Прыйсці і застацца

05.05.2016
Іх аб’ядноўвае ўзрост і настаўніцкая прафесія. У статусе маладых спецыялістаў яны працуюць другі год. Ці застануцца ў школе пасля адпрацоўкі тэрміну абавязковага размеркавання? Гэта паспрабавалі высветліць падчас педагагічнай гасцёўні “Працяг будзе?”, арганізаванай аддзелам адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама, Брэсцкім гаркамам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Саветам маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста.

- Фармат сустрэчы ў выглядзе педагагічнай гасцёўні выбраны невыпадкова, - расказала старшыня Брэсцкага гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак. - Ён дазваляе пашырыць кола зносін, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, вучыць падыходзіць да кожнага з пазіцыі суразмоўцы. Першая сустрэча адбылася напрыканцы мінулага года ў фармаце адкрытага мікрафону. Тады ў ёй удзельнічалі маладыя спецыялісты першага года работы, якія дзяліліся планамі і праблемамі прафесійнага станаўлення. Тэма другой сустрэчы не менш важная: “Пайсці ці застацца?” Тэрмін абавязковага размеркавання падыходзіць да заканчэння. Многія апынаюцца перад важным жыццёвым выбарам. Адны застаюцца ў школе, пераканаўшыся ў правільнасці абранага настаўніцкага шляху, другія – пакідаюць яе, зразумеўшы, што гэта не для іх. Як правіла, застаюцца тыя, хто з самага пачатку добра разумеў, куды і навошта ішоў. Для такіх педагогаў грашовае пытанне другаснае. Галоўнае – работа з дзецьмі і самарэалізацыя.

Прафсаюз падрыхтаваў для маладых спецыялістаў цікавую праграму. Спачатку кожны з 30 педагогаў, сярод якіх быў толькі адзін мужчына, прадставіўся, зрыфмаваўшы сваё імя з пэўнай рысай асобы, уласцівай ім. Затым удзельнікам, абапіраючыся на ўласны невялікі педагагічны вопыт, неабходна было знайсці выйсце з 5 прапанаваных сітуацый. Напрыклад: “Старшакласнікі, незадаволеныя якасцю выкладання хіміі, шчыра гавораць пра гэта на ўроках. Змучаная прэтэнзіямі маладая настаўніца прапаноўвае: “Наступны ўрок праводзіце самі. Выбераце сабе “настаўніка” і паглядзім, што ў вас атрымаецца”. Ці ўдалы такі варыянт? Калі не, то што ў такой сітуацыі прапанаваць лепш?” Або: “Вяртаючыся вечарам дамоў, настаўніца бачыць аднаго са сваіх вучняў, які з дапамогай балончыка з фарбай піша на сцяне нецэнзурнае слова. Што рабіць?” Адказы прагучалі розныя, але з педагагічнага пункту погляду мэтазгодныя.

Вопытам выхаду з праблемных сітуацый ахвотна падзяліліся і госці. Начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў, за плячыма якога доўгія гады настаўніцтва і дырэктарства, расказаў пра выбар прафесіі і важнасць асабістага прыкладу ў станаўленні моладзі. “Калі праз 20 гадоў пасля заканчэння школы табе ў “Аднакласніках” пішуць былыя вучні і дзякуюць за атрыманыя веды і добрыя ўрокі жыцця, разумееш, што не памыліўся з работай і што выконваеш яе добрасумленна”, - адзначыў Анатоль Міхайлавіч.

Першыя гады настаўніцтва ўзгадалі старшыня Савета ветэранаў працы ўстаноў адукацыі Брэста Г.Т.Анішчук і старшыня гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак. У кожнай з іх свая гісторыя, якую аб’ядноўваюць шчырая любоў да дзяцей і прафесіі. Жанчыны ўсвядомлена выбралі настаўніцкую прафесію і не расчараваліся ў ёй.

Якімі якасцямі і здольнасцямі павінен валодаць творчы педагог? Адказ на гэтае пытанне маладыя спецыялісты шукалі падчас выканання задання “Герб прафесіі”, дзе адлюстроўвалі важныя асаблівасці настаўніцкай працы. Пасля гэтага ўдзельнікі складалі сінквейны пра ідэальных педагогаў.

Сюрпрызам стала відэаапытанне выхаванцаў маладых настаўнікаў. У вучняў цікавіліся, ці хочуць яны, каб іх педагогі засталіся працаваць у школе ў новым навучальным годзе. Усе аднадушна гаварылі “Так!”, пералічваючы безліч станоўчых рыс любімых настаўнікаў.

Ці прыслухаюцца маладыя педагогі да дзіцячых меркаванняў? Што падказвае ўласнае сэрца? З далейшым прафесійным лёсам маладым спецыялістам трэба вызначыцца ўжо сёння. Выбраць і не памыліцца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.