Педагагічны марафон

13.06.2016
Праблема пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі надзвычай актуальная. Ва ўстановах адукацыі Століншчыны яна вырашаецца праз метадычную работу, работу з дзецьмі і іх бацькамі.

Метадычная работа ажыццяўляецца ў выглядзе круглых сталоў, семінараў-практыкумаў, гутарак і метадычных сустрэч настаўнікаў і выхавальнікаў, падчас якіх разглядаюцца пытанні псіхалагічнай гатоўнасці дзіцяці да школы, яго адаптацыі да навучання ў ёй, узаемадзеяння дзіцячага садка і сям’і.

Эфектыўнай формай работы з кадрамі з’яўляецца правядзенне педагагічнага марафону па праблемах пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі. Удзельнікамі марафону выступаюць настаўнікі пачатковых класаў, выхавальнікі груп прадоўжанага дня, выхавальнікі дашкольных устаноў, адміністрацыя, педагогі-псіхолагі і настаўнікі-дэфектолагі.

Мэта марафону – выяўленне творчых педагогаў, павышэнне ўзроўню адукацыйнай работы ў дашкольных установах і школах. Падчас марафону аказваюцца навукова-метадычная дапамога і тэхналагічнае суправаджэнне педагогаў па наладжванні пераемнасных сувязей у арганізацыі рознай дзейнасці дзяцей, выяўляюцца цікавыя педагагічныя ідэі і эфектыўныя практыкі навучання, абагульняецца і распаўсюджваецца вопыт лепшых настаўнікаў і выхавальнікаў, павышаецца іх прафесійнае майстэрства, ствараюцца ўмовы для самарэалізацыі. Такая форма метадычнай работы на раённым узроўні дазваляе адначасова ахапіць вялікую колькасць педагогаў. Марафон патрабуе ад удзельнікаў поўнага пагружэння ў пэўную праблему. Таму яго лепш праводзіць у канікулярны час. У залежнасці ад тэмы і задач мерапрыемства яно праходзіць на асенніх, зімніх і вясенніх канікулах.

Педагагічны марафон праводзіцца ў 3 этапы. Першы этап праходзіць ва ўстановах адукацыі. Падчас другога (завочнага) педагогі рыхтуюць матэрыялы з вопыту работы для раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Трэці этап уяўляе сабой выніковае маштабнае раённае мерапрыемства з удзелам зацікаўленых асоб.

На першым этапе ва ўстановах адукацыі ў розных формах работы (пасяджэнні школьных вучэбна-метадычных аб’яднанняў, семінары, творчыя прэзентацыі, майстар-класы, узаеманаведванні ўрокаў у 1 класах і адкрытых заняткаў у старшых групах, выставы творчых работ вучняў і дашкольнікаў) выяўляюцца і дэманструюцца эфектыўныя практыкі навучання і падрыхтоўкі да школы дзяцей, абагульняецца вопыт педагогаў, варты распаўсюджвання.

На наступным этапе ацэньваюцца прапанаваныя матэрыялы. Пры ацэньванні ўлічваюцца наяўнасць у іх умоў, якія садзейнічаюць эфектыўнай дзейнасці ўстаноў па ажыццяўленні пераемнасці, прыёмаў і метадаў матывацыі і ўключэння кожнага педагога ў актыўную творчую дзейнасць.

На заключным этапе з мэтай удасканалення форм і метадаў арганізацыі адукацыйнай дзейнасці і з улікам агульных узроставых асаблівасцей вучняў і дашкольнікаў ладзіцца раённае мерапрыемства (круглы стол, семінар-практыкум, адкрытыя майстар-класы), дзе выпрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі. Найбольш актыўныя ўдзельнікі, аўтары цікавых работ і кіраўнікі майстар-класаў узнагароджваюцца падзячнымі пісьмамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, а лепшыя распрацоўкі рэкамендуюцца да практычнага выкарыстання ва ўстановах адукацыі Століншчыны.

З мэтай вызначэння выніковасці педагагічнага марафону праводзіцца анкетаванне і рэфлексія. Вынікі анкетаванняў паказваюць, што найбольш эфектыўнай формай трансляцыі педагагічнага вопыту ўдзельнікі лічаць майстар-класы.

“Марафонская” работа пачалася ў 2011 годзе з вывучэння і супастаўлення патрабаванняў праграм, па якіх працуюць дашкольныя ўстановы і школы. Падчас сумеснага абмеркавання на раённым круглым стале былі выяўлены праблемы і вызначаны аспекты ажыццяўлення пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі. Так, адной з галоўных праблем падрыхтоўкі дзяцей да школы стала праблема недастатковага ўзроўню развіцця маўлення дзяцей, асабліва ў сельскіх беларускамоўных установах. У 2012 годзе педагагічны марафон прысвячаўся тэме развіцця маўлення дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.

Тэматыка марафону штогод мяняецца, зыходзячы з запытаў педагогаў і актуальных праблем падрыхтоўкі дзяцей да школы. Так, у 2013 годзе пры рэалізацыі задач Года беражлівасці вырашаліся праблемы пераемнасці па эканамічным выхаванні дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, у 2014 годзе – пытанні экалагічнага выхавання. Сёлетні марафон быў накіраваны на павышэнне кампетэнтнасці педагогаў па фарміраванні даследчых уменняў дзяцей.

Штогадовае правядзенне марафону павышае педагагічнае і метадычнае майстэрства спецыялістаў сістэмы адукацыі, іх прафесійную кампетэнтнасць, стварае ўмовы для самарэалізацыі. Такая форма метадычнай работы дазваляе скарэкціраваць узаемадзеянне настаўнікаў і выхавальнікаў па пытаннях пераемнасці з улікам выяўленых праблем, распрацаваць алгарытмы адзіных патрабаванняў да навучання дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, удасканальваць планы работы па ажыццяўленні пераемнасці на кожны навучальны год з улікам набытага вопыту і пажаданняў педагогаў.

Супрацоўніцтва дзіцячага садка і школы ў забеспячэнні эфектыўнай пераемнасці будзе паспяховым, калі ўлічваць запыты бацькоў, узаемадзейнічаць з сем’ямі і каардынаваць сумесную дзейнасць выхавальнікаў і настаўнікаў пачатковых класаў.

Наталія КАВАЛЬСКАЯ,

метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі,

спорту і турызму Столінскага райвыканкама.