развіцці дашкольнікаў, арганізацыяй кадэцкіх класаў і перспектывамі развіцця кадэцкай адукацыі, стварэннем прававых асноў развіцця адукацыйнай прасторы і рэсурсаў адукацыйнага асяроддзя вучэбных заняткаў у дзіцячых садках і школах, арганізацыяй работы з адоранымі вучнямі і г.д.

Па выніках канферэнцыі была прынята рэзалюцыя. Наступная міжнародная канферэнцыя пройдзе ў Смаленску (Расія).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.