Да поспеху праз стваральную дзейнасць

06.04.2016
На базе Брэсцкага політэхнічнага каледжа, які з’яўляецца філіялам БрДТУ, адбылася ІХ Адкрытая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў і выкладчыкаў ССНУ і УВА “Паспяховы той, хто стварае”. У мерапрыемствае ўдзельнічалі прадстаўнікі 32 устаноў адукацыі Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы.

- Канферэнцыя праводзіцца з мэтай развіцця даследчых уменняў, прафесійных навыкаў і творчых здольнасцей навучэнцаў і выкладчыкаў, паказу вынікаў актуальных даследаванняў і адметных канструктарска-тэхнічных распрацовак практыка-арыентаванага характару, абмену вопытам і супрацоўніцтва паміж ССНУ і УВА, - расказаў дырэктар Брэсцкага політэхнічнага каледжа В.С.Басаў.

Работа канферэнцыі праходзіла ў 9 секцыях, дзе былі агучаны 167 дакладаў. Так, удзельнікі секцыі “Радыётэхніка і электроніка” прэзентавалі розныя тэстары, вымяральнікі і лічбавыя тэрмометры, рабатызаваныя комплексы, мадэлі з дыстанцыйным кіраваннем, генератары сігналаў і альтэрнатыўнае праграмнае забеспячэнне, расказвалі пра асаблівасці арганізацыі бесправадной ячэйкавай сеткі ва ўстанове адукацыі і асвятлення вытворчых памяшканняў, уплыў электрамагнітнага выпраменьвання на здароўе чалавека, у тым ліку мікрахвалевай печкі, і інш.

Шмат цікавых распрацовак падрыхтавалі ўдзельнікі секцыі “Машынабудаванне”: “Тушэнне пажараў на чыгуначным транспарце”, “Халадзільныя машыны і інавацыйныя спосабы атрымання холаду”, “Энерга- і рэсурсазберажэнне пры выкананні дарожна-будаўнічых работ, энергетыка эфектыўнасці дарожна-будаўнічай тэхнікі” і інш. Машынабудаўнікі дэманстравалі мадэлі і макеты канструкцый і ўстройстваў рознага тэхнічнага прызначэння, расказвалі пра рознафункцыянальныя станкі і прэсы.

У секцыі “Будаўніцтва” можна было азнаёміцца з даследаваннямі, прысвечанымі павышэнню энергаэфектыўнасці цагляных сцен на прыкладзе жылых будынкаў, перавагам будаўніцтва дома з бруса ў параўнанні з домам з цэглы, параўнальнаму аналізу экаматэрыялаў для сцен дамоў, выкарыстанню 3D тэхналогій у мадэляванні і аддзелцы інтэр’ера, вопыту прымянення цяжкіх бетонаў для ўладкавання маналітнага дарожнага пакрыцця на айчынных дарогах, метадам абследавання дэфектаў з устараненнем іх у будынках і інш.

Шмат цікавага і карыснага пачулі ўдзельнікі секцыі “Правазнаўства і эканоміка”, дзе можна было даведацца пра псіхалагічныя асаблівасці асобы злачынцы, прававыя аспекты і праблемы множнага (двайнога) грамадзянства, гісторыка-прававыя аспекты развіцця рэпрадуктыўных правоў у Беларусі, прававое рэгуляванне рэкламнай дзейнасці і правоў спажыўцоў, метадалагічныя асновы ацэнкі канкурэнтаздольнасці на прыкладзе кефіра, асаблівасці дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, праблемы і перспектывы развіцця рэгіянальнага турызму, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у камерцыйнай дзейнасці і інш.

Увага ўдзельнікаў 2-х секцый “Сацыяльна-гуманітарныя навукі” была скіравана да духоўна-маральных аспектаў жыцця: “Кніжны маркетынг”, “Фарміраванне маральных каштоўнасцей моладзі (на прыкладзе дзейнасці нядзельных праваслаўных школ Баранавіч)”, “Каштоўнасць кахання ў творах літаратуры і штодзённым жыцці”, “Выяўленчае мастацтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Маладзёжныя субкультуры”, “Вобраз маці і жанчыны ў творах беларускіх пісьменнікаў”, “Фразеалогія ў ліках”, “Лунінецкі перыяд жыцця Якуба Коласа”, “Тэрарызм як глабальная праблема сучаснасці” і інш.

Найбольшая колькасць дакладаў была падрыхтавана ўдзельнікамі 2-х секцый “Прыродазнаўча-матэматычныя навукі”. Тэматыка работ уражвала шырынёй і разнастайнасцю: “Хімічныя таямніцы пахаў”, “Прымяненне матэматыкі на чыгунцы”, “Відэатэхніка ў нашым жыцці”, “Харчовыя дабаўкі і іх уплыў на здароўе чалавека”, “Гаджэты вакол нас”, “Электронныя цыгарэты: шкода ці карысць?”, “Распрацоўка рэцэптуры рубленых паўфабрыкатаў з выкарыстаннем ламінарыі”, “Вывучэнне псіхафізіялагічных праяў экзаменацыйнага стрэсу ў навучэнцаў медыцынскага каледжа”, “Гаючыя ўласцівасці чаю”, “Экалагічнае значэнне балот Жабінкі”, “Вырошчванне грыбоў шыітаке ва ўмовах калекцыйнага гадавальніка”, “Аптычныя ілюзіі”, “Мінеральная вада: карысць і шкода” і інш.

Даклады, якія прагучалі ў секцыі “Педагогіка і методыка”, былі накіраваны на тое, каб зрабіць адукацыйны працэс цікавым, зручным, педагагічна мэтазгодным і метадычна абгрунтаваным.

Пераможцы не вызначаліся. Усе ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі дыпломы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.