Здароўезберагальны ўрок – патрабаванне сённяшняга дня

22.03.2016
Здароўе – самае дарагое і каштоўнае, што ёсць у чалавека. Вядома, што яно на 20 – 25% залежыць ад навакольнага асяроддзя, на 10 – 15% - ад медыцынскага абслугоўвання і на 50 – 55% - ад ладу жыцця. З гэтага вынікае, што захаванне здароўя ў значнай ступені залежыць ад самога чалавека.

З праблемай дзіцячага здароўя даводзіцца сутыкацца кожнаму педагогу. Зацікавілася ёй і настаўніца абслуговай працы Анжаліка Іванаўна Сацюк з Маларыцкай раённай гімназіі. Педагог назапасіла цікавы вопыт дзейнасці на тэму “Здароўезберагальнае асяроддзе на ўроках і пазакласных мерапрыемствах па абслуговай працы як сродак паляпшэння якасці ведаў па прадмеце”.

- Некалькі гадоў назад прааналізавала вынікі медыцынскага агляду вучняў 5 класа, класным кіраўніком якога з’яўлялася, - расказвае А.І.Сацюк. – З 22 вучняў толькі 7 былі здаровымі, астатнія мелі розныя фізічныя адхіленні. Сярод паталогій значнае месца займалі хваробы вачэй, апорна-рухальнага апарату, зубоў і дзёснаў. 6 дзяцей былі з залішняй вагой цела, адно – з дэфіцытам масы цела. А гэта звязана з няведаннем і невыкананнем правіл рацыянальнага харчавання.

Выяўленыя адхіленні ў здароўі дзяцей прымусілі задумацца. А.І.Сацюк неаднаразова спрабавала знайсці адказ на пытанні: “Як эфектыўна выкарыстаць патэнцыял урокаў абслуговай працы, каб вучні авалодалі неабходнымі ведамі па пытаннях здаровага ладу жыцця?”, “Як навучыць дзяцей практычным уменням і навыкам, якія дапамогуць ім захаваць і ўмацаваць здароўе?” Вынікам доўгіх роздумаў і шматгадовай працы стаў педагагічны вопыт, абагульнены настаўніцай

Урокі працоўнага навучання, на думку А.І.Сацюк, унікальныя па сваіх магчымасцях, бо акумулююць веды з іншых прадметаў. Так, на ўроках кулінарыі можна навучыць дзяцей рацыянальна харчавацца, складаць збалансаванае меню на дзень з улікам каларыйнасці і сутачнай патрэбнасці арганізма ў пажыўных рэчывах. А самае галоўнае – навучыць рыхтаваць стравы, выбіраючы пры гэтым “правільныя” і карысныя прадукты.

- Задумалася аб прычынах пагаршэння здароўя вучняў і правяла невялікае апытанне сярод педагогаў гімназіі, - працягвае А.І.Сацюк. – На пытанне “Што перашкаджае фарміраванню адказных адносін чалавека да свайго здароўя?” амаль 34% рэспандэнтаў адказалі, што якасці асобы (адсутнасць волі, лянота, безадказнасць), каля 29% педагогаў спаслаліся на недахоп матэрыяльных сродкаў, а каля 30% настаўнікаў назвалі адсутнасць станоўчага прыкладу ў сям’і. У амаль 7% рэспандэнтаў былі іншыя меркаванні: шкодныя звычкі, перайманне “няправільных” паводзін аднагодкаў і куміраў.

А.І.Сацюк лічыць, што для таго, каб ўрок атрымаўся здароўезберагальным, трэба ўлічваць 3 складнікі: фізічны, інтэлектуальны і адносіны на занятках. Фізічны складнік прадугледжвае адпаведнасць класнага пакоя і мэблі санітарным патрабаванням (тэмпература, паветраны рэжым, асвятленне класа і дошкі). Пры арганізацыі фізічнага складніка настаўнік абавязкова ўлічвае колькасць відаў вучэбнай дзейнасці, іх сярэднюю працягласць і частату чаргавання, метады навучання, месца і працягласць прымянення ТСН (у адпаведнасці з гігіенічнымі нормамі). Неабходнымі ўмовамі фізічнага складніка ўрока з’яўляюцца рухальны і зрокавы рэжымы. Калі школьнікі вывучаюць новы матэрыял, выконваюць практычную работу ці займаюцца тым, што патрабуе высокай канцэнтрацыі ўвагі, узнікае сітуацыя, падчас якой яны не могуць трывала засвоіць веды, звязаць новае з ужо знаёмым, зрабіць вывады. І вось тут на дапамогу прыходзіць фізкультхвілінка, якая ўзнімае настрой, разраджае абстаноўку. Асаблівае месца педагог адводзіць фізкультхвілінкам з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый.

Адна з задач здароўезберагальнага ўрока - захаванневысокай працаздольнасці і пазбаўленне ад стомленасці вучняў. Інтэнсіфікацыя школьнага навучання, павышэнне патрабаванняў да адукацыйнага працэсу вымушаюць выкарыстоўваць эфектыўныя сродкі і метады, якія павышаюць і ўтрымліваюць на належным узроўні разумовую працаздольнасць вучняў. Для гэтага ў 5 – 8 класах А.І.Сацюк звяртаецца да розных гульняў, гульнявых прыёмаў і сітуацый, што выступаюць сродкам заахвочвання і стымулявання дзейнасці.

