Павышаць якасць жыцця асаблівых дзяцей
13.04.2016Удзельнікі нарады, сярод якіх былі ўкраінскія і польскія партнёры, азнаёміліся з творчай дзейнасцю асаблівых дзяцей, абмеркавалі ролю грамадскіх арганізацый у павышэнні якасці жыцця дзяцей з АПФР і падвялі вынікі рэалізацыі плана міжведамаснага ўзаемадзеяння па пераходзе выпускнікоў цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011 – 2015 гады.
- Работа калектываў ЦКРНіР, якія займаюцца навучаннем і выхаваннем дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, заслугоўвае вялікай павагі і належнай увагі, - адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Галоўная задача сістэмы спецыяльнай адукацыі – павышэнне якасці жыцця асаблівых дзяцей і іх паўнацэнны ўдзел у жыцці грамадства. Для гэтага неабходны намаганні адукацыйнай, медыцынскай і сацыяльнай галіны, а таксама зацікаўленая падтрымка грамадскіх арганізацый – Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага саюза жанчын і Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.
Дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук расказала, што сучасныя сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя ўмовы жыцця прыводзяць да павелічэння колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так, калі на Брэстчыне ў 2010 годзе іх было каля 15,2 тысячы, то летась – амаль 17 тысяч. Павялічваецца колькасць дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, якія навучаюцца ў ЦКРНіР. Раней лічылася, што такія дзеці не могуць вучыцца. Таму бацькам даволі часта прапаноўвалі змяшчаць іх у дамы-інтэрнаты для дзяцей з АПФР. Сёння канцэпцыя інклюзіўнай адукацыі дазваляе максімальна ўключыць асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак у жыццё грамадства.
Па словах Т.В.Жук, на Брэстчыне створана разгалінаваная сетка структур і ўстаноў спецыяльнай адукацыі, якая дазваляе ахапіць карэкцыйна-педагагічнай дапамогай і спецыяльнай адукацыяй амаль усіх дзяцей, што стаяць на ўліку ў абласным банку даных. У 21 ЦКРНіР атрымліваюць дапамогу і навучаюцца каля 1,6 тысячы дзяцей. Для аказання кваліфікаванай дапамогі дзецям з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, іх комплекснай рэабілітацыі, адаптацыі, паспяховай сацыялізацыі і інтэграцыі ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база цэнтраў. Ва ўсіх ЦКРНіР створана безбар’ернае асяроддзе, дзейнічаюць кабінеты сацыяльна-бытавой адаптацыі і сенсорнай стымуляцыі. Усе цэнтры забяспечаны неабходным транспартам для падвозу дзяцей.
У ЦКРНіР працуюць гурткі па інтарэсах. Дзякуючы ім дзеці могуць праявіць свае здольнасці ў розных відах дзейнасці. Навучанне дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця ажыццяўляецца ў індывідуальнай, групавой і падгрупавой форме на аснове нагляднасці і практычнай работы з апорай на захаваныя аналізатары.
Выхаванцы цэнтраў і іх бацькі актыўна ўдзельнічаюць у абласных выставах работ дзіцячай творчасці, інтэграваных фестывалях і конкурсах па развіцці рухальнай актыўнасці.
- Сістэма сацыяльна-псіхалагічнай работы ў цэнтрах пабудавана такім чынам, што ўсе мерапрыемствы рыхтуюцца сумеснымі намаганнямі педагогаў, бацькоў і дзяцей, - адзначыла Т.В.Жук. – З мэтай абмеркавання актуальных пытанняў і пошуку аптымальных шляхоў вырашэння праблем, звязаных з выхаваннем асаблівых дзяцей, у цэнтрах дзейнічаюць бацькоўскія клубы. Формы іх работы розныя: пашыраныя пасяджэнні, круглыя сталы, псіхакарэкцыйныя трэнінгі і заняткі. Для актывізацыі дзейнасці клубаў ладзяцца абласныя конкурсы з удзелам іх членаў.
