Не проста цацкі

06.07.2016
Важнае месца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе займае работа па захаванні духоўна-культурных традыцый беларускага народа. Адным з напрамкаў такой работы з’яўляецца дэкаратыўна-прыкладная творчасць, якая прадугледжвае выраб беларускай традыцыйнай тэкстыльнай лялькі. Гэты від дзейнасці дапамагае вывучаць, захоўваць і папулярызаваць айчынную культуру.

У нашай школе знаёмства з традыцыйнай беларускай лялькай пачалося 5 гадоў назад з удзелу ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Тэма даследчай работы была звязана з вывучэннем асаблівасцей выкарыстання і тэхналогіі вырабу беларускай лялькі. Тэарэтычных матэрыялаў не хапала, таму неабходную інфармацыю даводзілася шукаць не толькі ў дакументальных крыніцах. У першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ў вёсках яшчэ выраблялі тэкстыльныя лялькі. Гэта добра памятаюць некаторыя жанчыны сталага ўзросту, якія пражываюць у нашай мясцовасці.

Даследчая работа была адзначана дыпломамі раённага і абласнога ўзроўню. Але самае важнае, што назапашаныя напрацоўкі сталі імпульсам для пазакласных заняткаў па вырабе традыцыйнай беларускай тэкстыльнай лялькі.

Склалася парадаксальная сітуацыя: дзеці, якія маюць дома сучасныя і дарагія магазінныя лялькі, актыўна пацягнуліся на заняткі па вырабе простых традыцыйных лялек. Але простымі яны здаюцца толькі на першы погляд.

Лялька – гэта вобраз-сімвал чалавека. Лялькі розных рэгіёнаў Беларусі пры знешнім адрозненні блізкія па спосабе вырабу. Тканіну згортвалі да ўтварэння слупападобнай скульптуркі (адсюль і назва лялек – згортышы). Цела лялькі перацягвалі ніткай або стужкай на месцы шыі і пояса. Цела дзялілася на 3 часткі. Лічыцца, што гэта сімволіка трыадзінага свету: верхняга (неба), ніжняга (падземнага) і сярэдняга (зямля і чалавек на ёй). Лялькі-куваткі перацягваліся па тым жа прынцыпе, але мелі яшчэ і рукі, таму былі падобны на крыжыкі: знешне мелі 4 напрамкі. Такім чынам, у самой канструкцыі ўтрымліваецца лік 7 – сімвал Сусвету. Ці не расшыфроўваецца ў такім выпадку слова “сям’я”, як “я” ў цэнтры Сусвету?

Пасля стварэння асновы лялькі яе апраналі. Для вырабу вопраткі лялькі найчасцей выкарыстоўвалі тканіну са старога адзення (падолы жаночых сарочак, фартухі). І не толькі з-за беднасці, а згодна з рытуалам кроўнага радства. Лічылася, што лялька, вырабленая з такой тканіны, можа стаць абярэгам дзіцяці. У нашай мясцовасці і сёння некаторыя бабулі раяць маладым мамам класці ў дзіцячую калыску якое-небудзь сваё адзенне, каб дзіця лепш спала.

Не ўсе лялькі, што вырабляліся нашымі продкамі, былі прызначаны для гульні. Сярод іх былі лялькі абрадавыя і абярэгі, праз якія дзеці знаёміліся з укладам жыцця і атрымлівалі маральныя, сімвалічныя і міфалагічныя веды. Таму гэта не проста цацкі.

Паступова вырабам тэкстыльных лялек у школе стала захапляцца ўсё больш і больш дзяцей, прычым цікавасць праяўлялі не толькі дзяўчынкі, але і некаторыя хлопчыкі. Тое, што сёння некаторыя людзі імкнуцца знайсці ў традыцыях кітайскага фэн-шуй, даўным-даўно было ў нашых продкаў. Старэнькая тэкстыльная лялька, можа, і саступае фабрычнай Барбі па знешнім выглядзе, але па душэўнасці пераўзыходзіць любую магазінную, бо яна цёплая і добрая.

Вырабляць лялькі могуць дзеці рознага ўзросту. Выраб простых лялечак-згортышаў – вельмі карысны занятак для развіцця дробнай маторыкі пальцаў у малодшых школьнікаў. Старшакласнікі могуць ствараць больш складаныя лялькі, дапаўняючы іх вобраз вышыўкай, ускладненым кроем адзення, дэкаратыўнымі матэрыяламі. Лялькі, нібыта і простыя на першы погляд, але іх выраб патрабуе вялікага цярпення, руплівасці і акуратнасці. Як правіла, лялькі невялікія па памерах, таму іх не так лёгка згарнуць, апрануць, завязаць хустачку. Пры стварэнні лялек дзеці адначасова і гуляюць, і працуюць.

Такія заняткі даюць плён не толькі ў выхаванні духоўнай культуры вучняў. Сёлета некаторыя іх работы ўдзельнічалі ў конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці раённага і абласнога ўзроўню, дзе былі адзначаны дыпломамі.

Інеса ЧАРНЯК,

настаўніца абслуговай працы

Высокаўскай сярэдняй школы

імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна.