Без фармалізму ў прафілактычнай рабоце

19.05.2016
На чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама разглядалася работа ўстаноў адукацыі па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.

Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк расказаў, што ва ўстановах адукацыі Брэстчыны рэалізоўваюцца рэгіянальныя комплексныя праграмы і планы па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, вядзецца значная работа па ўзмацненні выхаваўча-прафілактычнага ўздзеяння на школьнікаў праз вучэбную і працоўную дзейнасць, аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі і мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця. У вырашэнні выхаваўчых задач органы кіравання адукацыяй узаемадзейнічаюць з праваахоўнымі органамі, ІСН, КСН, аддзеламі па справах моладзі, установамі аховы здароўя, грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі.

Па выніках мінулага года колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, павялічылася на Брэстчыне больш за 20% (з 424 да 511). Павялічылася і колькасць асоб, якія іх учынілі, на 15% (з 384 да 442). Найбольшы рост зафіксаваны ў Ленінскім раёне Брэста, Драгічынскім, Камянецкім і Столінскім раёнах. Сярод злачынстваў пераважаюць крадзяжы, незаконны абарот наркотыкаў і хуліганствы. Больш за 45% злачынстваў прыходзіцца на навучэнцаў ПТНУ. Колькасць правапарушэнняў сярод навучэнцаў ССНУ і студэнтаў УВА таксама не радуе.

Амаль на 7% павялічылася колькасць падлеткаў, якія здзейснілі адміністрыцыйныя правапарушэнні. Амаль 85% з іх звязаны з распіццём спіртных напіткаў, знаходжаннем у грамадскіх месцах у нецвярозым стане, парушэннем правіл бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту.

Маніторынг прычын росту злачыннасці ў мінулым годзе выявіў недастаткова эфектыўнае ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, адсутнасць каардынацыі ў гэтым кірунку на абласным і рэгіянальным узроўні, малаэфектыўную прававую асвету сярод вучняў і іх бацькоў ва ўстановах адукацыі, праявы фармалізму ў прафілактычнай рабоце з боку педагогаў, недастатковыя навыкі спецыялістаў сацыяльна-псіхолага-педагагічных службаў, класных кіраўнікоў і куратараў вучэбных груп па вядзенні ўлікова-прафілактычнай дакументацыі.

Па словах М.К.Тарасюка, асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы з падлеткамі, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку, уліку ў ІСН і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. 95% падлеткаў, што стаяць на прафілактычным уліку, задзейнічаны ў аб’яднаннях па інтарэсах і спартыўных секцыях. Такія дзеці актыўна далучаюцца да правядзення мерапрыемстваў школьнай суботы.

Прыняты шэраг арганізацыйна-кіраўніцкіх рашэнняў па прадухіленні распаўсюджвання алкаголю, наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод вучняў, распрацаваны алгарытм дзеянняў педагогаў па выяўленні асоб, якія ўжываюць наркатычныя сродкі. На бацькоўскіх сходах і метадычных аб’яднаннях класных кіраўнікоў праводзяцца спецыяльныя навучальныя семінары і трэнінгі. Ажыццяўляецца псіхасацыяльнае анкетаванне і медыцынскі агляд вучняў і студэнтаў з мэтай выяўлення тых, хто ўжывае алкаголь, наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.

Ва ўстановах адукацыі арганізаваны тэматычныя прагляды фільмаў на прававую тэматыку з іх далейшым абмеркаваннем. Заслугоўвае ўвагі вопыт Баранавіч, дзе ў школах дэманструюцца відэаматэрыялы сацыяльнай рэкламы па праблемах ужывання наркатычных і таксічных рэчываў.

З мэтай актыўнага далучэння бацькоў да прафілактычнай работы па прадухіленні злачынстваў і правапарушэнняў, процідзеянні шкодным звычкам сярод моладзі, павышэнні адказнасці за жыццё і здароўе сваіх дзяцей, іх выхаванне і развіццё ва ўсіх школах вобласці штоквартал праходзяць адзіныя бацькоўскія дні, у рамках якіх ладзяцца бацькоўскія сходы. На працягу мінулага года на іх было арганізавана больш за 1,6 тысячы выступленняў спецыялістаў аховы здароўя, органаў унутраных спраў, ІСН, МНС, пракуратуры, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і органаў улады.