Спецыялісты ЦКРНіР актыўна ўзаемадзейнічаюць з валанцёрамі УВА, ССНУ і ПТНУ, грамадскіх і рэлігійных арганізацый. Праблема пераемнасці ў пераходзе выпускнікоў ЦКРНіР у ТЦСАН вырашаецца падчас супрацоўніцтва спецыялістаў двух ведамстваў – сістэмы адукацыі і сацыяльнай абароны. Гэты пераход разглядаецца як этап у сістэме бесперапыннай сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў. Пераход на сацыяльнае абслугоўванне ў ТЦСАН азначае змену сацыяльнага статусу, роду заняткаў, акружэння і месца рэгулярнага знаходжання. Галоўная мэта пераходу – сацыяльная адаптацыя асоб з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця ў новых жыццёвых абставінах, павышэнне якасці жыцця. У рамках плана міжведамаснага ўзаемадзеяння штогод праводзяцца сумесныя мерапрыемствы і міжведамасныя семінары, ажыццяўляецца міжнароднае супрацоўніцтва. Так, за 5 гадоў педагогі ЦКРНіР і спецыялісты ТЦСАН пры актыўным узаемадзеянні з бацькамі правялі больш за 350 сумесных мерапрыемстваў.
- Алгарытм пераходу з ЦКРНіР у ТЦСАН можа вар’іравацца і дапаўняцца з улікам спецыфікі рэгіянальных умоў, наяўнасці рэсурсаў, вялікай неаднароднасці асоб з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця і г.д., - заўважыла Т.В.Жук. – У сваёй дзейнасці спецыялісты кіруюцца прынцыпамі пераемнасці, бесперапыннасці, педагагічнага аптымізму, комплекснасці і супрацоўніцтва з сям’ёй, улічваюць індывідуальныя і спецыфічныя асаблівасці выпускнікоў.
Пераход складаецца з 4 этапаў – падрыхтоўчага, адаптацыйнага, асноўнага і кантрольна-ацэначнага. Падрыхтоўчы этап уключае абмеркаванне спецыялістамі ЦКРНіР і ТЦСАН зместу і метадаў работы з асобамі з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, вызначэнне іх перспектыў. Падчас адаптацыйнага этапу распрацоўваюцца індывідуальныя планы рэабілітацыі, ствараюцца неабходныя ўмовы з улікам патрэб асоб з ЦМПР (безбар’ернае, адаптыўнае і прасторава-прадметнае асяроддзе). На асноўным этапе ажыццяўляецца работа па сацыяльнай рэабілітацыі, праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўдзел асоб з ЦМПР у розных формах грамадскага жыцця і далучэнне іх да актыўнага сацыяльнага ўзаемадзеяння. Акрамя таго, ствараюцца ўмовы для навучання такіх асоб навыкам самастойнасці ў побыце, на вуліцы і г.д. Падчас кантрольна-ацэначнага этапу ацэньваецца эфектыўнасць міжведамаснага ўзаемадзеяння, аналізуюцца дасягненні і вызначаюцца шляхі ўдасканалення работы па сацыяльнай рэабілітацыі асоб з ЦМПР.
Спецыялісты ТЦСАН актыўна ўдзельнічаюць у працэсе пераходу выпускнікоў ЦКРНіР: наведваюць усе мерапрыемствы з мэтай знаёмства з будучымі выпускнікамі і ўмовамі работы з імі, рыхтуюць памяшканні з улікам асаблівасцей маладых інвалідаў, прадумваюць віды працоўнай дзейнасці з улікам іх магчымасцей. У ТЦСАН пануе надзвычай камфортная псіхалагічная атмасфера.
Т.В.Жук звярнула ўвагу і на праблемы: адчуваецца недахоп дапамогі маладым інвалідам з боку ТЦСАН пры суправаджэнні ва ўмовах сям’і, у ТЦСАН адсутнічае падвоз на бюджэтнай аснове, не арганізаваны харчаванне і працоўная занятасць выпускнікоў (толькі гуртковая дзейнасць і вольны час).
За апошнія 5 гадоў ЦКРНіР выпусцілі 113 дзяцей з ЦМПР. У ТЦСАН перайшлі толькі 82 з іх. Астатнія не змаглі з-за цяжкасці захворвання, адмовы бацькоў ці немагчымай арганізацыі падвозу.
Удзельнікі нарады азнаёміліся з вопытам рэабілітацыі навучэнцаў ЦКРНіР Брэсцкага раёна шляхам творчай дзейнасці, рэгіянальнымі мадэлямі міжведамаснага ўзаемадзеяння ЦКРНіР і ТЦСАН Баранавіч, Пружанскага і Кобрынскага раёнаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.