- На занятках працоўнага навучання разам з набыццём практычных навыкаў вучні авалодваюць неабходным аб’ёмам тэхнічных ведаў, знаёмяцца з новымі паняццямі і тэрмінамі, - расказвае А.І.Сацюк. – Важнае значэнне ў прадукцыйным запамінанні адыгрывае тое, у якой форме яно працякае (міжвольнай ці адвольнай). Прадукцыйнасць адвольнага запамінання ў значнай ступені залежыць ад разумовай актыўнасці і самастойнасці ў працы. Вельмі часта для гэтага выкарыстоўваю крыжаванкі. Пры іх адгадванні запамінанне ажыццяўляецца як бы само па сабе, міжвольна, у выніку валявой і свядомай дзейнасці. У рабоце выкарыстоўваю простыя і складаныя крыжаванкі па асобных тэмах і нават цэлых раздзелах праграмы.

Адносіны на ўроку – гэта эмацыянальная прастора, якая ўключае адносіны паміж дзецьмі, вучнямі і настаўнікам. Нават сучасная мэбля будзе здавацца нязручнай, калі вучня пакрыўдзіў аднакласнік ці несправядліва “пакараў” словам педагог. Своечасова незаўважаны і непахвалены настаўнікам поспех вучня, нават нязначны, можа ўсё перакрэсліць. Пры падрыхтоўцы да ўрока педагогу варта памятаць, што ён павінен не толькі развіваць індывідуальныя здольнасці вучняў, але і захоўваць іх эмацыянальнае здароўе.

- Уваходзячы ў клас, заўсёды задумваюся, з якім настроем буду праводзіць урок, ці акажа мой эмацыянальны стан дабратворны ўплыў на псіхіку дзяцей, - адзначае А.І.Сацюк. – Агульнавядома, што псіхалагічны дыскамфорт і эмацыянальны стрэс з’яўляюцца прычынай многіх захворванняў. Для стварэння эмацыянальнага настрою выкарыстоўваю розныя псіхалагічныя ўстаноўкі. Для здароўезберагальнага ўрока вельмі важным з’яўляецца правядзенне рэфлексіі. Пры яе выбары ўлічваю мэту ўрока, змест і характар вучэбнага матэрыялу, узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў. Рэфлексійную дзейнасць праводжу не толькі ў канцы ўрока, але і на іншых яго этапах.

А.І.Сацюк вылучае рэфлексію настрою і эмацыянальнага стану, зместу вучэбнага матэрыялу і дзейнасці. Фізкультурныя і рэлаксацыйныя хвілінкі, псіхалагічныя трэнінгі і ўстаноўкі, пераключэнне ўвагі, змена відаў дзейнасці – усё гэта дазваляе дасягнуць канцэнтрацыі ўвагі, пазбегнуць стомы, набыць максімальныя веды. Ствараючы здароўезберагальны ўрок, настаўнік рыхтуе аснову, фон, выбірае крыніцы і сродкі яго рэалізацыі, неабходныя вучням. Ад таго, наколькі добра будзе прадумана ўзаемасувязь усіх частак урока і ўлічаны патрэбы кожнага вучня, залежаць камфортны фізічны і эмацыянальны стан дзяцей, станоўчая дынаміка іх пазнавальнай дзейнасці.

Вопыт А.І.Сацюк па ўкараненні здаровага ладу жыцця праз ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы па працоўным навучанні даў плён. Ён з’яўляецца выніковым і ў ліквідацыі эмацыянальных праблем школьнікаў. Выкарыстанне на ўроках розных інтэрактыўных, рухальных, развіццёвых, псіхалагічных гульняў і практыкаванняў, правядзенне рэфлексіі настрою і эмацыянальнага стану ў пачатку ўрока і ў канцы дзейнасці павышае ў дзяцей цікавасць да вучобы, абуджае жаданне да самастойнага авалодання ведамі. Вучні становяцца больш актыўнымі, лёгка спраўляюцца з заданнямі. У паводзінах дзеці спакойныя і стрыманыя. Пасля гульняў і практыкаванняў, накіраваных на пазбаўленне ад эмацыянальнага напружання, назіраецца зніжэнне страху, трывожнасці і агрэсіўнасці. Імкненне весці здаровы лад жыцця садзейнічае жаданню больш даведацца па прадмеце, уважліва і сістэматычна працаваць з падручнікам. У выніку паляпшаецца паспяховасць і якасць ведаў.

- Здароўе дзіцяці можна лічыць дасягнутай нормай, калі яно ў фізічным плане ўмее пераадольваць стомленасць, у сацыяльным – камунікабельнае, разумее гумар і ўмее жартаваць, у інтэлектуальным – праяўляе добрыя разумовыя здольнасці, дапытлівасць і ўяўленне, у эмацыянальным – ураўнаважанае, здольнае здзіўляцца і захапляцца, - падагульняе А.І.Сацюк.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі.