Гульня смелых, моцных, дружных

05.07.2016
У пяты раз Брэстчына прымала піянераў-юнармейцаў, пераможцаў абласных этапаў Рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Спаборніцтва праходзіла ў форме сямідзённых збораў на тэрыторыі агульнавайсковага палігона “Брэсцкі”.

“Зарніца” вядзе адлік з 1967 года. За гэты час яна стала адной з цікавых і захапляльных форм работы па ваенна-патрыятычным і спартыўным выхаванні моладзі. Гэта гульня смелых, моцных, дружных. Падчас яе юнармейцы праходзяць падрыхтоўку ў складзе атрадаў і па юнармейскіх спецыяльнасцях, паказваюць майстэрства ў ваенна-патрыятычных, спартыўных і творчых мерапрыемствах.

Сёлета госцем спаборніцтва стаў атрад “Мальчиш-Кибальчиш” з Масквы. Вялікую дапамогу ў арганізацыі гульні з 1998 года аказвае 38-я гвардзейская асобная мабільная брыгада, якая дыслацыруецца ў Паўднёвым гарадку Брэста.

20 чэрвеня – асаблівая дата ў піянерскім календары. Гэта свята піянерскага вогнішча. Пасля ўрачыстага адкрыцця гульні прайшоў конкурс інсцэніраванай песні ля вогнішча “З іскрай у душы і верай у перамогу”. У коле равеснікаў школьнікі гаварылі пра сяброўства і дабро, расказвалі легенды і спявалі песні, запускалі ў начное неба зіхатлівыя ліхтарыкі і шары.

21 чэрвеня, напярэдадні даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юнармейцы ўдзельнічалі ў турніры “Старонкі гісторыі Айчыны” па гісторыі краіны і піянерскай арганізацыі з часу ваенный падзей да сённяшніх дзён. Школьнікі адказвалі на 75 пытанняў, аб’яднаных у 8 тэматычных блокаў: “Подзвігі і героі”, “Жыццё пры акупацыі”, “Дата. Падзея. Людзі”, “Шчыт і меч”, “Подзвігі юных у песнях на стагоддзі”, “Інфармацыйная вайна”, “Старонкі з ваеннага архіва” і “Праз 75 гадоў”. У гэты ж дзень юнармейцы прынялі ўдзел у фестывалі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Апошні мірны дзень” і сустрэліся з прадстаўнікамі батальёна беларускіх арлянят.

22 чэрвеня школьнікі сталі сведкамі пачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас рэканструкцыі эпізодаў баёў у Брэсцкай крэпасці, правялі паверку загінулых “Свяча памяці” і падвялі вынікі выставы-конкурсу “75 кадраў пачатку вайны”.

23 чэрвеня юнармейцы спаборнічалі ў разборцы і зборцы аўтамата Калашнікава, дэманстравалі навыкі ў агнявой падрыхтоўцы пры стральбе лежачы з адлегласці 100 метраў. Падчас агляду строю і песні “Аты-баты ішлі салдаты з песняй на парад” школьнікі паказвалі хуткасць, дакладнасць і правільнасць выканання каманд і страявых прыёмаў, падцягнутасць, ахайнасць і дысцыплінаванасць.

24 чэрвеня мернае жыццё палатачнага лагера парушыў сігнал трывогі аб атацы з паветра. На тэрыторыі лагера высадзіўся варожы дэсант. Атрымаўшы сакрэтны пакет, юнармейцы накіраваліся выконваць пастаўленую ў ім задачу. Так пачалася ваенізаваная гульня на мясцовасці, якая выяўляла фізічную загартоўку падлеткаў, навыкі пераадолення цяжкасцей і згуртаванасць у барацьбе з праціўнікам.

Конкурс баявых лісткоў “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца!” аператыўна інфармаваў аб падзеях “Зарніцы” і мабілізацыі юнармейцаў на паспяховае выкананне штодзённых задач.

Ранкам 25 чэрвеня над Брэсцкай крэпасцю прагучаў піянерскі горн, які паклаў пачатак урачыстаму закрыццю гульні. Удзельнікі аддалі даніну пашаны героям Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы гірлянду Славы да Вечнага агню. 75 піянераў з лепшых юнармейскіх атрадаў краіны атрымалі нагрудныя значкі “Піянер-юнармеец”, а нагрудны знак “Ганаровы піянер Беларусі” заззяў на грудзях дырэктара мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Р.Р.Бысюка, які ў 1971 годзе ўзначальваў камсамольска-піянерскі штаб Усесаюзнай піянерскай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.

Завяршыўся сямідзённы марафон экскурсіяй па мемарыяльным комплексе, пасля наведвання якога кожны раз адчуваеш асаблівае пачуццё гонару за сілу духу і мужнасці герояў далёкай вайны.

Па выніках гульні 1 месца заняла каманда “Нёман” з Мінска, 2 месца – каманда “Патрыёт” з Брэстчыны, 3 месца – каманда “Арсенал” з Гродзеншчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.