Формула поспеху мікашэвіцкіх педагогаў

06.02.2016
Праблема развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу вучняў з’яўляецца надзвычай актуальнай. Грамадству патрэбны высокаэрудзіраваныя, актыўныя і крэатыўныя асобы. Не кожны чалавек здольны рэалізаваць свае здольнасці. Задача школы – садзейнічаць раскрыццю здольнасцей дзяцей, падтрымліваць і развіваць іх, дапамагчы самарэалізавацца.

Работа Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна па развіцці інтэлектуальна-творчага патэнцыялу вучняў ажыццяўляецца ў рамках праграмы “Адораныя дзеці”. Педагогі ўстановы адукацыі імкнуцца максімальна развіць уменні, навыкі і пазнавальныя здольнасцей усіх вучняў незалежна ад ступені іх адоранасці і таленавітасці.

- Сістэма работы ў гэтым напрамку складаецца з розных напрамкаў дзейнасці, - гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі

А.М.Вабішчэвіч. – Важным складнікам гэтай работы з’яўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей, якое пачынаецца на І ступені навучання. Назіранні, псіхолага-педагагічныя даследаванні, класічныя тэсты Савенкава “Карта адоранасці”, прагрэсіўныя матрыцы Равена, тэсты Кеттэла і Айзенка, структура інтэлекту паводле Гарднера і іншыя матэрыялы дапамагаюць вывучыць пазнавальныя інтарэсы, схільнасці і здольнасці вучняў. На іх аснове распрацоўваюцца індывідуальныя адукацыйныя маршруты гімназістаў, якія адлюстроўваюцца ў асабістых партфоліа і гімназічным банку даных адораных дзяцей. Трэнінгавыя, індывідуальныя і групавыя заняткі з вучнямі, педагогамі і бацькамі садзейнічаюць развіццю і карэкцыі іх асобасных якасцей, паводзін і ўзроўню ўзаемадзеяння.

Па словах А.М.Вабішчэвіч, адной з эфектыўных форм работы з’яўляецца ментарства (індывідуальнае кіраўніцтва), якое асабліва важна захоўваць пры пераходзе вучняў з адной ступені навучання на іншую. Усталяванне цеснага ўзаемадзеяння настаўніка пачатковых класаў, дзіцяці і настаўніка-прадметніка надзвычай карыснае. Кожны педагог гімназіі мае індывідуальны план работы з адоранымі вучнямі.

- Адным з важных складнікаў сістэмы работы з’яўляецца прафесійны ўзровень педагагічных кадраў, - заўважае А.М.Вабішчэвіч. – Для якаснага і эфектыўнага развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу вучняў патрэбны не настаўнік-транслятар інфармацыі, а арганізатар – прафесійна дасведчаны, высокамаральны і эрудзіраваны педагог, які выступае правадніком перадавых педагагічных тэхналогій і здольны да эксперыментальнай, навуковай і творчай дзейнасці. Для гэтага навучанне педагогаў павінна быць бесперапынным.

Асаблівасцю метадычнай работы гімназіі з’яўляецца практыка-арыентаваная дзейнасць па развіцці і ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагога-даследчыка і педагога-наватара. Найбольш распаўсюджаныя формы гэтай работы – семінары-практыкумы, майстар-класы і педагагічныя дыялогі. У гімназіі праводзяцца педагагічныя чытанні “Творчасць. Наватарства. Вопыт” па выніках самаадукацыйнай дзейнасці педагогаў, тыдні педагагічнага майстэрства “Профі”, конкурсы прафесійнага майстэрства настаўнікаў, агляды-конкурсы на лепшы вучэбны кабінет і лепшую метадычную распрацоўку “Формула поспеху”. Дзякуючы гэтаму педагогі знаходзяцца ў актыўным пошуку эфектыўных метадаў і тэхналогій навучання. Такія формы работы садзейнічаюць прафесійнаму росту і ўдасканаленню настаўнікаў, якія ўдзельнічаюць у дыстанцыйных курсах, рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах, канферэнцыях і праектах, конкурсах метадычнага і прафесійнага майстэрства, а таксама ў інавацыйнай дзейнасці.

- Адна з задач метадычнай службы – садзейнічаць абагульненню і распаўсюджванню эфектыўнага педагагічнага вопыту, - адзначае А.М.Вабішчэвіч. – За апошнія 5 гадоў абагулены вопыт работы 12 педагогаў, у тым ліку і на раённым узроўні. У “Настаўніцкай газеце”, часопісах “Народная асвета” і “Кіраванне ў адукацыі” апублікаваны 28 матэрыялаў аб дзейнасці мікашэвіцкіх педагогаў.

Адміністрацыя гімназіі на чале з дырэктарам С.П.Высоцкім імкнецца развіваць карпаратыўную культуру педагогаў. Ва ўстанове дзейнічаюць кодэкс гонару настаўніка, дошка славы і галерэя эфектыўнага педагагічнага вопыту на гімназічным сайце, праводзяцца шматлікія мерапрыемствы па папулярызацыі педагагічнай працы. Усё гэта стварае добрую аснову для паспяховай работы з кадрамі (амаль 85% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю).

- Арганізацыя вучэбнага працэсу з’яўляецца асноўным, але не адзіным напрамкам работы па стварэнні аптымальных умоў для развіцця інтэлектуальна-творчых здольнасцей гімназістаў, - гаворыць А.М.Вабішчэвіч. – Гэтая работа ўключае нестандартныя ўрокі і заданні, стварэнне развіццёвага асяроддзя ў рамках кожнага вучэбнага прадмета, далучэнне дзяцей да вучэбна-даследчай і праектнай дзейнасці, самастойную работу і работу з дадатковай літаратурай і інш.

