Аб’яднаныя творчасцю

24.03.2016
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога этапу ХІ рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. На працягу трох месяцаў выхаванцы дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і ЦКРНіР дэманстравалі дасягненні ў галіне вакальнага, фальклорнага, інструментальнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога, тэатральнага і выяўленчага мастацтва.

Абласное журы ацэньвала таленты і майстэрства ўдзельнікаў фестывалю падчас занальных аглядаў, якія сабралі 530 дзяцей з 33 устаноў. Асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства стала тое, што сярод яго ўдзельнікаў стала больш выхаванцаў ЦКРНіР.

Журы адзначыла значны ўклад у развіццё дзіцячай творчасці педагогаў з 15 ЦКРНіР вобласці. Высокім узроўнем арганізацыі вылучалася правядзенне занальных аглядаў у Малоткавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце Пінскага раёна, Быценскім дзіцячым доме Баранавіцкага раёна і Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце.

Высокім выканальніцкім майстэрствам, сцэнічнай культурай, разнастайнымі жанрамі і арыгінальнымі касцюмамі парадавалі выхаванцы Кобрынскай і Жабінкаўскай спецыяльных агульнаадукацыйных школ-інтэрнатаў, а таксама Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната. Самабытнасцю, характарнай манерай выканання і арыгінальнай інтэрпрэтацыяй народных твораў вылучаліся выступленні фальклорных калектываў Дзівінскага дзіцячага дома Кобрынскага раёна і Малецкай санаторнай школы-інтэрната Бярозаўскага раёна. Дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва прэзентавалі юныя акцёры з дапаможнай школы Брэста, Пінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната і Столінскага ЦКРНіР. Добрыя вакальныя ўменні паказалі Вераніка Анташок і Софія Марцішка з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, Аляксандра Бакшэева з Целяханскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Івацэвіцкага раёна, Вера Ярошык з Дзівінскага дзіцячага дома Кобрынскага раёна, Настасся Медзвядзюк і Аляксандра Марцінкевіч з Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната і Караліна Зіновенка з Малецкай санаторнай школы-інтэрната Бярозаўскага раёна.

240 лепшых удзельнікаў фестывалю выступілі перад рэспубліканскім журы (старшыня – начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі А.М.Змушко) на абласным гала-канцэрце ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. У яго фае разгарнулася вялікая выстава выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе былі прадстаўлены розныя віды рамёстваў: салома-, лоза- і бісерапляценне, разьба па дрэве, вышыўка, выцінанка, ганчарства і інш. Усе работы ўражвалі майстэрскім выкананнем і кампазіцыйнай прадуманасцю.

- Фестываль “Вясёлкавы карагод” адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным і эстэтычным развіцці дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і дзяцей з АПФР, іх самарэалізацыі, сацыялізацыі і паўнацэннай інтэграцыі ў грамадства, папулярызацыі дасягненняў нацыянальнай культуры, адраджэнні лепшых традыцый народнай творчасці, далучэнні моладзі да мясцовых традыцый і абрадаў, сучаснага музычнага, песеннага і танцавальнага мастацтва, - адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Адным з прыярытэтных напрамкаў фестывалю з’яўляецца ўзмацненне інтэграцыйных працэсаў ва ўзаемадзеянні здаровых і асаблівых дзяцей, далучэнне дзяцей-інвалідаў да творчай дзейнасці. Сярод іх шмат здольных хлопчыкаў і дзяўчынак, якім неабходны любоў, увага, клопат і падтрымка дарослых.

На працягу некалькіх гадзін удзельнікі фестывалю дарылі гледачам радасць, усмешкі і добры настрой. Ніводны з паказаных нумароў (а іх было каля 50) не пакідаў абыякавым, у кожным адчуваліся старанная падрыхтоўка і душэўнасць. Дзеці спявалі, танцавалі, чыталі вершы, выконвалі тэатральныя і цыркавыя пастаноўкі. Творчасць аб’яднала і здаровых, і асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак. Сцэна зраўняла іх магчымасці. Але важна, каб дзеці адчувалі сябе роўнымі не толькі на сцэне, але і ў жыцці.

Сярод нумароў мастацкай самадзейнасці дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені атрымалі выхаванцы Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна і Быценскага дзіцячага дома Баранавіцкага раёна. У выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці лепшымі аказаліся прадстаўнікі Ганцавіцкай дапаможнай школы-інтэрната, Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната і Моўчадскай санаторнай школы-інтэрната Баранавіцкага раёна.

У намінацыі “Лепшы фальклорны калектыў” перамог Дзівінскі дзіцячы дом Кобрынскага раёна, у намінацыі “Лепшы танцавальны калектыў” – Быценскі дзіцячы дом Баранавіцкага раёна, у намінацыі “Лепшы музычны калектыў” не было роўных Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнату, у намінацыі “Лепшы тэатральны калектыў” – дапаможнай школе Брэста, у намінацыі “Лепшы эстрадна-цыркавы калектыў” – Моўчадскай санаторнай школе-інтэрнату

Лепшыя салісты-вакалісты – Вераніка Анташок з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, Вера Ярошык з Дзівінскага дзіцячага дома Кобрынскага раёна і Кацярына Рашэтка з ЦКРНіР Баранавіч. Лепшы чытальнік – Яўген Гараднічук з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Лепшы выканаўца на музычным інструменце – Ганна Кавальчук з Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната. Лепшы саліст-танцор – Валянціна Нічыпарук з Кобрынскай дзіцячай вёскі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.