Ад ініцыятывы – да сістэмнай інавацыйнай дзейнасці

18.06.2016
- Гімназічная адукацыя грунтуецца на прынцыпах універсальнасці і элітарнасці, таму падмуркам эфектыўнага развіцця ўстановы з’яўляюцца бесперапыннае самаўдасканаленне і разумнае спалучэнне навукі і практыкі, - лічыць дырэктар гімназіі № 5 Баранавіч Т.І.Шэстак. – Інаватыка дазваляе мабільна рэагаваць на адукацыйныя запыты. Сучасная ўстанова адукацыі павінна не ісці ў нагу з часам, а апярэджваць яго.

Інавацыі ў адукацыі – гэта актуальныя і сістэмныя новаўвядзенні. Інавацыйная дзейнасць гімназіі – гэта комплекс навукова-даследчых, тэхналагічных і фінансавых дзеянняў, накіраваных на ўкараненне ў педагагічную практыку.

З 2004 года ўстанова актыўна працуе ў напрамку арганізацыі інфармацыйнай адукацыйнай прасторы. У свой час у гімназіі была ўсталявана лакальная сетка, якая аб’яднала банк электронных адукацыйных матэрыялаў для настаўнікаў і вучняў, а таксама электронныя партфоліа педагогаў, размешчаныя ў інфакласах (упершыню ў горадзе). Без бесперапыннай работы па развіцці ІКТ-культуры ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу нельга дасягнуць станоўчых вынікаў у ім.

У 2010 годзе ў гімназіі пачаў рэалізоўвацца першы інавацыйны праект Міністэрства адукацыі Беларусі “Укараненне мадэлі дыстанцыйных форм навучання ў падтрымку асноўнага курса і факультатыўных заняткаў па вучэбных прадметах”. У рамках праекта былі створаны дыстанцыйныя курсы па гісторыі Беларусі, рускай, беларускай і англійскай мовах для 9 – 11 класаў. Гэтыя курсы выкарыстоўваюцца ва ўрочны і пазаўрочны час, а таксама для работы з вучнямі, якія доўгі час не наведвалі заняткі.

У 2012 – 2014 гадах у гімназіі рэалізоўваўся праект “Укараненне мадэлі дыстанцыйных форм навучання ў падтрымку асноўнага курса “Англійская мова”. Настаўнікі замежнай мовы распрацавалі і апрабавалі дыстанцыйную падтрымку па прадмеце для вучняў 4 – 8 класаў.

У 2013 годзе педагогі гімназіі ўвайшлі ў склад часовага навуковага калектыву Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па распрацоўцы электронных адукацыйных рэсурсаў для дадатковай адукацыі настаўнікаў. Былі распрацаваны праграмы дыстанцыйных навучальных курсаў для слухачоў АПА і метадычныя рэкамендацыі, зняты відэафрагменты ўрокаў для выкарыстання ў павышэнні кваліфікацыі педагогаў і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту.

У 2013 – 2014 гадах у рамках эксперыментальнай дзейнасці НІА на базе гімназіі апрабоўваліся даведачна-інфармацыйныя модулі сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, распрацаваныя паводле рэспубліканскай праграмы “Электронныя адукацыйныя рэсурсы”.

У 2014/2015 навучальным годзе ў гімназіі быў рэалізаваны праект “Укараненне мадэлі сістэмнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў для развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”. Мэта праекта – стварэнне сеткавага цэнтра прафесійнага росту педагога ў міжкурсавы перыяд, што дазваляла арганізаваць сеткавую мабільную метадычную службу.

Сёлета быў распрацаваны і накіраваны на экспертызу ў АПА інавацыйны праект “Укараненне мадэлі метадычнага сеткавага цэнтра прымянення інавацыйных практык як фактару павышэння якасці адукацыі”.

- Безумоўна, пастаянннае ўкараненне інавацый патрабуе якаснага кадравага патэнцыялу, - адзначае Т.І.Шэстак. – 86% настаўнікаў гімназіі маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі асвойваюць сучасныя метады павышэння кваліфікацыі шляхам дыстанцыйнага навучання, займаюцца самаадукацыяй, наведваюць мэтавыя курсы, тэматычныя семінары-практыкумы (у тым ліку платныя) і розныя канферэнцыі. Настаўнікі выдатна разумеюць, што толькі праз бесперапынную самаадукацыю можна ўсебакова развівацца і ўкараняць навейшыя тэхналогіі ў адукацыйны працэс. Сучасныя тэхналогіі, апрабаваныя ў гімназічным асяроддзі, прыводзяць да стварэння гатовых адукацыйных прадуктаў. Так, у 2015 годзе з мэтай развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў шляхам стварэння дзеючых робатаў ва ўстанове з’явіўся новы напрамак дзейнасці – адукацыйная робататэхніка. Гэта ўнікальнае асяроддзе для творчасці дзяцей, бо для стварэння робатаў яны павінны ўмець працаваць са схемамі, праграмаваць, праектаваць і г.д.

Т.І.Шэстак упэўнена, што сёння лепшымі з’яўляюцца педагогі, здольныя самастойна шукаць новыя метады работы і знаходзіць падыход да самых складаных асаблівасцей сучасных вучняў. Ініцыятыва кожнага – гэта верны шлях да інавацыйнага руху ўсёй установы адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.