Педагогі імкнуцца працаваць на аснове эўрыстычнага метаду навучання як асноўнага сродку развіцця тэарэтычнага мыслення. Дыскусійныя формы работы, адмаўленне ад рэпрадукцыйнага метаду, творчы пошук новых спосабаў дзейнасці вядуць педагогаў да якасна новага ўзроўню работы з вучнямі. Настаўнікі набылі карысны вопыт пры рэалізацыі інавацыйных праектаў па вывучэнні і ўкараненні кантрольна-ацэначнай дзейнасці педагогаў і дзяцей, метапрадметнага падыходу ў навучанні.

- Інтэлектуальныя і творчыя здольнасці вучняў развіваюцца не толькі праз вучэбныя і факультатыўныя заняткі, але і пазакласную работу па прадмеце (прадметныя і тэматычныя тыдні, конкурсы, алімпіяды), - расказвае А.М.Вабішчэвіч. – Выкарыстоўваюцца і інавацыйныя формы работы. Так, у рамках тыдня метапрадметнага зместу “Свет вакол мяне” ў гімназіі праходзіць эўрыстычная алімпіяда сярод вучняў 1 – 11 класаў. Асаблівасць алімпіяды заключаецца ў тым, што яна выходзіць за асноўны змест пэўнай прадметнай галіны. Удзельнікі эўрыстычнай алімпіяды спаборнічаюць не ва ўменні рашаць цяжкія задачы, а ў здольнасці вынаходзіць і адкрываць новае, прапаноўваць уласныя версіі, канструяваць мадэлі, выяўляць заканамернасці.

Важнае месца ў сістэме інтэлектуальна-творчага развіцця вучняў займае дзейнасць навуковага таварыства “Пазнанне”, накіраваная на падтрымку адораных дзяцей, іх інтэлектуальнай самастойнасці і ініцыятыўнасці. Колькасць членаў таварыства, работа якога ажыццяўляецца па секцыях, павялічваецца з году ў год.

Па словах А.М.Вабішчэвіч, вялікай папулярнасцю ў вучняў карыстаецца штогадовая гімназічная навукова-практычная канферэнцыя. Лепшыя работы ўдзельнічаюць у раённых конкурсах “Даследчыкі” і “З навукай у будучыню”.

Асаблівае значэнне адыгрывае сістэма дадатковай адукацыі, накіраваная на пашырэнне адукацыйных і выхаваўчых магчымасцей гімназіі, асобаснае, сацыякультурнае і прафесійнае самавызначэнне вучняў, далучэнне іх да розных відаў творчай дзейнасці. Штогод ва ўстанове працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Эрудыт”, “Юны даследчык”, “Музеязнаўства”, “Юныя літаратары”, “Юныя эколагі”, “Сайт сваімі рукамі” і інш.

Гімназія актыўна супрацоўнічае з УВА, у прыватнасці з БДПУ імя Максіма Танка, ГДМУ і БарДУ. Старшакласнікі вучацца на факультэтах даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, дзе спасцігаюць прадметы з выкарыстаннем практычнай базы УВА, удзельнічаюць у розных алімпіядах і конкурсах. Штогод студэнтамі становяцца 95% выпускнікоў.

На базе гімназіі створаны раённы рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд. Падчас работы летняга профільнага лагера праводзяцца лекцыйныя і практычныя заняткі па хіміі, біялогіі, фізіцы і матэматыцы з удзелам выкладчыкаў УВА. Гэта прыносіць плён. Штогод высокія вынікі ў алімпіядным руху дэманструюць выхаванцы настаўніка фізікі і астраноміі У.У.Зылевіча, настаўніцы матэматыкі Р.У.Сінькевіч, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Т.І.Гваздзіцкай, настаўніцы хіміі Т.А.Сулкоўскай і настаўніцы біялогіі А.А.Аляксюк.

- Вялікую папулярнасць набываюць розныя формы дыстанцыйнага навучання, - заўважае А.М.Вабішчэвіч. – Гімназісты наведваюць заняткі завочнай абласной школы эколагаў Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, рэспубліканскага навуковага таварыства “Даследчык” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, біялагічнага факультэта БДУ і Інстытута меліярацыі НАН Беларусі, удзельнічаюць у інтэрнэт-алімпіядах і дыстанцыйных уроках. Улічваючы аддаленасць ад абласнога цэнтра і сталіцы, такія формы работы дапамагаюць наблізіцца да перадавых ведаў, пазбавіцца ізаляванасці і быць канкурэнтаздольнымі.

Пазаўрочная дзейнасць гімназіі складаецца з цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Ва ўстанове праводзяцца інтэлектуальныя гульні “Клуб эрудытаў”, інтэлектуальныя марафоны і турніры “Вучань года” сярод адзінаццацікласнікаў. Штогод ладзіцца ўрачыстая цырымонія ганаравання пераможцаў прадметных алімпіяд, інтэлектуальных і творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў “Лесвіца поспеху”. Шмат увагі ўдзяляецца развіццю літаратурнай дзейнасці вучняў. Толькі за апошнія 5 гадоў былі выпушчаны 16 дзіцячых зборнікаў на рускай і беларускай мовах.

- Кожны чалавек таленавіты па-свойму, у кожнага ёсць пэўны творчы патэнцыял. Але магчымасць тварыць – гэта не талент, а ўменне, якое неабходна развіваць. Нашы педагогі імкнуцца ўбачыць у кожным дзіцяці пэўныя здольнасці. Сістэмная работа ў гэтым напрамку дапамагае падтрымліваць у вучнёўскім і настаўніцкім калектывах атмасферу творчага пошуку, пазітыўнага псіхалагічнага клімату і паспяховай матывацыі, - падагульняе А.М.Вабішчэвіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.