Педагагічны фэст

23.05.2016
Работа з маладымі педагогамі – адзін з прыярытэтных напрамкаў работы Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На рахунку арганізацыі шмат цікавых мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне моладзі ў сістэме адукацыі, дапамогу ў прафесійным станаўленні, развіццё творчых здольнасцей.

Нядаўна пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама прайшоў І Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. Больш за 70 маладых педагогаў, чый працоўны стаж не перавышае 5 гадоў, сабраліся ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Колас” Кобрынскага раёна, каб у нефармальнай абстаноўцы наладзіць сяброўскія і прафесійныя зносіны. Да ўдзельнікаў форуму ахвотна далучыліся маладыя калегі з устаноў адукацыі Партызанскага раёна Мінска.

- Асноўная ідэя форуму заключаецца ў стварэнні максімальна спрыяльных умоў для прафесійнага станаўлення маладых настаўнікаў, - адзначыў на адкрыцці мерапрыемства начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў. – Не сакрэт, што сёння ў сістэме адукацыі адчуваецца праблема з замацаваннем маладых кадраў. Але застацца ў прафесіі мала, неабходна стаць яшчэ кампетэнтным спецыялістам. Дапамагчы ў гэтым моладзі – галоўная задача вопытных педагогаў, органаў кіравання адукацыяй і прафсаюзнай арганізацыі.

На пленарным пасяджэнні быў заслуханы шэраг дакладаў. Так, загадчыца кафедры педагогікі БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук Т.А.Кавальчук засяродзіла ўвагу на развіцці прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у кантэксце карпаратыўнай адукацыі. Таццяна Аляксандраўна ўпэўнена, што каштоўнасць любой установы адукацыі – гэта высокакваліфікаваныя кадры, здольныя не толькі даваць дзецям якасныя веды, але і рыхтаваць выпускнікоў да жыцця. Гэта накладвае на настаўнікаў пэўныя абавязацельствы, найперш у пастаянным развіцці ўласнай прафесійнай кампетэнтнасці.

Дэкан факультэта замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук С.М.Севярын гаварыў пра трэнды постнекласічнай адукацыі, сярод якіх вылучыў няспыннае самаразвіццё і індывідуалізацыю, творчасць, інавацыі, разнастайнасць методык, тэхналогій і форм адукацыі, глабалізацыю, інтэрнацыяналізацыю і мульцікультурнасць, кіраванне развіццём адукацыі і яе прагназаванне. Сяргей Мікалаевіч лічыць, што бесперапынная адукацыя з’яўляецца важным фактарам устойлівага развіцця грамадства.

Цікавым і эфектыўным вопытам работы па павышэнні кампетэнтнасці маладых настаўнікаў праз узаемасупрацоўніцтва падзялілася дырэктар брэсцкай сярэдняй школы №20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава І.Ф.Нікіфаравец. У гэтай установе ўдзяляюць шмат увагі пераемнасці педагагічных пакаленняў. Так, у школе ладзяцца педагагічныя дэбаты вучняў, маладых і вопытных настаўнікаў, конкурс “Малады настаўнік года”, дзейнічае “Школа маладога настаўніка”, наладжана цеснае супрацоўніцтва з замежнымі ўстановамі адукацыі. І.Ф.Нікіфаравец практыкуе адкрытыя ўрокі для моладзі, бо лічыць, што дырэктар павінен з’яўляецца для яе прыкладам не толькі ў кіраўніцкай дзейнасці, але і ў педагагічнай. Вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню карпаратыўнай культуры педкалектыву. У школе працуе шмат яе выпускнікоў.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ясляў-сада – пачатковай школы № 8 Брэста С.А.Шмакава расказала пра інавацыйныя формы арганізацыі дзейнасці дашкольнай установы.

У рамках форуму працавалі 3 секцыі: “Псіхалагічная кампетэнтнасць педагога як складнік яго прафесійна-педагагічнай культуры”, “Настаўніцтва як інстытут прафесійнага станаўлення маладых педагогаў” і “Сучасныя падыходы і тэндэнцыі ў фарміраванні прафесійна-педагагічнай культуры маладога педагога”. На іх прагучала 30 дакладаў, якія тычыліся розных аспектаў прафесійнай дзейнасці маладых настаўнікаў. Па выніках работы секцый дыпломы І ступені атрымалі настаўніца матэматыкі В.У.Пашковіч з сярэдняй школы № 22, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Н.У.Ярмолік з гімназіі № 5 і настаўніца англійскай мовы Н.М.Рамановіч з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста.

Вялікую цікавасць выклікалі трэнінгі “Развіццё камунікацыйных навыкаў педагогаў” і “Развіццё педагагічнай усвядомленасці”, праведзеныя педагогамі-псіхолагамі І.С.Балцянковай і Н.І.Лысовай з сярэдняй школы № 23 Брэста і І.Г.Кароза з сярэдняй школы № 18 Брэста.

Шмат карыснага маладыя педагогі даведаліся на майстар-класах настаўніцы рускай мовы і літаратуры Л.А.Таркінай з сярэдняй школы № 31 Брэста (“Ад творчасці настаўніка – да творчасці вучня”) і настаўніцы біялогіі В.Я.Сітдзікавай з гімназіі № 1 Брэста (“Цуд жыцця”).

Удзельнікі форуму прызналіся, што ехалі на яго, каб даведацца штосьці новае, пазнаёміцца з калегамі, падзяліцца вопытам работы, поспехамі і цяжкасцямі ў працоўнай дзейнасці і прафесійным станаўленні. Надзеі педагогаў цалкам апраўдаліся. Мерапрыемства атрымалася пазнавальным і насычаным. А значыць, у форуму абавязкова будзе працяг.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.