Майстры сваёй справы

22.06.2016
На тры дні Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці стаў месцам правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі і Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці.

Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення, абагульнення і распаўсюджвання вопыту работы лепшых педагогаў устаноў дадатковай адукацыі. У завочным туры спаборніцтва прынялі ўдзел 22 педагогі дадатковай адукацыі. Па выніках праглядаў у фінал выйшлі 7.

Удзельнікі праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, абаранялі вучэбна-метадычны адукацыйны комплекс, праводзілі адкрытыя заняткі з новай аўдыторыяй, рабілі іх самааналіз і спаборнічалі ў конкурсе педагагічнага майстэрства, які складаўся з самапрэзентацыі “Маё педагагічнае крэда” і выпрабаванняў на эрудыцыю і лепшае вырашэнне педагагічнай сітуацыі.

У самапрэзентацыі канкурсанты раскрывалі асноўныя прафесійныя ідэі, адносіны да дзяцей, калег і работы. Так, Юлія Андрэеўна Кравец з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст”. Педагог з дзяцінства марыла выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак. Душэўная і творчая шчодрасць Ю.А.Кравец, улюбёнасць у сваю работу выклікае павагу калег, навучэнцаў і іх бацькоў.

Педагагічнае крэда Юліі Андрэеўны: “Быць майстрам сваёй справы”. І гэта ёй добра ўдаецца. На думку Ю.А.Кравец, прафесіяналізм педагога дадатковай адукацыі складаецца з кваліфікацыі, кампетэнтнасці, прадукцыйнасці, перспектывы, крэатыўнасці, чараўніцтва і любові.

Аляксандр Міхайлавіч Цунік з Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўзначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Азімут”. Кожныя заняткі педагога яркія, цікавыя і пазнавальныя. Да работы з дзецьмі А.М.Цунік падыходзіць з фантазіяй. Гэта выявілася і ў конкурсным выступленні, пабудаваным у выглядзе імправізаванага турыстычнага паходу, падчас якога педагог у вершах расказаў пра шлях да прафесіі і работу з дзецьмі. Іх ён вучыць не толькі быць вынослівымі, але і любіць прыроду.

Кіраўнік узорнага ансамбля эстраднага танца “Прэстыж” Ганна Міхайлаўна Ляўчук з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці захоплена любімай справай і ўмее захапіць ёй іншых. Педагог добра разумее сваіх выхаванцаў, радуецца іх поспехам і перажывае за іх няўдачы. Разам з дзецьмі Ганна Міхайлаўна крочыць па цудоўнай і незвычайнай краіне харэаграфіі: вучыць дзяўчынак галантнасці, дабрыні, любові да танца.

- Каб быць добрым педагогам, неабходна любіць тое, чым займаешся, і атрымліваць ад гэтага задавальненне, - лічыць Г.М.Ляўчук. – Толькі паспяховы педагог здольны выхаваць паспяховага вучня.

Яўгенія Уладзіміраўна Мухіна з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч займаецца з навучэнцамі ў аб’яднанні “Эстрадны вакал”. Да кожнага выхаванца ў педагога індывідуальны падыход. Я.У.Мухіна з радасцю аддае свае веды і душэўную цеплыню дзецям.

Расціслаў Анатольевіч Шаламіцкі з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска з’яўляецца кіраўніком аб’яднання “Мотааматары”. На рахунку педагога і яго выхаванцаў – шмат розных дасягненняў. Формула поспеху Р.А.Шаламіцкага – захопленасць любімай справай. Творчасць для педагога – звычайны рабочы стан, а яго заняткі – палігон, дзе выпрабоўваюцца тэхніка і новыя метадычныя знаходкі. Расціслаў Анатольевіч імкнецца знайсці шлях да сэрца кожнага дзіцяці. Педагог не толькі дае юным матацыклістам карысныя веды, але і вучыць жыццю.

Алена Мікалаеўна Філіповіч з Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўзначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Выяўленчае мастацтва”. Педагог імкнецца, каб кожная работа яе выхаванцаў выпраменьвала паэзію і музыку. Для гэтага А.М.Філіповіч вучыць дзяцей мастацтву ўяўлення.

- Галоўнае – знайсці сваё прызначэнне і рэалізаваць яго, - упэўнена Алена Мікалаеўна. – Задача педагога – выхаваць чалавека, здольнага бачыць прыгажосць вакол сябе.

У Валерыя Валянцінавіча Чулкова з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці па-сапраўднаму чароўныя рукі. Сваім майстэрствам педагог ахвотна дзеліцца з дзецьмі на занятках аб’яднання па інтарэсах “Арт-майстар”. Упрыгажэнні, створаныя В.В.Чулковым і яго выхаванцамі, з вялікім задавальненнем насілі б і пераборлівыя модніцы. Сакрэт педагагічнай магіі – цярпенне і праца.

- Галоўная задача педагога – навучыць маленькім цудам іншых, распаліць у іх агонь фантазіі і дапамагчы ўвасобіць яе ў жыццё, - лічыць В.В.Чулкоў.

У выпрабаванні “Педагог-эрудыт” канкурсанты павінны былі здагадацца, значэнне якіх слоў імкнуцца растлумачыць дзеці (культура, конік, мінулае, рыбалка, самалёт, балет і эвалюцыя). Трэба адзначыць, што не ўсім педагогам удалося гэта зрабіць з першага разу.

Выпрабаванне “Педагагічная сітуацыя” дапамагала раскрыць прафесійныя, творчыя і інтэлектуальныя здольнасці ўдзельнікаў. За 5 хвілін ім патрабавалася знайсці выйсце з цікавай і нестандартнай сітуацыі, узятай з гумарыстычнага кіначасопіса “Гармідар”. Напрыклад: вучань, стаўшы сведкам, як адзін настаўнік прызнаецца ў каханні другому, пачынае патрабаваць ад аднаго педагога добрыя адзнакі за “маўчанне”. Альбо: настаўніца прыйшла на ўрок і ўбачыла на стале жывую мышку, схаваную сярод падручнікаў.

- Конкурс паказаў, што дзецям вельмі пашанцавала з педагогамі, якія шчыра любяць прафесію і сваіх выхаванцаў, - адзначыла на падвядзенні вынікаў спаборніцтва старшыня журы, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.В.Чоўжык.

Пераможцай конкурсу стала Г.М.Ляўчук з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. Дыплом ІІ ступені атрымала Я.У.Мухіна з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч. Дыплом ІІІ ступені дастаўся В.В.Чулкову з Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.