Чаму рыбы не жывуць у лужы?

07.04.2016
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дашкольнікаў “Я – даследчык”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- На абласным узроўні конкурс праводзіўся ўпершыню і выклікаў вялікі інтарэс у педагогаў, дзяцей і іх бацькоў, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі Брэсцкага абласнога ІРА Г.Б.Лявіцкая. – Мэта спаборніцтва – выяўленне, падтрымка і развіццё інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дашкольнікаў.

У конкурсе, на які была прадстаўлена 81 работа, удзельнічалі дзеці з усіх раёнаў Брэстчыны. Дашкольнікі спаборнічалі ў 4 намінацыях: “Дзіця і прырода”, “Мая Радзіма – Беларусь”, “Незвычайнае ў звычайным” і “Бюро знаходак”.

Работы юных даследчыкаў ацэньвала журы з ліку супрацоўнікаў Брэсцкага абласнога ІРА. Вызначыць пераможцаў было вельмі цяжка. Тэматыка работ уражвала разнастайнасцю. Найбольш папулярныя тэмы дзіцячых даследаванняў – “Малако і малочныя прадукты” (спосабы іх атрымання ў дамашніх умовах), “Ці вартая папера жыцця дрэва?” (атрыманне паперы з макулатуры), “Чаму зніклі дыназаўры?” (пошук прычын іх знікнення), “Уласцівасці магніта” (пошук адказу на пытанне, чаму магніт называюць чароўным каменем) і інш.

Асабліва вылучаюцца работы Ганны Журко і Дар’і Церашчук з ясляў-сада № 9 Кобрына (“Дзед Мароз! Хто ты?”), Вольгі Гук з Купяціцкага ясляў-сада Пінскага раёна (“Сакрэты залатога клубочка”), Аляксандра Крываля і Сямёна Крывашчокава з Антопальскага дзіцячага ясляў-сада Драгічынскага раёна (“Чаму рыбы не жывуць у лужы?” і “Сакрэты бабра Зубіка”), Кіры Крывулец з ясляў-сада № 72 Брэста (“Сакрэты глінянага посуду”), Валерыі Бык з Церабяжоўскага ясляў-сада Столінскага раёна (“Снежнае пакрывала для раслін”) і выхаванцаў ясляў-сада № 1 Жабінкі (“Чаму людзі не п’юць дажджавую ваду?”).

- Падчас даследаванняў дзеці не толькі знаходзілі адказы на важныя для сябе пытанні, але і стваралі незвычайныя прадметы, - адзначыла Г.Б.Лявіцкая. – Так, пры вывучэнні залежнасці гуку ад колькасці налітай у ёмістасць вады Дзмітрый Скараход з ясляў-сада № 1 Століна прыдумаў музычны інструмент бутэлькафон, на якім іграў знаёмыя мелодыі. А выхаванцы Клейніцкага ясляў-сада Брэсцкага раёна, даследуючы тэхналогію стварэння мультфільмаў, стварылі мультфільм “Снегавік”.

Дыпломы І ступені атрымалі Вольга Гук з Купяціцкага ясляў-сада Пінскага раёна (выхавальніца Л.В.Лапушка), Кіра Крывулец з ясляў-сада № 72 Брэста (выхавальніца Н.Б.Казарэнка), Ганна Журко і Дар’я Церашчук з ясляў-сада № 9 Кобрына (выхавальніца А.А.Цымук) і Сямён Крывашчокаў з Антопальскага дзіцячага ясляў-сада Драгічынскага раёна (выхавальніца Н.А.Кудзіна).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.