Ад дапрофільнай падрыхтоўкі да профільнага навучання

06.05.2016
На Івацэвіччыне прайшоў абласны семінар загадчыкаў раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, прысвечаны арганізацыйна-метадычнаму суправаджэнню рэалізацыі рэгіянальнай мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Удзельнікі мерапрыемства, арганізаванага Брэсцкім абласным ІРА, азнаёміліся з работай сярэдніх школ №№ 1 і 4 Івацэвіч, Косаўскай сярэдняй школы і Цэнтра дзіцячай творчасці Івацэвіч.

- Даступнасць і якасць адукацыйных паслуг – стратэгічная мэта работы рэгіянальнай сістэмы адукацыі, - адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама А.І.Данілюк. – Адным з механізмаў дасягнення гэтай мэты з’яўляецца арганізацыя профільнага навучання ў 10 – 11 класах, якое дазваляе не толькі ўлічваць інтарэсы і здольнасці школьнікаў, але і патрэбы грамадства ў фарміраванні сацыяльна актыўнай і творчай асобы.

Увядзенне профільнага навучання абапіраецца на ранейшы вопыт. Так, з 2013 года ў ліцэі Івацэвіцкага раёна і 4 сярэдніх школах асобныя прадметы вывучаліся на павышаным узроўні па 4 напрамках. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання за апошнія 3 гады паказалі, што сярэдні бал у выпускнікоў ліцэя больш высокі, чым у выпускнікоў сярэдніх школ, дзе ўсе прадметы вывучаліся на базавым узроўні. Улічваючы гэта, было прынята рашэнне аб стварэнні раённай мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання.

Профільнае навучанне ўводзілася ў тых установах адукацыі, дзе выконваліся неабходныя ўмовы для яго арганізацыі: зацікаўленасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, наяўнасць кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і вучэбна-метадычных рэсурсаў, эфектыўная сістэма сеткавага ўзаемадзеяння з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, УВА і інш.

Пасля комплекснага вывучэння прапаноў устаноў адукацыі было вырашана адкрыць 10 профільныя класы (групы) у 8 школах. Пры фарміраванні такіх класаў выкарыстоўваліся розныя мадэлі. Так, у адным класе аб’ядноўваліся дзеці, якія вывучалі на павышаным узроўні аднолькавыя ці розныя прадметы і інш.

Выбар прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні вызначаўся цэнтралізаваным тэсціраваннем. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца замежная і руская мова, матэматыка (у розным спалучэнні).

Профільнае навучанне мае прафесійна арыентаваную накіраванасць. У рамках гэтага навучання ў школах дзейнічаюць адпаведныя класы (групы): педагагічныя, прававыя, мастацкія і інш. Неад’емнай часткай сістэмы профільнага навучання з’яўляецца дапрофільная падрыхтоўка на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, якая ўлічвае рэсурсы ўстаноў дадатковай адукацыі, вучэбна-спартыўных устаноў і ўстаноў культуры раёна.

- Педагогі ўпэўнены, што профільнае навучанне задаволіць сацыяльны заказ, павысіць якасць адукацыі, гатоўнасць выпускнікоў да працягу навучання па выбраным профілі і метадычны патэнцыял настаўнікаў, а таксама палепшыць вучэбна-матэрыяльную базу школ, - падагуліла А.І.Данілюк.

Метадысты раённага вучэбна-метадычнага кабінета падрабязна расказалі пра работу па рэалізацыі рэгіянальнай мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, засяродзіўшы ўвагу на арганізацыйна-метадычнай дзейнасці, павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і іх метадычнай падтрымцы.

- Для работы ў профільных класах неабходны настаўнікі з вялікім педагагічным вопытам, інтэлектуальным патэнцыялам і добрай метадычнай падрыхтоўкай, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі, умеюць арганізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, карыстаюцца аўтарытэтам у дзяцей, бацькоў і калег, - адзначыла загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Н.Я.Дзяркач. – У профільных класах (групах) працуюць 42 педагогі, амаль палова з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю (астатнія – першую). Задача раённага ВМК – метадычнае суправаджэнне кадраў, здольных да пастаяннага прафесійнага ўдасканалення.

У раёне створана аптымальная метадычная сетка. Працуюць раённыя і міжшкольныя метадычныя аб’яднанні, пастаянна дзеючыя семінары, школы маладых спецыялістаў, творчыя і праблемныя групы, майстар-класы, метадычныя клубы, кансультацыйныя пункты і школа эфектыўнай педагагічнай практыкі. Усе педагогі павышаюць кваліфікацыю ў Брэсцкім абласным ІРА.

