Дысцыпліна, узважаная аптымізацыя, кіраўніцкая кампетэнтнасць

15.03.2016
Адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, прысвечанае вынікам работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачам на бягучы. У калегіі прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Л.А.Цупрык.

Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі расказаў, што на Брэстчыне дзейнічаюць 483 дашкольныя ўстановы і 106 ВПК “дзіцячы сад – школа”, якія наведвае амаль 61 тысяча выхаванцаў. З мэтай аптымізацыі летась у вобласці былі закрыты 9 дашкольных устаноў і 2 ВПК “дзіцячы сад – школа”, 4 школы рэарганізаваны ў ВПК.

У мікрараёнах-новабудоўлях Брэста, Баранавіч і Пінска, а таксама ў Столінскім раёне адчуваецца дэфіцыт месцаў у дашкольных установах. Будаўніцтва аб’ектаў адукацыі адстае ад тэмпаў узвядзення жылля з-за іх высокага кошту. На чарзе ў дзіцячыя садкі знаходзіцца 10,5 тысячы дзяцей.

Сёлета ў горадзе над Бугам плануецца здаць у эксплуатацыю школу – сад на 471 месца і прыбудову да ясляў-сада № 36 на 100 месцаў. Для стварэння дадатковых месцаў з дашкольных устаноў у школы выводзяцца 1 класы, перапрафілююцца памяшканні, ушчыльняюцца групы. Вядзецца работа па адкрыцці новых форм дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя і вячэрнія групы, групы выхаднога дня і інш. Сёння ў 332 такіх групах (245 платныя) займаецца каля 3,2 тысячы дзяцей. У Брэсце дзейнічае шэраг прыватных арганізацый па аказанні адукацыйных паслуг для дашкольнікаў, але яны не вырашаюць праблему дэфіцыту месцаў. На жаль, адкрываць прыватныя дашкольныя ўстановы прадпрымальнікі не жадаюць.

У дашкольных установах працуе амаль 8 тысяч педагогаў, з іх каля 5,2 тысячы выхавальнікаў. Вышэйшую адукацыю маюць 66% педагогаў, вышэйшую профільную – каля 31% з іх, вышэйшую катэгорыю – каля 17%, першую – каля 39%. Дашкольныя ўстановы забяспечаны сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем на 74,4%.

Ю.М.Прасмыцкі адзначыў, што асноўныя намаганні ўсіх органаў кіравання адукацыяй накіраваны на вырашэнне пытанняў, звязаных з павышэннем якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Такую адукацыю забяспечвае 521 установа (391 сярэдняя школа, 26 гімназій, 5 ліцэяў і інш.). Працуюць 2 міжшкольныя ВВК. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі атрымліваюць веды каля 159 тысяч дзяцей, што на 2,3 тысячы больш, чым летась.

У мінулым годзе былі закрыты 9 школ і 9 рэарганізаваны. Працягваюць працаваць 8 школ з колькасцю вучняў да 25 чалавек і 53 школы з колькасцю вучняў ад 26 да 50.

- Галоўная задача агульнай сярэдняй адукацыі – падрыхтаваць да жыцця ўсіх вучняў, дапамагчы ім у прафесійным самавызначэнні, забяспечыць сацыяльную і прафесійную мабільнасць асобы, яе канкурэнтаздольнасць, - заўважыў Ю.М.Прасмыцкі. – З гэтай задачай паспяхова спраўляюцца высокакваліфікаваныя педагогі, каля 99% якіх маюць вышэйшую педагагічную адукацыю, каля 78% - вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

У бягучым навучальным годзе ў 201 установе агульнай сярэдняй адукацыі працуюць профільныя класы (групы), дзе вучыцца 4,5 тысячы дзяцей. У 10 установах дзейнічаюць педагагічныя класы (групы).

Летась выпускнікі школ вобласці паказалі на цэнтралізаваным тэсціраванні 36 стабальных вынікаў (у краіне – 277). Назіраюцца станоўчыя зрухі ва ўдзеле школьнікаў Брэстчыны ў алімпіядным руху. Так, калі ў 2014 годзе вучні атрымалі 58 дыпломаў, то летась 73. Найбольшую колькасць пераможцаў падрыхтавалі педагогі Брэста (25 дыпломаў), Баранавіч (21), Іванаўскага (5) і Лунінецкага (4) раёнаў.

Ю.М.Прасмыцкі звярнуў увагу на шэраг нявырашаных пытанняў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Самым актуальным з іх з’яўляецца забеспячэнне высокага ўзроўню якасці адукацыі. Так, не радуюць вынікі ўдзелу выпускнікоў у цэнтралізаваным тэсціраванні (у рэйтынгу вынікаў мінулагодняга ЦТ Брэстчына па большасці прадметаў займае 3 – 7 месцы), рэспубліканскіх і міжнародных адукацыйных мерапрыемствах (алімпіядах, канферэнцыях, турнірах). Гэта сведчыць пра недастатковую работу навучальных устаноў па павышэнні якасці адукацыі. Акрамя таго, школы недапрацоўваюць і ў прафарыентацыі. Дзевяцікласнікі неахвотна выбіраюць ПТНУ і ССНУ для атрымання рабочых прафесій (каля 13% і 14% выпускнікоў адпаведна). На жаль, не ва ўсіх раёнах гімназіі і ліцэі сталі эфектыўнымі цэнтрамі работы з высокаматываванымі вучнямі (гімназіі №№ 3 і 4 Брэста, гімназіі Камянца і Драгічына).

