Лета па-баранавіцку: эфектыўна, цікава, карысна

27.06.2016
У Баранавічах прайшоў абласны семінар-практыкум, прысвечаны стварэнню і ўкараненню рэгіянальнай сістэмы арганізацыі летняга адпачынку дзяцей і навучэнскай моладзі праз варыятыўныя формы арганізацыі вольнага часу і аздараўлення. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама.

Семінар-практыкум праводзіўся з мэтай прапаганды і трансляцыі вопыту і інавацыйных метадаў работы выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі ў летні перыяд. Спецыялісты і метадысты рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, устаноў дадатковай адукацыі прынялі ўдзел у майстар-класах, арганізаваных на базе стацыянарных аздараўленчых лагераў і арандаванай базе ўстаноў адукацыі.

- Адпачынак і аздараўленне адыгрываюць вялікую ролю ў бесперапыннай адукацыі і выхаванні дзяцей, - расказала загадчыца сектара выхаваўчай работы гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму В.В.Рудая. – Адным з актуальных і важных пытанняў для Баранавіч стала пабудова такога педагагічна правільна спланаванага адпачынку дзяцей, які цалкам улічваў бы індывідуальныя запыты школьнікаў і бацькоў, ствараў аптымальныя ўмовы для аднаўлення здароўя, удасканалення і рэалізацыі творчых магчымасцей. Бацькі аддаюць перавагу малазатратным формам арганізацыі занятасці, а дзеці выбіраюць адпачынак з карысцю – профільныя атрады і летнікі.

Да пачатку летняга сезону гарадскі аддзел адукацыі, спорту і турызму праводзіць маніторынг арганізацыі аздараўленчага адпачынку дзяцей. Даныя маніторынгу і сацыялагічнага апытання паказалі, што наспела неабходнасць у стварэнні рэгіянальнай сістэмы арганізацыі летняга адпачынку дзяцей і навучэнскай моладзі. Мэта такой сістэмы заключаецца ў забеспячэнні аптымальных умоў для паўнацэннага адпачынку, аздараўлення і занятасці школьнікаў. Сістэма ахоплівае ўвесь педагагічны працэс, уключае ўзаемадзеянне з соцыумам і інтэграцыю розных форм і відаў адпачынку, аздараўлення і занятасці дзяцей.

Па словах В.В.Рудай, самым эфектыўным відам адпачынку з’яўляецца адпачынак у загарадных аздараўленчых лагерах. Сёлета ў Баранавіцкім раёне дзейнічаюць 5 такіх летнікаў і 2 санаторна-курортныя арганізацыі з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.

Адным з самых масавых і даступных відаў адпачынку па-ранейшаму застаецца адпачынак дзяцей у прышкольных летніках. Гэтым летам у Баранавічах працуюць 46 лагераў з дзённым знаходжаннем для амаль 3 тысяч вучняў.

Адным з прыярытэтных напрамкаў сёлетняй арганізацыі адпачынку у прышкольных лагерах стала пашырэнне сеткі профільных атрадаў па розных напрамках дзейнасці: краязнаўчыя, фізіка-матэматычныя, экалагічныя, прыродазнаўчанавуковыя, духоўна-асветніцкія, працоўныя, спартыўныя, лінгвістычныя і інш. Профільныя летнікі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў дзяцей. Так, на базе выхаваўча-аздараўленчай установы “Мара” праводзіцца штогадовая профільная змена Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч. Праект “Палітрай творчасці расфарбуем свет дзяцінства” прапаноўвае комплекс мерапрыемстваў, якія ўключаюць дзяцей у розныя віды дзейнасці, накіраваныя на іх развіццё. Для гэтага выкарыстоўваецца методыка калектыўных творчых спраў, улічваецца вопыт дзіцячых аб’яднанняў. Асаблівасцю профільных змен Палаца дзіцячай творчасці з’яўляецца правядзенне мерапрыемстваў у форме трэнінгаў, гульнявых праграм, творчых майстэрань, інтэлектуальных і масавых гульняў у адпаведнасці з профілем атрада.

Удзельнікам праекта прапаноўваюцца гульнявыя сітуацыі, пры вырашэнні якіх яны становяцца паўнапраўнымі лідарамі дзіцячага калектыву, будуюць “Горад майстроў”. Жывучы ў такім горадзе, кожны з “майстроў” выконвае пэўную работу. Штодзень пасля майстар-класаў запаўняецца фарбамі “Палітра творчасці” лагера, якая сімвалізуе жыццё, здароўе і мір на Зямлі.

Штогод на базе гарадскога ЦКРНіР праходзіць аздараўленне дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату і цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця. З улікам індывідуальных асаблівасцей выхаванцаў падбіраюцца гульні, пазнавальныя прагулкі, гуртковыя заняткі. Дзеці працуюць на агародзе, даглядаюць расліны.

- На працягу лета ў школах Баранавіч працуюць рознаўзроставыя атрады, якія з’яўляюцца эфектыўнай формай арганізацыі дзіцячай занятасці, - адзначыла В.В.Рудая. – Так, у сярэдняй школе № 15 дзейнічае рознаўзроставы атрад для дзяцей, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі. Для іх быў распрацаваны праект “Крок у жыццё”. У рамках яго праводзяцца сустрэчы і круглыя сталы па пытаннях прававога выхавання з удзелам інспектараў ІСН і іншых зацікаўленых службаў. Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі працуюць рамонтныя звёны, працоўныя атрады і атрады сацыяльнай дапамогі. Вучні займаюцца добраўпарадкаваннем горада і прышкольных тэрыторый, за што атрымліваюць заробак. Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі летняй занятасці дзяцей, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку.

Існуючая рэгіянальная сістэма арганізацыі летняга адпачынку дзяцей і навучэнскай моладзі падштурхнула да распрацоўкі гарадской праграмы летняга аздараўлення “Дзіця ў зорнай сістэме канікул”. Праграма з’яўляецца комплекснай (уключае разнапланавую дзейнасць і аб’ядноўвае розныя формы аздараўлення, адпачынку, працы, падарожжаў, спорту і турызму), улічвае інтарэсы і запыты ўсіх дзяцей і дапамагае паспяхова вырашаць многія выхаваўчыя праблемы.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з формамі і метадамі маральна-патрыятычнага выхавання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі цяжкіх падлеткаў, умовамі фарміравання законапаслухмяных паводзін і здаровага ладу жыцця ў школьнікаў на прыкладзе профільнага ваенна-патрыятычнага лагера “Янтар”, арганізаванага на базе гімназіі № 3 і вайсковай часці 7404 Баранавіч. У аздараўленчым летніку “Іса” была прадстаўлена панарама творчага вопыту профільных атрадаў аздараўленчых лагераў “Зорачка”, “Лясная казка” і “Электрон”.

Педагог-арганізатар Л.В.Весялова з Цэнтра турызму і краязнаўства Баранавіч прэзентавала турыстычную і гісторыка-краязнаўчую дзейнасць установы, якая з’яўляецца адной з эфектыўных форм арганізацыі актыўнага і пазнавальнага вольнага часу дзяцей і моладзі ў летні перыяд. Выхавальніца профільнага атрада аздараўленчага лагера “Зорачка” метадыст Т.У.Варабей з Эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч расказала пра эколага-біялагічную работу з вучнямі, развіццё іх даследчых навыкаў у профільным летніку. Выхавальнік профільнага атрада В.Ю.Булыга з аздараўленчага лагера “Лясная казка” падзяліўся вопытам па фарміраванні ў дзяцей навыкаў здаровага ладу жыцця. Акрамя таго, удзельнікі семінара азнаёміліся з дзейнасцю рознаўзроставага атрада з сярэдняй школы № 9 “ААН: атрад асобага назначэння”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.