Н.Я.Дзяркач упэўнена, што эфектыўнасць работы метадыстаў і педагогаў залежыць ад навукова-метадычнага забеспячэння і матэрыяльнага аснашчэння адукацыйнага працэсу. Для аказання практычнай адраснай дапамогі педкалектывам школ раённы ВМК ажыццяўляе метадычныя выезды, падчас якіх метадысты наведваюць і аналізуюць вучэбныя заняткі, вывучаюць вядзенне дакументацыі па прадметах, праводзяць субяседаванні з педагогамі, кансультуюць па праблемных пытаннях. Работа па вывучэнні стану выкладання прадметаў дазваляе не толькі выявіць пралікі ў дзейнасці настаўнікаў, але і вывучыць і ўкараніць у практыку эфектыўны вопыт творчых педагогаў.

Для педагогаў арганізоўваюцца навучальныя семінары, семінары-практыкумы і майстар-класы школьнага і раённага ўзроўню. У метадычнай вучобе вялікая ўвага ўдзяляецца ўкараненню элементаў інавацыйных тэхналогій, выкарыстанню ІКТ і ЭСН пры планаванні і правядзенні вучэбных заняткаў.

У раённым ВМК створана вялікая медыятэка адукацыйных рэсурсаў. Педагогі ствараюць іх самі з дапамогай мультымедыйных прэзентацый. Так, настаўнік-метадыст А.Ф.Ляховіч з Косаўскай сярэдняй школы стварыла “Трэнажор па чытанні: вучымся чытаць правільна, бегла, усвядомлена”, які быў адзначаны на рэспубліканскім і міжнародным конкурсах. Ала Фёдараўна актыўна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі падчас раённых семінараў і майстар-класаў, у Брэсцкім абласным ІРА, на старонках педагагічных выданняў. Акрамя таго, настаўніца ахвотна ўдзельнічае ў розных інтэрнэт-праектах і галіновых конкурсах.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.В.Валінская з сярэдняй школы № 1 Івацэвіч праводзіць майстар-класы з выкарыстаннем элементаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках рускай мовы і літаратуры ў 5 – 6 класах.

Метадысты як каардынатары работы з высокаматываванымі дзецьмі арганізоўваюць мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў: раённыя прадметныя і вочна-завочныя алімпіяды, канферэнцыі даследчых работ, інтэлектуальныя марафоны, гульні і конкурсы, профільныя аздараўленчыя летнікі і інш. Акрамя таго, метадысты ажыццяўляюць маніторынг паспяховасці вучняў профільных класаў.

Метадыст раённага ВМК Г.М.Балточка расказала, што ва ўстановах адукацыі дзейнічае праграма па псіхолага-педагагічным суправаджэнні, мэта якой заключаецца ў стварэнні ўмоў для праектавання індывідуальнай траекторыі прафесіяналізацыі вучняў профільных класаў. Якаснае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянняе педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў-прадметнікаў і бацькоў.

- Мэта дапрофільнай падрыхтоўкі – выяўленне інтарэсаў і схільнасцей дзяцей, фарміраванне ўяўленняў пра характар працы, свет прафесій і магчымасць выбару адной з іх, - адзначыла Г.М.Балточка. – У пяцікласнікаў, якія знаёмяцца са светам прафесій, дыягнастуюцца ўзровень інтэлектуальнага развіцця і асобаснага інтарэсу да прафесійнай дзейнасці. З вучнямі 7 – 9 класаў праводзіцца групавое і індывідуальнае кансультаванне для дапамогі ў выбары профілю навучання. Акрамя таго, пашыраюцца ўяўленні дзяцей пра патрэбы рынку працы. Па выніках дыягнастычных мерапрыемстваў складаюцца індывідуальныя партфоліа вучняў. У рамках асветніцка-інфармацыйнай работы школьнікі наведваюць Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, сустракаюцца з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі, глядзяць тэматычныя кіналекторыі. Сярод вучняў 10 – 11 класаў ладзяцца маніторынгі, якія тычацца задаволенасці профільным навучаннем, парушэнняў псіхолага-фізічнага характару і вывучэння эмацыянальна-валявой сферы. Арганізоўваюцца трэнінгавыя заняткі па мэтаўтварэнні і актывізацыі намераў па выбары прафесіі, прафарыентацыйныя гульні і практычныя заняткі, кансультацыі па пытаннях прафесійнага самавызначэння.

Вопытам арганізацыі профільнага навучання і работы па забеспячэнні прафесійнага росту педагогаў, развіцця іх творчага патэнцыялу падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Л.Р.Іванец з сярэдняй школы № 1 Івацэвіч. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Т.Т.Лінцэвіч з сярэдняй школы № 4 Івацэвіч засяродзіла ўвагу на інфармацыйна-метадычных рэсурсах, якія забяспечваюць якасць профільнага навучання. Дырэктар Косаўскай сярэдняй школы В.У.Каліноўская вяла гаворку пра стварэнне ўмоў для самавызначэння вучняў праз адаптыўную сістэму дапрофільнай падрыхтоўкі, а намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Л.У.Бялевіч з гэтай жа школы расказала пра сістэму дадатковай адукацыі ўстановы, якая адыгрывае важную ролю ў прафесійным самавызначэнні старшакласнікаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.