- Неабходна арганізаваць выніковую дапрофільную і дапрафесійную падрыхтоўку вучняў 8 – 9 класаў шляхам эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў факультатыўных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, забяспечыць інфармацыйна-тэхналагічнае ўзаемадзеянне рай(гар)аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі шляхам укаранення інструментаў “электроннай школы” і дыстанцыйнага суправаджэння дзейнасці ўстаноў адукацыі, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі.

Падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна ажыццяўляюць 23 ПТНУ і 4 ССНУ. Пералік спецыяльнасцей сфарміраваны ў адпаведнасці з патрэбамі галін эканомікі. На жаль, другі год запар план прыёму ва ўстановы прафтэхадукацыі не выконваецца (каля 95%). З планавымі заданнямі справіліся толькі 15 устаноў.

За апошнія гады значна знізілася актыўнасць заказчыкаў кадраў у арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі. Так, калі ў 2011 годзе заказы на мэтавае навучанне складалі каля 15% ад кантрольных лічбаў прыёму, то летась – амаль 3%. Скарацілася і колькасць навучэнцаў, якія жадаюць атрымаць спецыяльнасць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі (з-за павялічанага тэрміну адпрацоўкі, адсутнасці дадатковых сацыяльных і іншых гарантый з боку заказчыкаў).

Летась амаль 97% выпускнікоў ПТНУ і ССНУ атрымалі накіраванні на работу, каля 2% - даведкі аб самастойным працаўладкаванні з-за адсутнасці месцаў (упершыню за апошнія 9 гадоў). Адмовіліся ад заяўленых выпускнікоў арганізацыі будаўнічай і машынабудаўнічай галін, чыгуначнага транспарту.

Ва ўстановах прафтэхадукацыі практыкуецца дадатковае атрыманне кожным навучэнцам на платнай аснове любой кваліфікацыі, па якой ажыццяўляецца падрыхтоўка. Але гэтым правам штогод карыстаюцца толькі 14% навучэнцаў.

Штогод павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія атрымалі 4 і вышэй кваліфікацыйныя разрады. Разам з тым больш за 5% выпускнікоў атрымліваюць паніжаныя разрады.

У ПТНУ і ССНУ адкрываюцца запатрабаваныя спецыяльнасці. Павышэнне якасці падрыхтоўкі кадраў, удасканаленне прафесійных ведаў, вывучэнне новай тэхнікі і тэхналогій арганізавана ў рэсурсных цэнтрах вытворчага навучання. Сёння ў вобласці дзейнічаюць 6 такіх цэнтраў па 7 напрамках: машынабудаванне, грамадскае харчаванне, сантэхнічныя і зварачныя работы, сельскагаспадарчая вытворчасць, вытворчасць швейных вырабаў і дрэваапрацоўка.

Ю.М.Прасмыцкі вызначыў асноўныя задачы для сістэмы прафесійнай адукацыі: развіваць рэгіянальныя ўстановы прафесійнай адукацыі і фарміраваць аптымальныя аб’ёмы і структуры падрыхтоўкі з мэтай збалансаванага забеспячэння арганізацый-заказчыкаў кадраў, рэгіёнаў і галін маладымі рабочымі і спецыялістамі; пашыраць удзел арганізацый-заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых у адпаведнасці з перспектыўнымі патрэбамі інавацыйнага развіцця высокатэхналагічных галін эканомікі і сацыяльнай сферы, у тым ліку мэтавую падрыхтоўку кадраў; ствараць рэсурсныя цэнтры па профілях адукацыі; павышаць выніковасць выхаваўчых мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў, культываванне здаровага ладу жыцця і карыснага адпачынку.

Ю.М.Прасмыцкі засяродзіў таксама ўвагу на пытаннях, звязаных са спецыяльнай адукацыяй, аховай дзяцінства, сацыяльнай і выхаваўчай работай, эканомікай, пазабюджэтнай дзейнасцю і матэрыяльна-тэхнічнай базай сістэмы адукацыі.

Удзельнікі калегіі азнаёміліся з асаблівасцямі фінансавання сістэмы адукацыі Баранавіч, сістэмай ацэньвання дзейнасці ўстаноў адукацыі Іванаўшчыны, работай Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці па далучэнні дзяцей да карыснай дзейнасці, выкарыстаннем ІКТ у сярэдняй школе № 1 Жабінкі, вопытам міжведамаснага ўзаемадзеяння ў шосты школьны дзень на Століншчыне і напрацоўкамі сярэдняй школы № 1 Брэста па выхаванні дзяцей з АПФР ва ўмовах інтэграванага навучання.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л.А.Цупрык падзякаваў усім педагогам вобласці, якія ў складанай эканамічнай сітуацыі дэманструюць вытрымку, прафесіяналізм і творчы пошук. Асаблівую ўвагу Леанід Аляксандравіч акцэнтаваў на ролі кіраўнікоў і задачах, якія ім неабходна вырашаць у першую чаргу: “Да эканоміі варта падыходзіць разумна, а да аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі і іх рэарганізацыі ўзважана. Нельга бяздумна скарачаць кадры. Неабходна ствараць умовы для эфектыўнага выкарыстання сучасных тэхналогій навучання. Трэба ўсяляк падтрымліваць не толькі адораную моладзь, але і таленавітых педагогаў. Іх вопыт каштоўны і запатрабаваны. Кіраўнікі павінны старанна вырошчваць і захоўваць добрыя кадры, а не зацыклівацца на матэрыяльна-тэхнічных праблемах, ператвараючыся ў загадчыкаў гаспадаркі. Дысцыпліна і парадак ва ўстановах адукацыі – адна з умоў прафесійнага доўгажыхарства кіраўнікоў і іх далейшага кар’ернага росту”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.