Абмеркавалі праблемы матэматычнага развіцця малодшых школьнікаў

05.04.2016
Забеспячэнне якаснай адукацыі – важная дзяржаўная задача. Яе выкананне залежыць ад прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў, якая ўплывае на развіццё інтарэсу вучняў да пэўных прадметаў.

Вынікі маніторынгавых даследаванняў Нацыянальнага інстытута адукацыі паказваюць, што цяжкасці пры вывучэнні прадметаў абумоўлены недастатковым развіццём здольнасцей да лагічных разважанняў і мысліцельных аперацый, інтэлектуальнай пасіўнасцю вучняў. Матэматыка добра развівае лагічнае мысленне, закладвае асновы для фарміравання пазнавальнай самастойнасці, паказвае магчымасці выкарыстання матэматычных ведаў у штодзённым жыцці.

Метадычная работа з настаўнікамі пачатковых класаў Жабінкаўшчыны вядзецца ў напрамку ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па тэорыі і методыцы выкладання матэматыкі для павышэння якасці матэматычнай адукацыі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Нядаўна на базе Ракітніцкай сярэдняй школы адбылося чарговае пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў школьных метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў, дзе абмяркоўваліся праблемы матэматычнага развіцця малодшых школьнікаў на вучэбных і факультатыўных занятках.

Адной з актуальных праблем сучаснай матэматычнай адукацыі вучняў пачатковых класаў з’яўляецца недастатковае разуменне падыходаў да фарміравання іх разумовых дзеянняў. Настаўнікі пачатковых класаў павінны мэтанакіравана фарміраваць агульналагічныя ўменні дзяцей. Якасць засваення ведаў залежыць ад узроўню развіцця мыслення вучняў: лагічна развітае мысленне дазваляе лягчэй засвоіць веды, прычым у вялікім аб’ёме. Валоданне прыёмамі арганізацыі разумовай працы дапамагае ўспрымаць тлумачэнні настаўніка, удзельнічаць у гутарцы, выконваць практыкаванні, практычныя работы, рашаць задачы, самастойна працаваць з кнігай на ўроку і пры выкананні дамашніх заданняў. Фарміраваць разумовыя дзеянні неабходна паэтапна, як вучыў вядомы псіхолаг Л.С.Выгоцкі.

Настаўнік-метадыст В.А.Папковіч з сярэдняй школы № 3 Жабінкі адзначыла важнасць пераходу ад знешніх дзеянняў з канкрэтнымі прадметамі да разумовых дзеянняў над уласцівасцямі гэтых прадметаў, якія фарміруюцца ў гульнявой дзейнасці. Цікавым вопытам па развіцці матэматычных здольнасцей вучняў падзялілася І.С.Віктарава з Ракітніцкай сярэдняй школы. А.Г.Лугоўская з Маціевіцкай базавай школы засяродзіла ўвагу на фарміраванні актыўнага пазнавальнага інтарэсу да вывучэння матэматыкі праз эфектыўныя прыёмы і метады. Л.Б.Александровіч з сярэдняй школы № 1 Жабінкі вяла гаворку пра развіццё ў малодшых школьнікаў уменняў рашаць тэкставыя і нестандартныя задачы. Г.А.Дэйнак з Якаўчыцкай сярэдняй школы расказала пра асаблівасці выкарыстання метаду мадэліравання і развіцця гібкасці і рацыянальнасці мыслення пры фарміраванні вылічальных навыкаў дзяцей.

Удзельнікі метадычнага аб’яднання наведалі ўрокі матэматыкі ў 2 і 4 класах, факультатыўныя заняткі ў 1 класе, праведзеныя настаўнікамі Ракітніцкай сярэдняй школы Л.М.Пабядзінскай, Н.М.Майчанка, С.М.Калюшык і В.А.Бычак. Кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнік-метадыст В.А.Папковіч правяла практыкум па рашэнні нестандартных задач. Па выніках пасяджэння былі выпрацаваны рэкамендацыі па развіцці матэматычных здольнасцей малодшых школьнікаў.

Кацярына СІДА,

метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі,

спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама,

кандыдат псіхалагічных навук.