Юныя аматары навукі

19.02.2016
На Брэстчыне падвялі вынікі абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Арганізатарамі мерапрыемства, якое праходзіла на базе сярэдняй школы № 1 Драгічына, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Канферэнцыя праводзілася ў 15 секцыях сярод вучняў 8 – 11 класаў і навучэнцаў ПТНУ з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця адоранай моладзі, рэалізацыі пазнавальных інтарэсаў, інтэлектуальных і творчых здольнасцей, удасканалення культуры навуковых даследаванняў і фарміравання культуры вядзення навуковай дыскусіі, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага аддзела агульнаадукацыйных вучэбных прадметаў Брэсцкага абласнога ІРА С.М.Саяпіна. – Абароне работ папярэднічаў адборачны этап, у якім удзельнічала 327 работ. Да заключнага этапу было дапушчана 60% з іх. Дыпломы атрымалі 134 работы.

Пры ацэньванні даследаванняў журы звяртала ўвагу на ступень іх самастойнасці, грамадска-карысную накіраванасць і практычную значнасць, творчы характар, абгрунтаванасць высноў, дакладнасць, лаканічнасць і лагічнасць выкладання матэрыялу. Аналіз работ паказаў іх шырокі тэматычны дыяпазон, актуальнасць і глыбіню.

Па выніках канферэнцыі дыпломы І ступені атрымалі Антон Завалюк з гімназіі № 2 Баранавіч (“Атрыманне наначасціц металаў”), Данііл Падбярэзны з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (“Люмінафоры на аснове шчолачназямельных металаў”), Кацярына Ляўковіч з сярэдняй школы № 16 Баранавіч (“Уплыў абіятычных фактараў на дынаміку летняй актыўнасці жужаляў”), Ангеліна Зосіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца (“Даследаванне ступені назапашвання і ўтрымання радыенукліда цэзію-137 у сартах суніцы садовай, якія вырошчваюцца на тэрыторыі Лунінецкага раёна”), Кацярына Калтуновіч з Адрыжынскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна (“Стварэнне робата”), Яўген Ігнацюк з гімназіі Кобрына (“Электронны тэрмометр з LPT-інтэрфэйсам”), Марыя Раманчанка, Андрэй Раманюк і Міхаіл Палівода з гімназіі № 5 Брэста (“Рашэнне задачы “Часціцы”), Ілья Лазоўскі і Марыя Калінчук з сярэдняй школы № 8 Кобрына (“Частата ўзнікнення канечных паслядоўнасцей у бясконцай паслядоўнасці”), Настасся Васілевіч з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч (“Даследаванне ўласцівасцей шакаладу і яго ўплыў на арганізм чалавека”), Дзяніс Усовіч і Давід Такарчук з Чэрнінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна (“Канструяванне робата, які рухаецца па лініі”), Дар’я Качан з гімназіі № 1 Брэста (“Значнасць развіцця валанцёрскай сеткі як сродку прыцягнення турыстаў у родны горад”), Вольга Чарнецкая з ліцэя Жабінкі (“Аналіз шляхоў утварэння і спосабаў перапрацоўкі цвёрдых бытавых адходаў у Беларусі і Германіі”), Ганна Канцэвіч з гімназіі № 5 Брэста (“Іспанскія і беларускія прымаўкі як спосаб адлюстравання нацыянальнага характару”), Лізавета Мядзведзь з Агароднікаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна (“Супастаўляльны аналіз фразеалагізмаў з лікавым кампанентам (на матэрыяле рускай і беларускай мовы)”), Любоў

Мітрафанава з гімназіі Іванава (“Праўда пра вайну ў рамане В.Астаф’ева “Пракляты і забіты” і рамане Э.М.Рэмарка “Час жыць, час паміраць”), Валерыя Купцова і Марыя Орсіч з сярэдняй школы № 7 Баранавіч (“Асаблівасці перакладу аповесці Э.Хемінгуэя “Стары і мора” з англійскай на беларускую мову”), Ніно Квернадзэ з гімназіі Ляхавіч (“Міфалогія ў беларускіх прыказках”), Альбіна Асійчук з Загорскага дзіцячага сада – базавай школы Пружанскага раёна (“Школьная адукацыя Пружаншчыны ў час фашысцкай акупацыі 1941 – 1944 гадоў”), Ганна Казека з сярэдняй школы № 4 Іванава (“Музыка вакол нас…”), Павел Дехцярук і Лізавета Манжына з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава (“Электронны фізіка-геаграфічны атлас Брэсцкай вобласці”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.