Шмат увагі ўдзяляецца фарміраванню ў падлеткаў здаровага ладу жыцця. З гэтай мэтай арганізоўваюцца сустрэчы школьнікаў і навучэнцаў ПТНУ з прадстаўнікамі ДАІ, МНС, ІСН, ваенкаматаў, вайсковых часцей, устаноў аховы здароўя, грамадскіх арганізацый і Беларускай праваслаўнай царквы.

З мэтай забеспячэння грамадскага парадку на тэрыторыі ПТНУ дзейнічаюць 18 маладзёжных атрадаў аховы парадку. Летам у рэгіёнах вобласці працуюць перасоўныя мабільныя брыгады ў складзе медыцынскіх работнікаў, псіхолагаў, прадстаўнікоў праваахоўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў, якія праводзяць прафілактычную работу ў аздараўленчых лагерах.

М.К.Тарасюк адзначыў, што надзвычай актуальным пытаннем з’яўляецца арганізацыя працоўнага выхавання і далучэнне да працоўнай дзейнасці цяжкіх падлеткаў, найперш у рамках мерапрыемстваў школьнай суботы. На Брэстчыне рэалізоўваюцца абласныя акцыі працоўнага кірунку па зборы другаснай сыравіны, добраўпарадкаванні і азеляненні прышкольных тэрыторый. Так, у школах і ва ўстановах дадатковай адукацыі Ганцавіччыны па суботах праходзяць акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі і рамонце школьнай мэблі, праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне паважлівых адносін да працы.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыі і занятасці падлеткаў на канікулах. Да гэтай работы прыцягваюцца ПТНУ, УВА і вайсковыя часці. Шмат робіцца па прафілактыцы сямейнага насілля і сямейнай нядобранадзейнасці. Вядзецца пошук новых форм арганізацыі прафілактычнай работы. Так, абласное ўпраўленне адукацыі і абласны ІРА рэалізавалі міжнародны праект “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін”, укараняюць прынцып роўнага навучання ў ажыццяўленні праграм прафілактычнага кірунку. Сёння на Брэстчыне паспяхова працуюць 27 апорных пляцовак роўнага навучання ў сферы здаровага ладу жыцця. На іх базе падрыхтавана больш за 400 валанцёраў, якія праводзяць інтэрактыўныя заняткі з равеснікамі па 49 тэмах.

Прафілактычная работа прыносіць эфект. Так, па выніках першага квартала гэтага года на 35% зменшылася колькасць падлеткавых злачынстваў (у Брэсцкім, Бярозаўскім і Ганцавіцкім раёнах яна адсутнічала ўвогуле). Праўда, засмучае, што каля 29% з іх былі здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення.

Абласная пракуратура рэгулярна фіксуе шматлікія парушэнні заканадаўства ў галіне прафілактыкі правапарушэнняў. Адзначаюцца аслаблены кантроль органаў кіравання адукацыяй за своечасовым і належным выкананнем рашэнняў калегій і саветаў аддзелаў, фармалізм у арганізацыі вольнага часу вучняў (у тым ліку ў суботу), ненаведвальнасць аб’яднанняў па інтарэсах і недахопы ў рабоце па раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці.

М.К.Тарасюк лічыць неабходным прыняць дадатковыя меры прафілактыкі правапарушэнняў, звязаных з эксплуатацыяй транспарту і бяспекай руху, забяспечыць максімальны ахоп арганізаванымі формамі працы і адпачынку цяжкіх падлеткаў у летні перыяд. Адным з галоўных кірункаў прафілактычнай работы павінна стаць прававая асвета вучняў і іх бацькоў, актыўны ўдзел мам і татаў у выхаваўчых мерапрыемствах. Патрабуе ўзмацнення работа па пытаннях гендарнага выхавання, прафілактыкі сямейнага насілля і бяспекі жыццядзейнасці непаўналетніх.

- Вырашыць праблему правапарушэнняў і злачынстваў сярод моладзі можна толькі пры якасным комплексным узаемадзеянні зацікаўленых ведамстваў, - упэўнены начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Пакуль цеснае ўзаемадзеянне не наладжана, асабліва ў атрыманні неабходнай інфармацыі, на аснове якой распрацоўваюцца меры і прымаюцца кіраўніцкія рашэнні па выпраўленні сітуацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.